Кожнай пары – сваё свята, а самай масавай пляцоўкай для адраджэння і паказу самабытных народных абрадаў і традыцый апошнім часам становіцца этнападвор’е музейнага комплексу “Бездзежскі фартушок”. Услед за Шчадрухай, Вадохрышчам, велікоднай “стрілкай” сюды завітала Купалле…
Нядзельным вечарам, 6 ліпеня, у двары вясковай этнасядзібы “Каля Плэса”, узбоч якой працякае невялічкая рачулка з аднаіменнай назвай, пачалі сыходзіцца тутэйшыя жыхары і з’язджацца госці, і ўсе яны маглі далучыцца да колішняга абраду Купалля. Было запалена вогнішча, ля якога і разгортвалася асноўная дзея – тэатралізаванае прадстаўленне “У пошуках папараць-кветкі”, падрыхтаванае работнікамі гарадскога Дома культуры. Прысутныя ў суправаджэнні галоўнай гераіні – Купалінкі – маглі пакружыць у карагодзе, прыгадаць купальскія песні, а найбольш спрытныя і рызыкоўныя спрабавалі пераскочыць вогнішча, што, па павер’ю нашых продкаў-язычнікаў, лічылася своеасаблівым ачышчальным рытуалам.
З Купаллем звязаны яшчэ адзін звычай, якога прытрымліваюцца незамужнія дзяўчаткі. Вось і на гэты раз тутэйшыя прыгажуні з хваляваннем пускалі па вадзе сплеценыя вяночкі, спа-дзяючыся, што яны абавязкова даплывуць да каханага-суджанага. А своеасаблівым сімвалам летняй купальскай ночы з’яўляецца чароўная папараць-кветка, на пошукі якой штогод адпраўляюцца многія рамантыкі. У колішніх паданнях гаворыцца, што той, хто знойдзе яе, будзе шчаслівым усё жыццё. Шкада толькі, што існуе яна, пэўна, толькі ў легендах і марах. Ды ў тэатралізаваных прадстаўленнях накшталт таго, што было паказана нядаўна ў Бездзежы.
Але ж маладосці ўласціва верыць у цуды, таму і не знікаюць, не страчваюць сваёй запатрабаванасці даўнішнія абрады купалаўскай ночы…
Галіна ВІКТАРАВА
Фота Івана ЛЯОНЧЫКА