Добра, калі чалавек валодае роднай мовай. Асабліва прыемна, калі знаёмства з ёй адбываецца яшчэ ў маленстве.
У дзіцячым садку № 3 г. Драгічына ўжо не першы год працуе беларускамоўная група, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі кожны дзень чуюць родныя мілагучныя словы. Мне вельмі захацелася пазнаё-міцца з гэтымі дзеткамі. Таму на днях я завітала да іх у госці. У трэцяй групе дваццаць адзін чалавек. Вопытная выхавальніца Зоя Міхайлаўна Шэйка не толькі сочыць за тым, каб выхаванцы былі дагледжаны і накормлены, але і актыўна знаёміць іх з беларускай мовай.
… Зоя Міхайлаўна сустрэла нас у нацыянальным касцюме. Жанчына, нягле-дзячы на тое, што знаходзілася ў водпуску, прыйшла наведаць сваіх выхаванцаў. Дзетвара, якая адпачывала на вуліцы, з радасцю кінулася да сваёй “другой маці”, па якой ужо паспела засумаваць. “Зоя Міхайлаўна, якая вы прыгожая!”, – тулячыся да жанчыны, кажа дзяўчынка ў жоўтай сукенцы.
З выхаванцамі групы нумар тры мы пасябравалі хутка. Ім споўнілася толькі па тры-чатыры гады, а яны ўжо з вялікім жаданнем пазнаюць беларускую мову. І нават папраўляюць бацькоў, калі тыя замест “добры дзень” кажуць рускае “здравствуйте”.
У мінулым годзе, калі дзеці толькі прыйшлі ў яслі, Зоя Міхайлаўна старалася, каб беларуская мова была ў іх заўсёды на слыху. Гэтая цудоўная жанчына развучвала з малымі лічылкі, праводзіла гульні, чытала казкі беларускіх пісьменнікаў. Зараз, калі рабяткі сталі на год старэйшымі, выхавальніца пачала размаўляць з імі на роднай мове. Зоя Міхайлаўна вельмі любіць і шкадуе сваіх выхаванцаў. Любіць і шануе яна і беларускае слова. “Мне падабаецца, што бацькі с задавальненнем прыводзяць сваіх дзетак у нашу групу. А я з радасцю знаёмлю іх з мовай. Цудоўна, калі малыш яшчэ ў садку мае магчымасць навучыцца размаўляць не толькі па-руску, але і авалодаць сваёй, нацыянальнай мовай. Я працую ўжо чацвёрты год у такой групе і бачу, што не дарэмна. Дзяўчынкі і хлапчукі пачынаюць разумець беларускую мову і нават ужо размаўляць на ёй. І мне, як выхавальніцы, гэта вельмі-вельмі прыемна!”, – гаворыць Зоя Міхайлаўна.
…Праз два гады выхавальнікі групы нумар тры пойдуць у школу. І як хораша, што да гэтай пары буквар для іх стане добрым сябрам, а беларуская мова – сапраўды роднай!..
Ганна ГАЛЁТА
На здымку: З.М. Шэйка разам са сваімі выхаванцамі.
Фота Юрыя СЯРГЕЯ