Апошнім часам немалая ўвага з боку нашых чытачоў надаецца беларускамоўным матэрыялам, якія не толькі апублікаваны на старонках газеты, але і з’явіліся на сайце “Драгічынскага весніка”ці ў сацыяльных сетках. Часцей за ўсё пачынаюцца такія каментарыі са шчырага …абурэння адносна таго, што артыкул напісаны “незразумелай мовай”. Яскравым сведчаннем таму стала дыскусія ў “Аднакласніках”, якая разгарнулася ў ходзе абмеркавання карэспандэнцыі пад назвай “Філолаг-іспанец вывучае палескія дыялекты” (апублікавана ў “Драгічынскім весніку” № 51 ад 2 ліпеня бягучага года). Вось такім быў пачатак віртуальнага дыялогу (захоўваецца моўны і граматычны арыгінал аўтараў водгукаў).
“Валентина:
Газета! А можно было статью на русском написать, ведь не все же знают белорусский язык, с удовольствием прочла бы, но что там написано, надо догадаться.
Алла:
А вам не стыдно в этом признаваться?
Людмила:
Ничего себе беларусы!!!
Федор ответил Валентине:
Изучайте!!! На каком основании в Белоруссии газеты должны выходить на русском. В России не издаются газеты на белорусском, хотя белорусский язык является славянским. Я живу не в Белоруссии, а читаю на белорусском. Это высшая форма невежества к нации, требуя издание газет на другом языке.
Людмила:
Вполне согласна с предыдущим оратором! Ведайце сваю родную мову!..”
Найперш парадавала тое, што сярод нашых чытачоў ёсць нямала прыхільнікаў беларускай мовы, хаця, мяркуючы па ўсім, у сваім паўсядзённым карыстанні яны ўсё ж аддаюць перавагу “великому и могучему русскому языку”. Перапіска паміж віртуальнымі суразмоўнікамі была даволі працяглай, і за гэты час яны паспелі: выказаць захапленне 26-гадоваму іспанцу Крысціяну Рансэра, які мае цікавасць да беларускай мовы і тутэйшай заходнепалескай гаворкі; паспрачацца наконт таго, якую мову трэба лічыць роднай у нашых мясцінах, дзе большасць жыхароў размаўляе на сваім адмысловым дыялекце; выказаць сваё меркаванне адносна будучыні мовы, якая суадносіцца з нашай нацыянальнай прыналежнасцю…
Але пакінем у спакоі дыялекты. Яны існуюць паўсюль, дзе мяжуюць розныя народы і нацыі. Да прыкладу, носьбіт класічнай англійскай мовы далёка не заўжды можа зразумець жыхара якой-небудзь сваёй правінцыі, дзе маўленне набыло непаўторнае мясцовае гучанне і каларыт. Так, па крайняй меры, сцвярджаюць тыя, хто быў там і ведае сітуацыю.
Пакінем у спакоі і рускую мову, бо хіба гэта не асалода – чытаць у арыгінале і разумець Пушкіна, Талстога, Дастаеўскага, Шолахава і многіх іншых аўтараў, якія сталі прызнанымі класікамі сусветнай літаратуры? Вернемся да беларускай – да той, што па нашай нацыянальнай прыналежнасці наканавана быць роднай мовай. Што перашкаджае нам дасканала ведаць яе і карыстацца ёй у штодзённым ужытку?
Адзін з неабыякавых аўтараў таго віртуальнага дыялогу ў “Аднакласніках” прыходзіць да наступнай высновы:
“Федор:
Белорусскому языку необходимо уделять больше внимания со стороны государства, только тогда он будет языком нации. Возьмите, к примеру, Россию. Она заинтересована, чтобы русский изучали в Украине, Белоруссии, Прибалтике, Средней Азии и т.д., не говоря о республиках, которые входят в состав России, хотя до революции этого языка почти не было. Они даже березе присвоили национальность, хотя никто не слышал, на каком она языке говорит и нет у нее паспорта. Белорусы должны знать – без языка нет нации. Литературный белорусский язык очень красивый, просто его все плохо знают, а когда язык плохо знаешь, он представляется трудным и некрасивым. Это происходит с любым языком, который малоизвестен. И еще: ни в каком государстве не бывает людей одной национальности, но в этом государстве этот язык, в другом государстве – другой...”
І з аўтарам гэтых радкоў сапраўды ў многім можна пагадзіцца, акрамя стандартнай спасылкі на дзяржаву. Бо апошнім часам стала самай заганнай і распаўсюджанай звычкай, што сваю духоўную ляноту, сваё нежаданне да самаўдасканальвання мы нярэдка апраўдваем адгаворкай: маўляў, “нас да таго афіцыйна не прымушаюць”. Але ж, як мне здаецца, насілле ніколі не спрыяла таму, каб нейкая справа была ў асалоду. Бо непрымальна, калі чалавеку нешта прыходзіцца рабіць пад прымусам, а значыць, з нелюбоўю. Удвая недапушчальна, калі тое тычыцца мовы. Гэта – з аднаго боку.
Але ёсць і другі бок справы: ці заўжды мы падтрымліваем і ахвотна падзяляем тое, што прапаноўваецца на дзяржаўным узроўні? Колькі разоў станавілася сведкай, з якім захапленнем бацькі паведамлялі адзін другому, што іх сын ці дачушка з першага класа пачалі авалодваць англійскай мовай. Затое з намнога меншай радасцю гаварылі пра тое, што выкладанне ў тым ці іншым класе вядзецца на беларускай мове. Больш таго: у сродках масавай інфармацыі пачалі з’яўляцца звесткі аб тым, што ў некаторых абласных цэнтрах школьныя беларускамоўныя класы набралі ўсяго па аднаму-два вучні? І гэта – не выбар дзяржавы, а ўласны выбар нашых суграмадзян. Ці не дзікунства?
Бо які народ у свеце яшчэ так непрыхільна ставіцца да сваёй галоўнай нацыянальнай і чалавечай каштоўнасці – да мовы? Усе ж разумеюць, што толькі на нямецкай мове можна да канца зразумець і ацаніць Гётэ і Шылера, на французскай – Экзюперы і Маруа, і толькі на беларускай – Караткевіча ці Быкава…
Выходзіць, што (свядома ці міжволі) мы выступаем за тое, каб нашы дзеці спасціглі і зведалі намнога менш з таго, што яны могуць. І што ім дадзена.
Насамрэч, мы абавязаны думаць і клапаціцца аб тым, каб дзяцінства было сытым, здаровым і дагледжаным. Але ж змагацца за тое, каб нашы нашчадкі спазналі на адну мову менш – хіба гэта не варварства? У адносінах – не гаворачы ўжо аб больш высокіх матэрыях – да ўласных дзяцей. Бо калі нам, тым, хто жыве на гэтай маляўнічай лапінцы зямлі, на раду наканавана быць беларусамі, то і ад мовы беларускай грэх адракацца. Хай будзе месца і хай заўжды чуецца ў нашых гарадах і вёсках і руская, і ўкраінская, і польская, і яўрэйская, і шмат якія яшчэ гаворкі, але…
Час ад часу нам усё-такі варта ўзгадваць нашых беларускіх аўтараў і іх пранікнёныя словы, якія пры цяперашнім стаўленні да нацыянальнай мовы могуць стаць прарочымі:
“І правіла прыдумалі не мы,
Што там,
Дзе не шануюць роднай мовы,
Мялеюць рэкі,
Нішчацца дубровы,
Каля магілак пасвяцца каровы,
Народ там мёртвы,
А той край – нямы…”
– напісаў у адным са сваіх вершаў Генадзь Бураўкін.
Хочацца спадзявацца, што гэта – не пра нас.
Галіна ШАФРАН