У чарговы раз музейны комплекс “Бездзежскі фартушок” і падвор’е этнасялянскай сядзібы “Каля Плэса” сталі гасціннай пляцоўкай для правядзення народных гулянняў. На зыходзе дня, 13 студзеня, сюды з’ехаліся і сышліся фальклорна-этнаграфічныя калектывы з усяго раёна. Гэты вечар у нашых мясцінах спрадвеку лічыўся святочным, і называлі яго Шчодрыкам, Шчадрухай. Ён быў лагічным працягам калядных святак, калі людзі талакой, з абрадавымі песнямі, хадзілі ў госці, славілі добрых гаспадароў і вяночак студзеньскіх хрысціянскіх свят – Ражство Хрыстова, Васільеў дзень і Вадохрышча, жадаючы пры гэтым “Шчадрухі яснай, долечкі шчаснай” і ўсяго самага найлепшага. Так было і ў Бездзежы…
Спачатку прыхільнікі народных традыцый шчадравалі, ходзячы па хатах. Яны разыйшліся па сельскіх вуліцах, і то ў адным, то ў другім канцы вёскі гучала іх звонкае: “ Добры вечар таму, хто жыве ў гэтым даму…”. А далей ужо ішлі песні, жарты, віншаванні. І ніхто з бездзежцаў не адмовіўся прыняць гасцей, нікому яны не прагаварылі: “У гэтай хаце няма што даці…”
Адметна, што самымі юнымі ўдзельнікамі народнай забавы сталі хлопчыкі і дзяўчаткі з дзіцячага фальклорнага калектыву Хомскага СДК, а ў ліку самых пажылых шчадравальніц была 77-гадовая Ганна Іванаўна Міхаевіч, якая прыехала на свята ў складзе гурта “Скібічане” Ліпніцкага СДК. Жанчына памятае ко- лішнія падрабязнасці гэтага даўнішняга абраду.
У сваёй маладосці яны з равеснікамі, праспяваўшы “шчадруху”, звычайна прасілі: “ Бяры, гаспадар, нож востры, рэж кавалак сала тоўсты, і каб не мала, а з торбы тырчала…” І людзі адорвалі, хто чым мог: бяднейшыя – хлебам і насеннем гарбузікаў, багацейшыя – салам, каўбасой, кавалкам пірага… Пакідалі гасцінную хату з жартоўнымі пажаданнямі: каб усяго было даволі, і ў каморы, і на полі; каб куры два разы на дні нясліся, каб свінні два разы на год парасіліся; каб мірна, весела жылося, каб хацелася й маглося і г. д.
Наперабой сыпаліся добрыя пажаданні, гучалі даўнішнія песні і на падворку музея “Бездзежскі фартушок”, дзе пазней, калі ўжо добра звечарэла, сабраліся лепшыя фальклорныя калектывы Драгічыншчыны. На канцэртнай пляцоўцы была абуладкавана імправізаваная сялянская хата, у якую раз за разам прасіліся госці з розных куткоў раёна, што меліся паказаць свой абрад шчадравання. Бо ў кожным населеным пункце ён мае своеасаблівы каларыт і непаўторныя адметнасці.
Свята адкрылі гаспадары – удзельнікі фальклорнага гурта “Купалінка” Бездзежскага СДК, якія праспявалі адну з тутэйшых песень, што нідзе больш не сустракаецца.
“Добры вечар, шчодры вечар, адчыняйце дзверы, каб пчолы селі, адчыняйце акно, каб было дабро!” – з такім прывітаннем звярнуліся да гаспадароў захавальнікі старадаўніх абрадаў з Леснікоўскага Дома сацыяльных паслуг, у ліку якіх была і загадчыца гэтай установы Валянціна Мікалаеўна Лук’яновіч.
Самадзейныя артысты Заказельскага СДК аднавілі колішнюю звычку “вадзіць казу”, якой нярэдка суправа- джаліся шчадроўкі. Прычым, ролю сімпатычнай хатняй жывёліны звычайна выконвае нехта з пераапранутых шчадравальнікаў.
“Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць,
Дзе каза рогам, там жыта стогам,
Дзе каза бывае, там шчасце вітае…” – пераконвалі госці з Закозеля, запрашаючы ўлагодзіць казу шчодрымі дарункамі: “ на рожанькі – два пірожанькі, на хвасточак – каўбасы шматочак».
З калядных распеваў пачаў сваё выступленне калектыў Папінскага СДК, а завяршыў пажаданнямі “Божай вясны дачакацца, спорай сяўбы, добрага ўра- джаю, і каб збожжа ўрадзіла: што на гары – то на вяселле, што ў даліне – то на радзіны”.
Непаўторныя абрадавыя песні сваёй мясцовасці выканалі самадзейныя артысты з Радастаўскага Дома культуры і Мікіцкага Дома фальклору. А завяршыла свята фальклорная суполка “Скібічане” пад кіраўніцтвам Ядзвігі Віктараўны Паўлюковіч з адмысловай тутэйшай песняй пра шчодрую расу, якую птушачка атрасала, поле засявала, каб на тым полі ўрадзіла “жыта, пшаніца, ўсякая пашніца…”
А пры развітанні з усіх старон, з усімі адценнямі тутэйшых дыялектаў чулася спаконвечнае пажаданне, якое перадаецца з пакалення ў пакаленне. Вось і да нас дайшло: “Судзі, Божа, гэтыя святы праважаці і за год наступных прычакаці!”. Дзе яшчэ такое пачуеш!
Галіна ШАФРАН
Фота Івана ЛЯОНЧЫКА