spot_img

ДРАГІЧЫНШЧЫНА Ў ГАДЫ АКУПАЦЫІ

Дата:

Хутка бяжыць час, мінаюць дзесяцігоддзі, але падзеі Вялікай Айчыннай вайны па-ранейшаму выклікаюць неаслабны інтарэс. І кожнае пакаленне людзей па-новаму асэнсоўвае гераічныя і трагічныя старонкі ваеннага ліхалецця, аддае належнае бессмяротнаму подзвігу пераможцаў, атрымлівае ўрокі з мінулага для сучаснасці і будучыні.

Што такое фашызм і яго акупацыя зведалі ўсе, хто апынуўся пад уладай гітлераўцаў і іх памагатых.
Тэрыторыя Драгічыншчыны знаходзілася пад акупацыяй нямецкіх галаварэзаў з 25 чэрвеня 1941-га па 17 ліпеня 1944 года.
Драгічынскі раён першапачаткова ўваходзіў у Пінскую абласную акругу (гебіт), а з 1 снежня 1941 года – у Кобрынскую генеральнай акругі “Валынь-Падолія” рэйхскамісарыята “Україна”. Раён дзяліўся на воласці.
У абласных акругах дзейнічалі акруговыя камісарыяты на чале з гебіткамісарамі. Гебіткамісарам Кобрынскай акругі быў Панцыр. У раёнах дзейнічалі ўправы на чале з бургамістрамі (пазней – начальнікі раёнаў). У валасцях прызначаліся валасныя старшыні, а ў вёсках – старасты. Апарат раённых і валасных упраў і стараст фарміраваўся з лаяльна настроеных да акупацыйных улад мясцовых асоб.
У Драгічые, Хомску, Брашэвічах, Закозелі, Валаўлі, Осаўцах, Папіне, Ляхавічах, Бездзежы былі створаны паліцэйскія ўчасткі.
Жыццё насельніцтва на акупіраванай тэрыторыі строга рэгламентавалася і кантралявалася. Згодна распараджэння камісара Кобрынскай акругі Панцыра, з 1 студзеня 1942 года знаходжанне людзей на дарогах і ў вёсках устанаўлівалася да 19 гадзін, а з 16 жніўня да 31 снежня гэтага ж года – да 21 га-дзіны.
Шэфы раёнаў прызначалі на 5 кіламетраў дарогі вартаўніка, які павінен быў адказваць за яе стан. З 10 кастрычніка 1941 года быў праведзены агульны перапіс насельніцтва, жывёлы, сельгасінвентару і прадуктаў сельскай гаспадаркі Кобрынскай акругі. Людзі павінны былі здаваць уладам воўну і шкуры. На збор ягад і грыбоў трэба было атрымаць дазвол і купіць спецыяльны талон.
З 1942 года на тэрыторыі рэйхскамісарыята “Україна” ўвайшлі ў абарот карбованцы. Насель-ніцтва павінна было плаціць шматлікія падаткі. Быў устаноўлены нават падатак на сабак, які складаў 150 рублёў у год на адну жывёліну.
З 21 мая 1942 года грамадзянскаму насельніцтву забаранялася наведваць кіно ў аўторак, сераду і чацвер, бо ў гэтыя дні абслугоўваліся толькі прадстаўнікі нямецкага войска.
Па распараджэнню рэйхскамісарыята Украіны Э.Коха ад 20 сакавіка 1941 года грэка-праваслаўныя святы лічыліся буднімі днямі, за выключэннем Ражства Хрыстова (7,8 студзеня), Новага года (14 студзеня) і Вялікадня (2 дні). Раённыя бургамістры маглі на падставе выдадзеных нямецкімі ўладамі распараджэнняў караць вінаватых штрафамі да 200 карбованцаў, або прымяняць да іх прымусовыя работы да двух тыдняў у працоўных лагерах у Кобрыне ці Драгічыне.
Сяляне і іншыя мясцовыя жыхары, якія давалі прытулак ваеннапалонным, арыштоўваліся і перадаваліся паліцэйскаму суду.
Калгасы, што былі створаны ў раёне перад вайной, распусцілі. Аднаўляліся былыя памешчыцкія маёнткі, у якія вярталіся гаспадары. Так, у Закозель вярнуўся былы памешчык Талочка, былы асаднік А.Бераставіцкі. Новаяўленыя гаспадары, кулакі і асаднікі грабілі сялян. У іх адбіраліся зямля, жывёла, інвентар. Нямецкім уладам сяляне павінны былі здаваць каровы, свінні, бульбу, сена, салому.
Асабліва пільная ўвага надавалася збору ўраджаю і здачы яго гітлераўцам. Сельскія аграномы, старасты, войты строга папярэджваліся аб своечасовым правядзенні веснавых палявых работ. Калі хто-небудзь гэтага не выконваў, яго каралі як сабатажніка. Для здачы малочных прадуктаў ствараліся малаказборныя пункты. Яны дзейнічалі ў Антопалі, Зёлаве, Дзеткавічах, Драгічыне.
Па Дняпроўска-Буг-скаму каналу нямецкія судны вывозілі з Драгічыншчыны лес, зерне, іншыя прадукты харчавання, торф і сельгастэхніку.
Эканамічнае прыгнечанне ўзмацнялася не менш цяжкім духоўным. Акупанты ставілі мэтай знішчыць культуру беларускага народа, закрыць яму доступ да адукацыі.
Адной з адметных рыс адукацыйнай палітыкі на тэрыторыі Драгічынскага раёна стала ўкранізацыя школы. Афіцыйна дзяржаўнымі мовамі былі абвешчаны нямецкая і ўкраінская. У 1941-1942 гадах у раёне дзейнічалі 4-класныя школы. У іх вывучаліся ўкраінская мова, арыфметыка, прырода-знаўства, спевы, фізкультура і праца. Заняткі пачыналіся і заканчваліся малітвай. У наступныя гады большасць школ перастала дзейнічаць.
Галоўным сродкам ажыццяўлення генеральнага плана “Ост” з’яўлялася палітыка генацыду – планамернае знішчэнне славянскага насельніцтва. Для рэалізацыі гэтага плана гітлераўцы выкарыстоўвалі цэлую сістэму мер: заложніцтва, аблавы, пагромы, турмы, карныя экспедыцыі, лагеры смерці, расстрэлы і г.д.
За гады акупацыі ў Драгічынскім раёне было знішчана і замучана 6269 жыхароў. Поўнасцю або амаль поўнасцю былі спалены вёскі Вулька Папінская, Вялікі Лес, Галік, Дробаты, Лавы, Навасёлкі, Сварынь, Сорацні, Сулічава, Тыневічы, Хідры, Хомск, Ямнік – усяго 13 населеных пунктаў.
Трагічны лёс напаткаў мясцовых яўрэяў. У Дра-гічыне і Антопалі былі створаны гета. У 1942 го-дзе насельніцтва гета было знішчана: у Драгічыне расстралялі 3816 яўрэяў, у Антопалі – 2500. У Хомску акупанты знішчылі 2000 яўрэяў.
З раёна было вывезена ў германскае рабства 1770 чалавек. На сённяшні дзень іх у жывых засталося 294. Дзевяць нашых землякоў выжылі пасля канцэнтрацыйных лагераў смерці.
Сёлета мы будзем адзначаць 65-годдзе Перамогі над фашысцкай Германіяй. На жаль, ужо ніколі не вярнуць тых, хто загінуў у гады вайны. Але мы павінны памятаць аб тых жудасных гадах фашысцкай акупацыі, каб гэтая трагедыя ніколі не паўтарылася.

Таццяна КАЛТУНЧЫК,
настаўніца гісторыі.

Предыдущая статья
Следующая статья

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Наркокурьера-иностранца задержали в Брестской области

Правоохранители Брестской области задержали наркокурьера-иностранца. В поле зрения сотрудников наркоконтроля...

ЦИК принял документы для регистрации Лукашенко кандидатом в Президенты Беларуси

ЦИК принял документы для регистрации действующего Президента Республики Беларусь...

Жительницу Дрогичинского района осудили за неуплату алиментов

В выездном заседании суда Дрогичинского района было рассмотрено уголовное...

Охрана объектов – дело женское

Валентина Подкасик двадцать седьмой год трудится сторожем в Дрогичинском отделении...