Думаецца, многія ведаюць, што ў вёсцы Бездзеж стала добрай традыцыяй на першы дзень Пасхі, пасля таго як у царкве адслужаць вялікую вячэрню, праводзіць карагод “Стрылка”. Здаўна лічыцца, што гэты сельскі абрад з’яўляецца своеасаблівым абуджэннем душы пасля строгага перадвелікоднага посту. Таму толькі пасля яго распачыналіся сапраўдныя народныя гулянні з музыкай, вясёлымі песнямі і заліхвацкімі танцамі.
Літаральна днямі нам стала вядома, што ў канцы студзеня 2014 года на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны вясенні абрадавы карагод “Стрылка” в.Бездзеж трапіў пад ахову дзяржавы і стаў гісторыка-культурнай каштоўнасцю нашай краіны.
Гэты факт яскрава сведчыць аб тым, што на Драгічыншчыне захавалася багатая духоўная культура, у якой значнае месца займае традыцыйная абраднасць, заснаваная на прынцыпах народнай этыкі, маралі і вуснапаэтычнай творчасці.
Сяргей АЛЁШЫН