spot_img

Амаль два месяцы у невялічкай вёсцы Татар’я пражываў 26-гадовы іспанец

Дата:

Амаль два месяцы у невялічкай вёсцы Татар’я Імянінскага сельсавета, у звычайнай сялянскай сям’і, пражываў 26-гадовы іспанец Крысціян Рансэра.

Як аказалася, некаторы час таму назад малады іншаземец вучыўся ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя Пушкіна па спецыяльнасці “беларуская філалогія”, дзе захапіўся разнастайнасцю палескіх дыялектаў. Потым ён вярнуўся на радзіму, скончыў магістратуру, затым паступіў ў англійскі ўніверсітэт Сурэя і выйграў стыпендыю для напісання доктарскай дысертацыі. Тэмай для навуковага даследавання іспанец выбраў «Марфалогiю i фаналогiю заходнепалескiх гаворак». З мэтай вывучэння паляшуцкіх звычаяў і дыялектаў Крысціян наведаў многія аддаленыя вёскі Брэстчыны, у тым ліку – і Татар’ю.

Каб лепш спазнаць быт палешукоў і пачуць тутэйшую гаворку ў яе звыклым паўсядзённым ужыванні, малады філолаг спыніўся на хутары пажылых вяскоўцаў Кацярыны Іванаўны і Мікалая Аляксандравіча Мацука, дзе правёў даволі значны адрэзак часу. На жаль, аб усім гэтым ў нашай рэдакцыі даведаліся з некаторым спазненнем, і самога Крысціяна Рансэра ў Татар’і я ўжо не застала. Ён накіраваўся далей, у глыбіню Палесся, каб прадоўжыць свае навуковыя даследаванні. Таму пра незвычайнага госця я папрасіла расказаць людей, якія падтрымлівалі з ім зносіны: Мікалая Аляксандравіча Мацука, сацыяльнага работніка, гаспадара дома, дзе пражываў іспанец, і Марыю Іванаўну Мамацюк, загадчыцу тутэйшай фермы, старасту вёскі Татар’я.

У прыватнасці, жанчына прыгадала, што неяк пры сустрэчы яна запытала госця: “Крысціян –гэта тваё поўнае імя. А як цябе называла мама?”

“Хрысцік”, – адказаў іспанец. З тае пары так і сталі яго ў Татар’і клікаць. А некаторыя з пажылых вяскоўцаў называлі даследчыка-вандроўніка Крэсцік.

Нягледзячы на тое, што малады філолаг валодаў іспанскай, англійскай, рускай і беларускай мовамі, у сваёй размове ён выкарыстоўваў палескі дыялект і прасіў вяскоўцаў гаварыць з ім на сваёй мясцовай мове. А яшчэ, як заўважае Марыя Іванаўна, ён імкнуўся даведацца і зразумець сэнс кожнай вясковай справы і кожнага слова ў яго тутэйшым гучанні…

“Да прыкладу, працуе трактар на бліжэйшым полі. Крысціян падыходзіць і цікавіцца, што за работу ён выконвае.

– Хімпраполку пасеваў праводзіць, –тлумачу іспанцу.

–Пустазелле поле, – адразу ўдакладняе, перакладаючы мае навуковае паясненне на тутэйшы лад, наш вясковы госць,” – расказвае М.І.Мамацюк.

Каб пачуць дыялектную мову ў яе паўсядзённым бытавым ужытку, Крысціян Рансэра з ахвотай далучаўся да звыклых сялянскіх спраў.

“ Бывала, збіраюся козам траву касіць – і ён напрошваецца ў памочнікі, стагую сена – і ён бярэцца дапамагаць… Не адразу і не ўсё ў яго рабоце атрымлівалася так, як належыць, але што тут здзіўляцца: ён жа гарадскі, а мы да сялянскай справы дзесяцігоддзямі прывыкалі, змалку на зямлі гаспадарыць вучыліся, – гаворыць М.А.Мацука. І дабаўляе: – Але ж хлопец ён вельмі добры, спакойны, тактоўны, прыветлівы. Усё цікавіўся нашымі звычаямі і гаворкамі: і сам хадзіў і ездзіў па навакольных вёсках, каб паслухаць, як людзі размаўляюць, і да мяне пажылыя аднавяскоўцы прыходзілі, каб тое, што памятаюць, расказаць…”

– А дзе і чым харчаваўся ваш госць, –пытаюся ў Мікалая Аляксандравіча.

– А што сабе гатавала гаспадыня, тым і яго кармілі. Ён ахвотна ўжываў тое , што яму прапаноўвалі: аладкі, сырнікі, тварог з казінага малака і варэнне…

Дарэчы, свае ўражанні аб вёсцы Татар’я і яе жыхарах Крысціян Рансэра агучыў у сваім электронным дзённіку. Перакладаючы яго з англійскай мовы, можна прачытаць наступнае:

“Узяў інтэрв’ю ў дзядзькі Колі. Калі ўпершыню пачуў, як ён гаворыць, то адразу захапіўся яго дыялектам: ён выкарыстоўвае амаль усе граматычныя структуры, якія я шукаў на працягу некалькіх месяцаў. Ён вельмі жыццярадасны, гаваркі і адкрыты…”– распавядае іспанец пра “дзядзьку Колю” – Мікалая Аляксандравіча Мацука– ў сваім дзённіку, удакладняючыся пры гэтым, што пайшло шмат часу на тое, каб угаварыць вяскоўца запісаць яго расказы…

У электронным дзённіку замежнага мовазнаўцы, удзельніка этнаграфічнай экспедыцыі ў нашай палескай глыбінцы Крысціяна Рансэра, чытаецца захапленне тым, што вяскоўцы ў Татар’і “займаюцца 100%-ым арганічным земляробствам”, і што гаспадыня, Кацярына Іванаўна, цудоўна гатуе, дзякуючы чаму ён “набраў некалькі кіло”, і што на Палессі ён сустрэў шмат адценняў аднаго і таго ж сэнсавага паняцця: “маюся робыты” , “робытыму”, “буду робыты” і г.д., і яму б хацелася ведаць, чым адрозніваюцца гэтыя моўныя структуры.

Таму, як мяркуе замежны прыхільнік палескіх дыялектаў, гэта быў толькі пачатак яго даследавання. Недарэмна сваю электронную старонку, прысвечаную вёсцы Татар’я і яе жыхарам, ён завяршыў цёплым і сардэчным: “Да пабачэння!”

Галіна ШАФРАН

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

В Дрогичинском районе стартовала акция “От всей души”

Сегодня, в рамках акции "От всей души" заместитель председателя...

Дом, в который хочется вернуться

Время неумолимо бежит вперед. Проходят годы, десятилетия, века… Меняются...

Как прошел новогодний бал во Дворце Независимости. Яркие детали и подробности праздника

В преддверии новогодних и рождественских праздников Зал торжественных церемоний...

Пособия семьям с детьми. Об изменениях и новациях рассказали в Минтруда и соцзащиты

Правительством внесен ряд изменений, касающихся государственных пособий семьям, воспитывающим...