Усебеларускі сход – вышэйшае праяўленне народаўладдзя, якое ўвасабляе ў сабе гістарычны вопыт і сучасныя тэндэнцыі дэмакратызму. Аб гэтым 6 снежня ва ўступным слове на IV Усебеларускім народным сходзе заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў беларускага лідара, Усебеларускі народны сход дае магчымасць не проста весці адкрытую, сумленную і зацікаўленую размову людзей і ўлады, але і прымаць рашэнні аб выбары стратэгіі развіцця дзяржавы. “Не келейна, а галосна, не ў кабінетах, а з шырокім удзелам усіх слаёў насельніцтва”, – падкрэсліў Прэзідэнт.
Беларусь у 2011-2015 гадах павінна ўвайсці ў лік 50 краін з найвышэйшым індэксам развіцця чалавечага патэнцыялу. Узровень і якасць жыцця чалавека вызначаюць пяць важнейшых складальнікаў: паўнацэнная сям’я, здароўе, адукацыя, рэальныя даходы, камфортнасць жыцця. Менавіта праз іх праламленне варта разглядаць усю праграму на чарговую пяцігодку.
Беларусь павінна стаць па-сапраўднаму моцнай. “Праграма, з якой мы выходзім на гэты сход, – гэта беспрэцэдэнтныя тэмпы росту эканомікі і дабрабыту народа. Інакш нельга, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – У сучасным свеце паважаюць моцных і лічацца толькі з моцнымі”.
У Беларусі дзякуючы ўласнай мадэлі развіцця ўдалося прадухіліць наступствы крызісу, якія давялося зведаць большасці краін свету. За мінулыя пяць гадоў краіна зрабіла каласальны рывок у сацыяльна-эканамічным развіцці. Нягледзячы на цяжкасці, усе абяцанні, дадзеныя народу на ІІІ Усебеларускім сходзе, былі выкананы.
Беларусь уклала ў эканоміку ў бягучай пяцігодцы $72 млрд. За пяць гадоў у Беларусі створана 185 новых прадпрыемстваў, больш як 320 кардынальна мадэрнізаваны. У цэлым краіна выйшла на аб’ёмы экспарту тавараў і паслуг звыш $25 млрд. у год. Выпуск інавацыйнай прадукцыі павялічыўся больш як у 4 разы. Па сутнасці, за пяцігодку абноўлены, а на некаторых прадпрыемствах шматразова, увесь мадэльны рад. Гэта вялікая праца інжынераў, канструктараў, вучоных, рабочых і служачых.
У асноўных палажэннях праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на наступную пяцігодку закладзены вельмі напружаныя паказчыкі, прызначаныя забяспечыць істотнае павышэнне дабрабыту беларусаў. Рост валавога ўнутранага прадукту за пяцігодку павінен скласці 162-168 працэнтаў, гэта значыць па долі ВУП на душу насельніцтва да 2016 года мы павінны выйсці фактычна на сярэднееўрапейскія паказчыкі. Гэта максімальныя тэмпы росту за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Пры гэтым забяспечваць іх давядзецца адносна ўжо дасягнутай даволі высокай базы.
У ліку прыярытэтных задач у эканоміцы Аляксандр Лукашэнка назваў энергетычную бяспеку, імпартазамяшчэнне, лекавую бяспеку, збалансаванасць знешняга гандлю і нарошчванне экспарту.
Беларусь па вытворчасці прадуктаў харчавання на душу насельніцтва займае першае месца сярод краін СНД і ўваходзіць у лік сусветных лідараў па вытворчасці малака, бульбы, лёну.
У будучай пяцігодцы экспарт сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання неабходна павялічыць да $7 млрд. “Сёння нашы харчовыя тавары прысутнічаюць на рынках 63 краін. Мы ў гэтым годзе ад экспарту сельгаспрадукцыі атрымаем $2 млрд. Створаную намі сістэму гаспадарання на зямлі не пахіснулі ні сусветны эканамічны крызіс, ні экстрэмальнае надвор’е”, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт вызначыў задачы на наступную пяцігодку ў галіне АПК. Новая сельскагаспадарчая праграма на 2011-2015 гады павiнна быць накіраванай на ўмацаванне аграрнай эканомікі, павышэнне яе эфектыўнасці, узмацненне экспартнага патэнцыялу.
Памер заработнай платы ў Беларусі да 2015 года павінен наблізіцца да $1 тыс. у эквіваленце. Нават ва умовах крызiсу да канца 2010 года сярэдняя заработная плата дасягне $500 у цэлым па краіне. Зарплата $500 або нават $1000 – меншая за еўрапейскі ўзровень. Але гэта калі лічыць толькі яе намінальнае значэнне. Аднак нельга не ўлічваць, што дзяржава добраахвотна ўзяла на сябе значную частку расходаў, звязаных з сацыяльным забеспячэннем грамадзян. Прэзідэнт прывёў даныя Сусветнага банка, Міжнароднага валютнага фонду і іншых міжнародных агенцтваў. Так, насельніцтва аплачвае менш як 30 працэнтаў рэальнага кошту жыллёва-камунальных паслуг, 40 працэнтаў кошту праезду ў грамадскім транспарце, толькі 10 працэнтаў затрат на ўтрыманне кожнага дзіцяці ў дзіцячым садзе і толькі 0,5 працэнта расходаў на навучанне аднаго вучня ў школе. Астатняе кампенсуе дзяржава. Сюды ж трэба дадаць тыя вялікія сродкі, якія затрачвае дзяржава на медыцынскае абслу-гоўванне, адукацыю ў ВНУ, харчаванне ў школах, не гаворачы ўжо аб датацыях вёсцы на вытворчасць прадуктаў харчавання. І калі падсумаваць усё гэта, то ўзровень даходаў насельніцтва будзе цалкам супастаўны з еўрапейскім. Неабходна ўстанавіць дастойны ўзровень мінімальнай заработнай платы, ніжэй за якую не павінен атрымліваць ні адзін рабочы, – яна будзе складаць не менш як трэць ад сярэдняй зарплаты.
На думку кіраўніка дзяржавы, трэба ў цэлым змяніць падыходы да жыллёвага будаўніцтва. Ужо недастаткова толькі ўзводзіць жылыя дамы. Будаваць трэба комплексы – каб чалавек, засяліўшыся ў кватэру, не ездзіў за край свету ў магазін, дзіцячы сад або школу. У рэспубліцы да 2015 года павінна быць уведзена 42 млн. кв.метраў жылля, што ў 1,6 раза больш, чым у бягучай пяцігодцы.
Цяперашні патэнцыял банкаўскай сістэмы Беларусі дае магчымасць ставіць маштабныя задачы. Толькі за апошнія 15 гадоў яе актывы ў рэальным грашовым выражэнні выраслі амаль у 10 разоў. Аўтарытэт беларускіх банкаў пацвярджаецца гатоўнасцю насельніцтва захоўваць у іх свае зберажэнні, што забяспечвае прыцягненне ў эканамічны абарот значнага аб’ёму грашовых рэсурсаў. Прыняты пакет заканадаўчых мер, якія гарантуюць абароненасць банкаўскіх укладаў. “Знешні доўг, якім нашы нядобразыч-ліўцы спрабуюць пужаць беларускі народ, у нас адзін з самых нізкіх сярод усіх развітых дзяржаў свету”, – падкрэсліў Прэ-зідэнт. “Мы выконвалі і будзем выконваць свае абавязацельствы. Дзяржава гарантавала захаванасць усіх укладаў у банках і ў далейшым будзе цалкам са-дзейнічаць умацаванню даверу да нацыянальнай банкаўскай сістэмы”, – дадаў беларускі лідар. Беларусь бярэ пазыкі не на праяданне, а на тое, каб купіць новыя тэхналогіі і пабудаваць вытворчасці, якія будуць глядзець у новае стагоддзе.
У Беларусі неабходна ўстанавіць простыя і зручныя спосабы выплаты падаткаў. “Мы завершым кардынальнае спрашчэнне падатковай сістэмы, у вы-ніку чаго па складу падаткаў і збораў, перыядычнасці іх выплаты яна не будзе адрознівацца ад еўрапейскіх”, – сказаў Прэзiдэнт.
Ужо з наступнага года плацельшчыкі пры ажыццяўленні звычайнай дзейнасці стануць выплачваць толькі 7 асноўных падаткаў, уносіць на працягу года ў бюджэт 20 падатковых плацяжоў замест 104 і падаваць 11 падатковых дэкларацый замест 30, як гэта існуе сёння.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што мадэрнізацыя і прагрэс немагчымы без дысцыпліны і якаснай працы. “Толькі за кошт навядзення парадку і дысцып-ліны на кожным рабочым месцы, выкаранення безгаспадарчасці, браку, крадзяжу мы зможам у маштабах краіны павысіць эфектыўнасць вытворчасці не менш як на 20 працэнтаў. 20 працэнтаў эфектыўнасці, не ўкладваючы ні капейкі, хіба гэта не рэзерв?”– адзначыў Прэзідэнт.
Жыццё ў вёсцы ў малых і сярэдніх гарадах павінна быць не менш камфортнае, чым у буйных гарадах і сталіцы. Гэта важнейшы прынцып рэгіянальнай палітыкі.
У першым паўгоддзі 2011 года будуць прыняты прынцыповыя і рашучыя меры па навядзенню парадку ў праваахоўнай сістэме, устараненню вострых праблем, якія выклікаюць заклапочанасць людзей.
Дзяржава выканала сваё абяцанне, забяспечыўшы рост пенсій у сярэднім у паўтара раза. Удзельная вага тых, хто атрымлівае пенсію, ніжэйшую за бюджэт пражытачнага мінімуму пенсіянера, за пяцігодку скарацілася больш як у чатыры разы і цяпер складае менш за 3 працэнты. У наступныя пяць гадоў, запэўніў Прэзідэнт, мінімальная пенсія бу-дзе жорстка прывязана да пражытачнага мінімуму пенсіянера і расці такімі ж тэмпамі, як і зарплата. У Беларусі не маюць намеру павялічваць пенсійны ўзрост, ламаць існуючую сістэму.
– Сёння мала проста марыць і гаварыць аб шчаслівым будучым – яго трэба ствараць самім, – заявіў Аляксандр Лукашэнка, завяршаючы выступленне на IV Усебеларускім народным сходзе.
Наша краіна была, ёсць і будзе на-дзейным і прадказальным міжнародным партнёрам. Мы маем намер і далей уносіць свой уклад у вырашэнне сусветных праблем. Беларусь адкрыта да ўзаемадзеяння з усімі, хто гэтак жа шчыра, як мы, гэтага жадае.
“Мы не збіраемся асляпляць людзей феерверкам ідэй і невыканальных абяцанняў”, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. “Наша мэта – рэальная, зямная: каб заўтра беларускі народ жыў крыху лепш, чым сёння. Шлях вызначаны: ад захавання таго, што створана, зроблена, здабыта сумеснай працай, – да шматразовага прымнажэння дабрабыту беларускага народа і краіны. Наша сіла ў тым, што мы адзіныя. Разам мы – Беларусь, разам мы даб’ёмся большага”, – сказаў Прэзідэнт.
БЕЛТА.