Крыху шкада, што ў нас пакуль няма спецыяльных узнагарод за прыхільнасць і адданасць роднай беларускай мове, за яе граматную папулярызацыю і распаўсюджанне сярод тых, каму належыць будучыня. Бо наша нацыянальная мова – старажытная дзяржаўная мова Вялікага Княства Літоўскага, і сучасная мова, на якой напісаны неўміручыя творы Коласа і Купалы, Караткевіча, Быкава і іншых сусветна вядомых класікаў нашай літаратуры, – спасцігаецца не на плошчах і мітынгах, а ў сціплай цішы школьных класаў, дзе сапраўдныя носьбіты беларускага слова – педагогі – імкнуцца данесці і перадаць яе прыгажосць, мілагучнасць, самабытнасць сваім вучням. І поспехі ёсць. Прынамсі, летась большасць выпускнікоў Бездзежскай СШ на цэнтралізаваным тэсціраванні здавалі беларускую мову, і многія атрымалі сертыфікаты з выдатнымі адзнакамі: Яна Янушчык, Ірына Лукашчык, Святлана Страпка – больш за 80 балаў, Вольга Капітан і Наталля Супрун – больш за 90 балаў. У лік пераможцаў раённай алімпіяды па гэтаму прадмету два гады запар выходзілі Анастасія Шпак і Анастасія Лукашчык, якія зараз вучацца адпаведна ў сёмым і шостым класах, а дзесяцікласніцы Ганне Севасцьяновіч нядаўна быў уручаны Дыплом 3-й ступені абласнога этапа рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове.
Лепшыя педагагічныя традыцыі ў выкладанні гэтага прадмета ў Бездзежскай школе працягвае настаўніца Н.У. Севасцьяновіч, якая летась, на жнівеньскай педагагічнай нарадзе, была адзначана Ганаровай граматай упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама за высокі прафесіяналізм, актыўную грамадзянскую пазіцыю і поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення. І гэта – заслужаная ўзнагарода, бо жыве і працуе Наталля Уладзіміраўна з перакананнем, што кожны школьны ўрок з’яўляецца ступенню духоўнага станаўлення чалавека, і калі вучняў зацікавіць прадметам, калі тэма заняткаў кранае, захапляе, абуджае лепшыя пачуцці і настройвае на паразуменне, самаахвяраванне, цярплівасць, міласэрнасць, спагаду і іншыя добрыя ўчынкі і справы, то тады ўрокі праходзяць без званкоў і становяцца ўрокамі на ўсё жыццё.
На мінулым тыдні мне выпала пабываць у Бездзежскай школе, пазнаёміцца і пагутарыць з Н.У.Севасцьяновіч і яе вучнямі. Пра сябе Наталля Уладзіміраўна расказала, што ў 1995-м годзе яна з выдатным атэстатам закончыла Дружылавіцкую школу на Іванаўшчыне, пасля чаго паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны педуніверсітэт імя Янкі Купалы на беларускую філалогію. Там жа пазнаёмілася з будучым мужам, які вучыўся ў медуніверсітэце. Неўзабаве пасля таго, як Наталля атрымала дыплом, маладыя пажаніліся. Муж маёй суразмоўніцы застаўся ў Гродне, каб завяршыць навучанне, а Наталлю Уладзіміраўну размеркавалі на работу ў Тышкавіцкую школу на Іванаўшчыне. Яна і сёння з удзячнасцю ўспамінае дырэктара гэтай навучальнай установы, заслужанага педагога Івана Сцяпанавіча Шпака, які стаў і настаўнікам у яе прафесійным станаўленні.
– Спачатку Іван Сцяпанавіч штораз прыходзіў на мае ўрокі. Аналізуючы іх, ён не крытыкаваў, а стараўся адзначыць лепшае і выказваў слушныя парады па іх удасканаленні. А потым ужо я ў вольны час імкнулася наведаць заняткі, якія наш дырэктар праводзіў з вучнямі, каб пераняць бясцэнны вопыт сапраўднага прафесіянала. Іван Сцяпанавіч пастаянна друкаваўся ў рэспубліканскім часопісе “Беларуская мова і літаратура” і з часам падахвоціў і мяне да гэтай справы, – расказвае Н.У.Севасцьяновіч…
Потым маладая настаўніца пайшла ў дэкрэтны водпуск – нарадзілася Ганначка, а крыху пазней – і Марыйка. З часам мужа Наталлі Уладзіміраўны, урача-анколага Паўла Фёдаравіча Севасцьяновіча, накіравалі па месцы размеркавання жонкі – на Іванаўшчыну, у цэнтральную раённую бальніцу. Але, як чалавек вясковы і заўзяты аматар-пчалавод, ён быў перакананым прыхільнікам сялянскага ўкладу жыцця і спакваля шукаў месца ў сельскай глыбінцы з моцнымі духоўнымі ўстоямі, дзе была б і бальніца, і школа, і праваслаўная царква…
“Яго выбар спыніўся на Бездзежы, а я ішла за мужам”, – патлумачыла жанчына. І з 2009-га года Н.У.Севасцьяновіч пачала працаваць у тутэйшай школе.
– Я прыйшла на работу ў дружны, зладжаны калектыў, і гэта ў значнай меры спрыяла прафесійнаму росту і самаўдасканаленню. У Бездзежскай школе разам са мной беларускую мову выкладае Ала Фёдараўна Аляшкевіч, і працуем мы пад кіраўніцтвам нашага вопытнага калегі, намесніка дырэктара Івана Васільевіча Старыновіча, які заўжды падтрымлівае нашы добрыя ініцыятывы і памкненні. На першым часе я нярэдка звярталася за парадай да ветэрана педагагічнай працы, былой выкладчыцы беларускай мовы Веры Адамаўны Савіцкай, і дагэтуль удзячна ёй за падтрымку і дапамогу, – гаворыць Наталля Уладзіміраўна, удакладняючы, што поспехі тутэйшых школьнікаў у спасціжэнні беларускай мовы – гэта вынік сістэматычнай працы і старання многіх яе калег, плённага супрацоўніцтва настаўнікаў і вучняў пры падтрымцы іх бацькоў. Вось і Ганну Севасцьяновіч для ўдзелу ў прадметнай алімпіядзе рыхтавалі агульнымі намаганнямі: Ала Фёдараўна – як настаўніца, а Наталля Уладзіміраўна – як мама з добрым веданнем беларускай мовы. І Дыплом 3-й ступені на абласным этапе – неблагі вынік…
– Школа для мяне – гэта яшчэ адно дзіця, вельмі дарагое і блізкае, дзеля якога хочацца працаваць і ахвяраваць вольным часам. Тым больш, калі адчуваеш разуменне і падтрымку, бачыш добры плён сваіх намаганняў. Прынамсі, у школе знайшлі сродкі на дадатковую падрыхтоўку вучняў, якія маюць жаданне і матывацыю для паглыбленага вывучэння беларускай мовы. Прыемна, што яе адданым прыхільнікам з’яўляецца і дырэктар нашай навучальнай установы Павел Валянцінавіч Базака, які скарыстоўвае беларускую мову не толькі ў выкладанні свайго прадмета, але, наколькі мне вядома, нават беларускамоўныя вершы складае. Усё гэта спрыяе выкладчыкам ў далучэнні школьнікаў да вывучэння нашай нацыянальнай мовы. Хаця і выпускнікі, якія атрымалі высокія балы на ЦТ, а таксама занялі прызавыя месцы на прадметных алімпіядах па беларускай мове, былі працавітымі, мэтанакіраванымі, адказнымі. Таму мы працуем у адной суполцы, і ўсе нашы дасягненні лічым нашымі агульнакалектыўнымі поспехамі, – прызнаецца Н.У. Севасцьяновіч.
У сваёй педагагічнай дзейнасці Наталля Уладзіміраўна імкнецца ствараць спрыяльныя ўмовы да самаўдасканалення і развіцця індывідуальных асаблівасцяў кожнага навучэнца, скарыстоўваючы самыя розныя формы работы: тэсты, абмеркаванні, дыскусіі, лекцыі, схемы, малюнкі, апытанні і г.д. Сёння ў яе ўжо сабрана дастаткова падручнікаў і дапаможнікаў, накоплены багаты матэрыял, каб на добрым узроўні даваць веды і дастойна рыхтаваць вучняў да ўдзелу ў прадметных алімпіядах і цэнтралізаваным тэсціраванні. Зразумела, справу ўскладняе тое, што ў паўсядзённым ужытку тутэйшыя жыхары карыстаюцца сваім мясцовым паляшуцкім дыялектам, які значна адрозніваецца ад літаратурнай беларускай мовы. Але ж на кожным сваім уроку, у кожным класе педагог Н.У.Севасцьяновіч імкнецца данесці “Дзесяць запаведзяў” мовазнаўцы Віктара Шведа, якія, па яе меркаванню, павінен ведаць кожны, хто лічыць сябе беларусам:
“Мову родную беражы, мовай роднай даражы, мову родную шануй, мовай роднай не гандлюй, мову родную любі, мову ў сэрцы не губі, мовы роднай не кідай, мову дзецям перадай, мовы не аддай на здзек, толькі з ёю – жыцьмеш век”.
– Хочацца, каб у поўны голас гучала беларуская мова: песенная і мілагучная, непаўторная і самабытная, мудрая і сучасная, каб яна была запатрабаванай нашымі дзецьмі і ўнукамі. Хочацца, каб мы засвоілі наказ, які пакінуў Францішак Багушэвіч: “Шмат было такіх народаў, якія страцілі найперш мову сваю, як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі! – гаворыць настаўніца Бездзежскай СШ Н.У. Севасцьяновіч, у запісах якой – шмат мудрых выказванняў і фразеалагізмаў аб непаўторнасці і каларытнасці нашай нацыянальнай мовы.
Акрамя работы ў школе, Наталля Уладзіміраўна любіць маляваць, у тым ліку – і са сваімі дочкамі, спявае ў царкоўным хоры, цікавіцца фальклорнай спадчынай тутэйшага краю, рыхтуе вучняў, у ліку якіх і яе дачка Марыя, да ўдзелу ў дзіцячым фестывалі “Радавод”, дзе бездзежскія школьнікі таксама паказваюць глыбокае веданне матэрыялу і займаюць прызавыя месцы. І ўсё гэта для таго, каб дзеці, якія пойдуць у заўтрашні дзень, з маленства з любоўю спасцігалі і засвойвалі галоўны урок цывілізацыі – трэба жыць і ладкаваць будучыню са сваёй мовай, культурай і спадчынай, у якіх найлепшым чынам захаваны нацыянальны дух і назапашаны незлічоныя скарбы людскіх думак і шматвекавога жыццёвага вопыту нашых продкаў.
Галіна ШАФРАН
Фота аўтара