Па добрай традыцыі, што даўно склалася, і дзякуючы намаганням работнікаў культуры Асавецкага сельсавета 12 ліпеня, на Пятра і Паўла, у Белінку адбылося свята вёскі. Гэты населены пункт размешчаны на левым беразе Дняпроўска-Бугскага канала, а ўпершыню ўзгадваецца ў летапісах з 1546 года пад назвай Белін Другі.
З цягам часу вёска атрымала назву Белінок (мясцовая – Білынок). Летам 1943 года яна была спалена фашыстамі, якія тады расстралялі 12 чалавек. Астатнія мірныя жыхары, пераправіўшыся праз канал, уцяклі ў партызанскую зону, куды немцы не даходзілі.
…Каля 14 гадзін дня людзі пачалі збірацца на невялікай плошчы ля мясцовага магазіна. На сталах, накрытых прыгожымі абрусамі і ручнікамі, выставілі кулінарныя вырабы мясцовыя ўмельцы. Знайшлося тут месца і для газіраваных напояў розных відаў, і для мёду тутэйшага пчаляра А.А.Грышкевіча.
Уся плошча навокал была ўпрыгожана маладымі бярозавымі галінкамі з каляровымі шарамі. Для пажылых людзей паставілі лаўкі, а побач размясціліся юнакі і дзяўчаты, якія прыехалі да бацькоў у родныя мясціны…
Ініцыятарам арганізацыі свята стала стараста вёскі, загадчыца магазінам Святлана Уладзіміраўна Лойка. І вось вядучыя, дырэктар Асавецкага сельскага Дома культуры Валянціна Васільеўна Шэйка і зага-дчыца бібліятэкі Валянціна Паўлаўна Раманюк, аб’яўляюць пра пачатак мерапрыемства. Самадзейныя артысты Асавецкага СДК пад акампанемент ансамбля “Папінскія музыкі” выконваюць песню “Мая зямля”. Урачыста да стала выносіцца каравай з надпісам “Хлеб – усяму галава”. А гэта сведчыць аб тым, што свята найперш прысвечана хлебаробам.
Перад прысутнымі выступіла старшыня Асавецкага сельскага Савета дэпутатаў С.А.Грэчка. Яна шчыра і натхнёна павіншавала ўсіх са святам, пажадала ім дабрабыту і здароўя. Напомніла, што 2014 год – год 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Усе павінны памятаць пра тых, хто аддаў сваё жыццё за наша шчаслівае сёння.
Потым выступалі ветэраны працы, былыя спецыялісты калгаса “Савецкая Беларусь”. Яны ўспаміналі пра першы арганізаваны ў вёсцы калгас “Чырвоная звязда” на чале са старшынёй М.А.Шэйкам, лепшых працаўнікоў тых часін. Былы шафёр Васіль Назаравіч Крывецкі адзначыў такі факт. Калі ў 1951 го-дзе “Чырвоную звязду” далучылі да калгаса “Чырвоны партызан” в.Белін, то амаль усе жывёлаводы і механізатары былі ў гаспадарцы з Белінка.
Гучыць ціхая музыка і аб’яўляецца хвіліна маўчання ў гонар памяці тых, хто пайшоў з жыцця, пакінуўшы на роднай зямлі добры след.
Вядучыя і стараста вёскі назвалі старэйшых жыхароў, шматдзетныя сем’і і лепшыя падвор’і. Усім ім былі ўручаны адпаведныя падарункі і граматы сельсавета. Была арганізавана і бяспройгрышная латарэя.
Парадавалі ўсіх сваім майстэрствам і мясцовыя самадзейныя артысты. Вельмі спадабалася людзям выступленне Зоі Крыштаповіч і Веры Тамашук. А якімі задорнымі танцамі здзівілі ўсіх Генадзь Шкілюк і Таццяна Паціявец! Іх актыўна падтрымлівалі Юльян Шэйка з Вольгай Крывецкай і Рыгор Краўчук з Людмілай Шкілюк. Вельмі гучна і захапляюча яны танчылі беларускую польку.
Свята працягвалася амаль дзве гадзіны. І ўсе засталіся задаволенымі. А спонсарамі мерапрыемства выступілі дачнік з Брэста Руслан Гоман, СВК “Пенякова”, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і мясцовы сельсавет.
Пётр ПАДЛУЖНЫ,
наш няштатны карэспандэнт
НА ЗДЫМКАХ: у час правядзення свята
Фота Івана ЛЯОНЧЫКА