Нарэшце ў сярэдзіне сту-дзеня і да нас завітала сапраўдная зіма.Амаль кожны дзень выпадае снег. А крыху ўзмоцніцца вецер – сняжыначкі-пушыначкі пачынаюць віраваць у паветры, спачатку асядаюць у ямах і калдобінах, утвараючы потым сумёты і заносы на вуліцах і дарогах.
Асабліва радуюцца снегу дзеці. Яны катаюцца на санках, лыжах, лепяць снегавікоў… А вось у работнікаў жыллёва-камунальнай службы, наадварот, спраў і клопатаў прыбавілася. Галоўны іх цяпер абавязак – расчыстка ад снегу дарог і вуліц.
– Зіма знянацку нас не застала , – гаворыць майстар раённай жыллёва-камунальнай гаспадаркі Мікалай Мікалаевіч Шумік.—Усяго ў нас ёсць 16 адзінак рознай тэхнікі для барацьбы са снегам. Радуе і той факт, што мы своечасова нарыхтавалі 950 тон спецыяльных солева-пясчаных сумясей для пасыпкі дарог і 100 тон пяску для пасыпкі тратуараў у час галаледзіцы. Словам, нашы работнікі будуць прыкладаць усе намаганні, каб гараджане, выйшаўшы на вуліцу, не адчувалі ніякіх нязручнасцей. Аднак хацелася б, каб і ўладальнікі асабістых дамоў наводзілі ля іх належны парадак. Толькі агульнымі намаганнямі мы зможам перамагчы снежную стыхію.
Калі, скажам, моцны снегапад пачынаецца ноччу, камунальнікі не чакаюць раніцы, а адразу выводзяць грэйдзеры і іншую тэхніку на вуліцы горада. Прымаюцца ўсе меры, каб да пачатку працоўнага дня вуліцы і тратуары расчысціць ад снежных заносаў…
Юрый СЯРГЕЙ
Фота аўтара