У нашай старонцы ёсць нямала славутых мясцін, якімі ўсе мы можам ганарыцца. Адным з такіх адметных куточкаў з’яўляецца вёска Бездзеж, якую ведаюць не толькі ў нашым раёне, але і за яго межамі. Там да гэтай пары захаваўся адмысловы велікодны абрад “стрэлка”, там яшчэ ёсць доўгажыхаркі, што могуць расказаць і паказаць, як трэба насіць даўнішні галаўны ўбор пад назвай “маркізетаўка”. А яшчэ ў гэтым населеным пункце знаходзіцца цудоўны музей “Бездзежскі фартушок”, які мы разам са сваёй настаўніцай Жанай Расціславаўнай Місейка вырашылі наведаць.
Мы прайшліся па ўсіх музейных залах, і пачалася наша экскурсія з “падвор’я”. Дырэктар музея М.М.Астаповіч падрабязна расказала нам пра ранейшае жыццё і побыт тутэйшых вяскоўцаў, пра іх прылады працы, заняткі і рамёствы, у ліку якіх самым распаўсюджаным было льнаводства і ткацтва.
Далей мы прайшлі “у хату”. Асаблівай адметнасцю жылля палешукоў была чысціня і ўтульнасць. У хаце знаходзілася мала мэблі, але было шмат ручнікоў, вышыванак, саматканых дарожак і дываноў. Але найбольш уразіла і захапіла нас тое, што ў бездзежскім музеі за- хоўваецца каля двухсот фартушкоў і паміж іх няма ніводнага аднолькавага. У даўніну фартушкі ў гэтых мясцінах былі абавязковым элементам убранства тутэйшых жанчын і дзяўчат, таму кожная з іх ткала і вышывала яго па свайму густу. Некаторыя з гэтых вырабаў нагадваюць сапраўдныя шэдэўры мастацтва, створаныя рукамі простых вясковых жанчын. Гледзячы на такое хараство, у чарговы раз пераконваешся, да чаго ж таленавітымі і спраўнымі былі нашы продкі.
Музей “Бездзежскі фартушок” вядомы за межамі Беларусі: тут пабывалі дэлегацыі з Расіі, Італіі, Галандыі і іншых краін свету. У мінулым годзе яму была прысуджана прэмія “За адраджэнне беларускай культуры”. Яго экспанаты выстаўляюцца для ўдзелу ў розных конкурсах і фестывалях. Па словах нашага экскурсавода, вельмі прыгожа, калі саматканыя ручнікі і фартушкі не вывешваць, а раскласці на траве, як гэта рабілі нашы продкі. Тады на зяленым покрыве атрымліваецца цудоўны дыван з рознакаляровых вышытых узораў…
Пабываўшы ў “Бездзежскім фартушку”, мы за адзін дзень узбагацілі свае веды і памножылі ў сваіх сэрцах любоў да роднага краю.
Аксана ПАЛЬТО,
дзевяцікласніца Антопальской АСШ, юнкор РЦВР.
Музей “Бездзежскі фартушок” известен за границами Беларуси
Дата:
Популярно
Архив новостей