Як і належыла гаспадыні, якая чакала гасцей, не было у Марыі Астаповіч вольнай хвілінкі, каб перадыхнуць. Упершыню сёлета на падвор’і этнасялянскай сядзібы “Каля Плэса” вырашана было у светлае свята Хрышчэння Гасподня правесці асвячэнне вады ў мясцовым вадаёме. Каб кожны жадаючы праваслаўны чалавек, акунуўшыся ў палонку, змог змыць з душы сваёй цяжар грахоў зямных, ачысціцца духоўна.
Бліжэй да поўдня ля варот музейнага комплекса “Бездзежскі фартушок” спыніўся вялікі аўтобус. Марыя Міхайлаўна кінулася вітаць гасцей. На запрашэнне дырэктара ажыццявіць экскурсію ў музей і паўдзельнічаць у святкаванні адгукнуліся супрацоўнікі чыгункі з абласнога цэнтра. Прыехалі ажно пяцьдзесят чалавек.
—Апошнім часам “Бездзежскі фартушок” стаў сапраўдным цэнтрам адраджэння самабытнай культуры продкаў, мясцовых традыцый, абрадаў, усяго таго, што завецца нацыянальнай спадчынай, — заўважае Марыя Міхайлаўна. – Узяць хаця б вечар 13 студзеня, калі мы праводзілі калядкі-шчадроўкі.
У Бездзеж з’ехалася шмат самабытных, народных калектываў з раёна. Бездзежцы былі вельмі ўдзячныя, што да іх завіталі шчодрыкі, павіншавалі са святамі, падарылі добры настрой. У вёсцы ж спрадвеку лічылася, што чым больш калядоўнікаў і шчодрыкаў завітае ў хату, тым больш бадрабыту будзе ў ёй на працягу года.
Шмат планаў у нашага калектыву і на будучыню. Наперадзе Масленіца, калі будзем праводзіць зіму так, як гэта рабілі нашы прашчуры. А чаму б улетку не наладзіць “Каля Плэса”Купалле. У нас тры вадаёмы, на якіх дзяўчаткі маглі б пускаць вяночкі, варожачы на суджаных. І што асабліва прыемна, у арганізацыі ўсіх масавых мерапрыемстваў удзельнічаюць не толькі работнікі культуры, але і школьнікі, а таксама, лічы, уся вясковая грамадскасць.
Больш размаўляць Марыя Міхайлаўна не мае магчымасці. Наступае самы галоўны святочны момант. На падвор’е урачыста Хрэсным ходам уваходзяць бездежцы і прыезджыя вернікі, якія прысутнічалі на святочнай службе ў мясцовай Свята Троіцкай царкве. Узімку богаслужэнні праводзяцца ў старым храме, які з’яўляецца гістарычным помнікам. Лічаныя сотні метраў злучаюць царкву і “Бездзежскі фартушок”.
Айцец Генадзій служыць малебен, асвячае ваду ў палонцы і распавядае прысутным пра сэнс Хрышчэння Гасподня. Затым Хрэсны ход накіроўваецца назад у храм.
А ля прыступак, якія вядуць да палонкі з асвечанай вадой, выстройваецца чарга…
…Шмат праваслаўных вернікаў сабралася ў нядзелю і на вадасховішчы ў Драгічыне.
Нягледзячы на моцны мароз, які літаральна за рукамі “зацягваў” палынню танюткім ільдом, пранізлівы вецер, людзі тройчы акуналіся ў асвечаную ваду. Акуналіся з надзеяй на ачышчэнне ад злосці і зайздрасці, квапнасці і нервознасці, усяго таго, што перашкаджае жыць чалавеку ў згодзе з сумленнем і верай.
Ніна ТКАЧУК
Фота Івана ЛЯОНЧЫКА