Галіна ВІКТАРАВА
Ініцыятарам многіх добрых спраў, накіраваных на пастаянную падтрымку жыхароў сучаснай вёскі, перадавікоў, ветэранаў сельгасвытворчасці і іх сем’яў, выступае райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу на чале са Святланай Уладзіміраўнай Барташ. У навагоднія і калядныя дні традыцыйнымі сталі экскурсіі на абласную ёлку, якія ладзяцца за кошт прафсаюзных сродкаў для дзяцей сельскіх працаўнікоў. Раней на аналагічных мерапрыемствах пабывалі юныя жыхары з СПК “Ліпніцкі” і “Бездзеж-Агра”. А нядаўна ў святочную вандроўку прыйшла чарга накіравацца хлапчукам і дзяўчынкам, бацькі якіх працуюць у Драгічынскім райаграсэрвісе. У Брэсце дзеці наведалі драмтэатр, дзе паглядзелі казачную пастаноўку, а затым сталі ўдзельнікамі вясёлага прадстаўлення ля навагодняй ёлкі. Дамоў яны вярнуліся з падарункамі і мноствам незабыўных уражанняў.
Зараз райкам прафсаюза работнікаў АПК працуе над падвядзеннем вынікаў выканання калектыўных дагавароў, якія звычайна агучваюцца на справаздачных сходах у сельгаспрадпрыемствах раёна. Ім папярэднічаюць фермскія і брыгадныя сходы, дзе вясковыя працаўнікі могуць выказаць свае меркаванні і ўнесці канкрэтныя прапановы і змены ў існуючыя калдагаворы. Такія сустрэчы з людзьмі з удзелам прафсаюзных лідараў прайшлі ўжо ў СВК “Ліпніцкі”, і цяпер тут – першымі ў аграпрамысловай сферы раёна — рыхтуюцца да агульнагаспадарчага справаздачнага сходу, які намечаны на пачатак лютага.