Мала клапаціўся польскі ўрад і аб здароўі насельніцтва павета. У 1935 г. амаль статысячнае насельніцтва абслугоўвала толькі 7 урачоў, з якіх 5 былі прыватнапрактыкуючымі. Гмінныя ўрачы знаходзіліся ў Янаве і Хомску, дзе працавалі пры амбулаторыі. У Брашэвічах насельніцтва лячыў фельчар. У Драгічыне дзейнічала бальніца, якая ўтрымлівалася органамі самакіравання на сродкі насельніцтва. У 1936 г. у ёй было 50 ложкаў, з іх 16 для хворых з унутранымі хваробамі, 22 для хірургічна хворых, 8 для інфекцыйных і 4 для парадзіх. Сутачная аплата за лячэнне складала 3 – 6 злотых. Калі дзённы заробак рабочага складаў 3 злотых, дык на працяглае лячэнне яму разлічваць не даводзілася. Запазычанасць насельніцтва за лячэнне толькі за год складала ў межах 19 – 20 тыс. злотых. Таму і расла захворваемасць і смяротнасць. Для многіх людзей лячэнне было недаступным.
Школы ў павеце былі пераважна пачатковыя, адна- ці двухгадовыя. Польскія ўлады ставілі сваёй мэтай выкараніць у свядомасці працоўных Заходняй Беларусі пачуццё сваёй нацыянальнай самабытнасці. Таму выкладанне вялося толькі на польскай мове. Прыватныя школы былі ўсе яўрэйскія. У школах, значная частка якіх размяшчалася ў сялянскіх хатах, не хапала настаўнікаў, вучэбных дапаможнікаў. У 1936 г. на настаўніка даводзілася 87 вучняў. У класных пакоях панавала цесната.
Недахоп школ, адсутнасць сродкаў на дапаможнікі, сшыткі, адзенне, паўгалоднае жабрацкае існаванне – усё гэта не садзейнічала росту адукацыі насельніцтва. На ўсё насельніцтва павета ў 1936 г. было толькі 352 інтэлігенты, з іх 263 палякі, 12 яўрэяў, 32 рускія, 18 украінцаў і столькі ж беларусаў.
Кніга “Памяць. Драгічынскі раён”, Мн., 1997г.