У гэтыя дні ў сельскіх школах рэспублікі праходзяць мерапрыемствы пад назвай “Твае першыя фінансы”, мэтай якіх з’яўляецца павышэнне ведаў школьнікаў, а канкрэтней – вучняў пятых класаў сельскіх школ — аб розных накірунках банкаўскай дзейнасці. Арганізатарамі акцыі выступаюць спецыялісты “Белаграпрамбанка” і, па ўзгадненні з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, яна прадоўжыцца з 3 па 12 верасня.
У мінулую сераду да мерапрыемства далучыліся і прадстаўнікі мясцовай банкаўскай установы. Намеснік начальніка разлікова-касавага цэнтра № 26 у горадзе Драгічыне філіяла ААТ “Белаграпрамбанк” Брэсцкага абласнога ўпраўлення Ніна Леанідаўна Пазняк і начальнік аддзела рознічных паслуг гэтай банкаўскай установы Максім Рыгоравіч Грыцук наведалі Хомскую, Бездзежскую і Завершскую школы, дзе сустрэліся з пяцікласнікамі і правялі для іх урок фінансавай граматнасці. У прыватнасці, яны расказалі школьнікам аб спецыяльнай праграме для сваіх юных кліентаў “Расці вялікі!”, кожны з удзельнікаў якой атрымлівае падарунак да дня нараджэння, удзельнічае ў розыгрышы паездкі ў Дыснейлэнд, а таксама можа аформіць крэдыт на спецыяльных умовах і бясплатна атрымаць дзіцячую банкаўскую картку. Акрамя таго, арганізатары акцыі правялі для падлеткаў кіналекторый па тэме “Фінансавая адукаванасць – аснова поспеху і дабрабыту”, адказалі на іх пытанні і ўручылі дзецям падарункі з лагатыпам “Белаграпрамбанка”: маляўнічую брашуру “Твае першыя фінансы”, каляндар на новы навучальны год і спецыяльны ліст для напісання раскладу ўрокаў.
Такія ж падарункавыя пакеты ад “Белаграпрамбанка” атрымаюць усе пяцікласнікі сельскіх школ раёна, а гэта – каля 200 хлапчукоў і дзяўчынак.
Галіна ШАФРАН
Фота аўтара