Яшчэ нядаўна ў адной з самых аддаленых ад райцэнтра навучальных устаноў Драгічыншчыны – у Радастаўскай СШ – маглі толькі марыць аб тым, каб на ўроку інфарматыкі кожны вучань быў забяспечаны сваім персанальным камп’ютарам з выхадам у інтэрнэт. Але ж сёння гэта стала рэальнасцю.
Больш таго: такія ж камп’ютары зараз ёсць у кожным вучэбным кабінеце, што дазваляе настаўнікам займацца самаадукацыяй, павышаць свой прафесійны ўзровень і весці ўрокі з выкарыстаннем перадавых сучасных тэхналогій, развіваючы пазнавальныя інтарэсы дзяцей. Усё гэта стала плённым вынікам дабрачыннага праекта “Зялёныя камп’ютары – з любоўю”, арганізаванага пасольствам Рэспублікі Карэя ў Беларусі. Як паведаміла дырэктар Радастаўскай сярэдняй школы Ірына Пятроўна Сухарэвіч, напачатку бягучага года іх навучальнай установе было перададзена 27 персанальных камп’ютараў і аплачана іх падключэнне да лакальнай сеткі. Цяпер усе яны асвоены і задзейнічаны ў навучальным працэсе.
І вось паміж лютаўскім Днём абаронцаў Айчыны і святам 8-га Сакавіка ў калектыва настаўнікаў і вучняў Радастаўскай СШ надарылася яшчэ адна яркая і запамінальная падзея: акурат у сярэдзіне бягучага тыдня школу ў сельскай глыбінцы наведалі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Карэя ў Рэспубліцы Беларусь Тхэ Чжун Ёль і саветнік Пасольства Рэспублікі Карэя ў нашай рэспубліцы Квон Хёк Сэ, якіх, вядома ж, цікавіла, наколькі запатрабаванымі аказаліся іх падарункі ў мясцовай навучальнай установе. Разам з прадстаўнікамі пасольства ў аддаленай школе пабывалі намеснік старшыні абласнога выканаўчага камітэта Генадзь Іосіфавіч Барысюк, старшыня райвыканкама Аляксандр Вітальевіч Дарашэнка і іншыя афіцыйныя асобы.
“Ад нашай школы па такой нагодзе вы прыміце хлеб-соль пры ўсім добрым народзе,– такімі сардэчнымі словамі пры ўваходзе ў навучальную ўстанову сустракалі жаданых гасцей школьнікі Дар’я Кавалевіч і Даніла Кавалевіч, жадаючы і сабе, і ўсім прысутным “…каб спявалася песня аб шчаслівай долі, каб ярчэй і ярчэй усім нам сонейка ззяла, каб у шчасці і міры зямля працвітала”.
Для наведвальнікаў была арганізавана экскурсія па школьных кабінетах, а абавязкі перакладчыка ўзяла на сябе настаўніца замежнай мовы Радастаўскай СШ Алеся Міхайлаўна Краўчук, і бездакорна з імі справілася. Госці наведалі і клас інфарматыкі, дзе ўрок вяла настаўніца Таццяна Сяргееўна Гірс. Педагог і вучні ахвотна дзяліліся ўражаннямі аб тым, што змянілася ў працэсе навучання пасля таго, як школе быў зроблены такі шчодры падарунак.
– Мы другі год вывучаем інфарматыку і асвойваем сучасныя тэхналогіі, але раней камп’ютараў у класе не хапала: за адным рабочым месцам працавала некалькі чалавек, і пакуль адзін выконваў заданне на камп’ютары – другія чакалі сваёй чаргі. Цяпер на ўроку ў кожнага з нас ёсць персанальны камп’ютар, дзе мы стварылі і захоўваем свае папкі, файлы, дакументы, напрацоўкі, каб, прыйшоўшы на чарговы ўрок, прадоўжыць распачатую справу, – расказваюць сямікласніцы Дар’я Сухарэвіч і Таццяна Сухарэвіч.
А пасля госці, настаўнікі, вучні і іх бацькі сабраліся ў актавай зале, каб падвесці першыя вынікі супрацоўніцтва. Звяртаючыся да прысутных, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Карэя ў Беларусі Тхэ Чжун Ёль адзначыў, што ён быў рады магчымасці перадаць тутэйшай школе персанальныя камп’ютары, бо навучанне дзяцей сёння цяжка ўявіць без інфарматызацыі адукацыйнага працэсу, калі з дапамогай камп’ютараў можна лёгка атрымаць любую інфармацыю і жыва ўявіць тое месца, дзе ніколі не былі. Пасол выказаў спадзяванне, што падарунак, перададзены школе ў межах праекта “Зялёныя камп’ютары – з любоўю”, арганізаванага Рэспублікай Карэя ў Беларусі, будзе садзейнічаць таму, каб дзеці маглі бліжэй пазнаёміцца са славутасцямі свету і атрымаць больш патрэбных ведаў.
Пазней, разважаючы аб дасягненнях сучаснага навукова-тэхнічнага прагрэсу, госць адзначыў, што не ўся інфармацыя, якая знаходзіцца ў сеціве, аказвае дабратворны ўплыў на падрастаючае пакаленне. І аб гэтым трывожацца бацькі і настаўнікі як у Беларусі, так і ў Карэі. Але зараз інтэрнэт стаў звычайнай паўсядзённай справай, і таму вельмі важна навучыць і пераканаць дзяцей, каб яны карысталіся той інфармацыяй, якая прыносіць карысць, а не шкоду.
Са словамі падзякі да прадстаўнікоў пасольства Рэспублікі Карэя ў Беларусі і іх аднадумцаў звярнуўся старшыня райвыканкама А.В. Дарашэнка.
– Сённяшні свет сапраўды цяжка ўявіць без сучасных камп’ютарных тэхналогій, якія сталі неад’емнай часткай нашага жыцця. Яшчэ ўчора многія з нас лічылі падобнае фантастыкай, але сёння гэта – ужо рэальнасць. І вы ўнеслі шчодры ўклад у нашу будучыню, бо падарунак, які атрымалі ў Радастаўскай школе, запатрабаваны як вучнямі, так і настаўнікамі, – зазначыў Аляксандр Вітальевіч, выказаўшы спадзяванне на далейшае супрацоўніцтва і пажадаўшы, каб добрыя справы добрым людзям заўжды акупаліся шматразовымі набыткамі.
У сваю чаргу, школьнікі таксама аддзячылі гасцей кветкамі і сувенірамі, зробленымі сваімі рукамі, прыняўшы якія, Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Карэя ў Рэспубліцы Беларусь Тхэ Чжун Ёль у захапленні прамовіў, што гэта – самая найлепшая падзяка…
Галіна ШАФРАН
Фота аўтара