Ужо заўтра Драгічын на некалькі дзён зноў стане музычным цэнтрам краіны – у горадзе стартуе 3-ці Міжнародны конкурс юных музыкантаў “Палескі агеньчык”. Арт-дырэктар конкурсу, наш славуты зямляк, піяніст і кампазітар Юрый Бліноў абяцае захапляльнае і насычанае музычнае свята з удзелам прадстаўнікоў 14 краін свету.
Трэба адзначыць, што гэта добрая справа была распачата нашым таленавітым суайчыннікам на сваёй малой радзіме ў 2014-м годзе і ў далейшым знайшла падтрымку на ўзроўні аблвыканкама, райвыканкама і многіх жыхароў Драгічыншчыны. І сёння гэта мерапрыемства, якое дае магчымасць не толькі пазнаць чароўны свет класічнай музыкі і паслухаць выступленне лепшых выканаўцаў свету, але і адкрыць новыя імёны на небасхіле музычнай культуры, мае дастойны працяг. Вось і 3-ці Міжнародны конкурс юных музыкантаў “Палескі агеньчык”абяцае даволі насычаную і захапляльную праграму і цікавыя сустрэчы.
Як паведаміў арт-дырэктар мерапрыемства Юрый Уладзіміравіч Бліноў, на працягу некалькіх дзён – з 31 мая па 2 чэрвеня – на сцэнах гарадскога Дома культуры, дзіцячай школы мастацтваў і гімназіі г.Драгічына будуць спаборнічаць юныя піяністы, кампазітары, баяністы і акардэаністы ва ўзросце ад 6 да 21 года. Традыцыйна ў ГДК пройдуць і канцэрты з удзелам славутых музыкантаў, членаў журы конкурсу: канцэрт адкрыцця (31 мая ў 19.30), на якім выступяць выбітныя піяністы Сяргей Кузняцоў (Расія), Марка Марцін (Эстонія), Юрый Бліноў і Наталля Котава-Громава (Беларусь), і канцэрт “Musica Nova” (2 чэрвеня а 19-й гадзіне) з твораў членаў журы – кампазітараў Валерыя Воранава (Германія), Веранікі Рыш-Швец (Францыя), Золтана Алмашы (Украіна), Канстанціна Яськова і Юрыя Блінова (Беларусь).
Журы катэгорыі “Баян/акардэон” узначальвае сусветна вядомы акардэаніст, прафесар, віцэ-прэзідэнт міжнароднай асацыяцыі баяна і акардэона Цібар Рац (Славакія), для якога Драгічын стаў адным з улюбёных месцаў. У складзе журы таксама будзе знакамітая беларуская акардэаністка Лідзія Скачко, наш зямляк, выкладчык сталічнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Сяргей Авадок, вядомы баянны кампазітар Аляксандр Пажарыцкі, баяніст, заслужаны артыст Польшчы Аляксандр Шугаеў.
А самае цікавае адбудзецца ў нядзелю, 3 чэрвеня, на сцэне ГДК – упершыню ў гісторыі конкурсу фінал катэгорыі “Фартэпіяна” пройдзе ў суправаджэнні сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам Мурада Асуіла (Марока). Арганізатары шчыра запрашаюць усіх жадаючых на гэтую ўнікальную падзею. Уваход на яе, як і на ўсе праслухоўванні конкурсу, – свабодны. Прыходзьце, каб паслухаць і падтрымаць выканаўцаў сваімі апладысментамі. Бо прымаць у сваім горадзе музыкантаў, якія выступалі ў лепшых канцэртных залах свету, – сапраўды рэдкая ўдача!
Галіна ВІКТАРАВА