spot_img

У Сорацнях быў адкрыты мемарыяльны комплекс у памяць 144 расстраляных жыхароў вёскі

Дата:

“Мы раслі б, каханымі былі б, бацькамі былі б, дзядамі былі б, мы – жылі б…” – гэты жалобны надпіс цяпер можна прачытаць на мемарыяльнай дошцы, дзе ўвекавечана памяць 144 жыхароў вёскі Сорацні, якія былі расстраляны нямецка-фашысцкімі захопнікамі і іх прыслужнікамі. На адным баку гэтага памятнага стэнда – імёны загінулых, на другім – успаміны відавочцаў, якія нейкім цудам выжылі, пра той трагічны вераснёўскі дзень, пра перажытыя пакуты і страты родных людзей. А побач з мемарыяльнай дошкай, на абуладкаванай пляцоўцы – мастацкая скульптурная кампазіцыя, выкананая з дрэва, з застылымі фігурамі людзей трох пакаленняў, жыццё якіх абарвалася 15 верасня 1943 года.

Гэты адмысловы помнік быў створаны па ініцыятыве і пры садзеянні актывістаў грамадскага аб’яднання “Тур” у межах праекта “Вёска, якая не павінна знікнуць” і гуманітарнай праграмы “Месца сустрэчы: дыялог”. Ён устаноўлены пры ўваходзе на тутэйшыя могілкі, і яго прынароднае адкрыццё адбылося 15 верасня 2018 года – роўна праз 75 гадоў пасля жудаснага расстрэлу вёскі Сорацні. Падзея вылілася ў своеасаблівы мітынг-рэквіем, дзе была ўшанавана памяць бязвінных ахвяр вайны і выказана падзяка тым, хто меў дачыненне да ўвекавечання іх імёнаў.

Мерапрыемства пачалося з выступленняў упраўляючай справамі Драгічынскага сельвыканкама Алены Мікалаеўны Паўлюковіч і загадчыцы сектара па ідэалагічнай рабоце, культуры і справах моладзі райвыканкама Ірыны Файзулаўны Мацук. Яны гаварылі аб тым, што гэта месца будзе нагадваць сучаснікам аб тых страшных выпрабаваннях, якія выпалі на долю нашых землякоў у гады Вялікай Айчыннай вайны, аб святым абавязку – перадаць гэту памяць нашчадкам, аб нашым агульным жаданні – каб на зямлі ніколі не паўтарылася вайна, каб заўжды панавалі мір, згода, дабрабыт і росквіт.

Затым да прысутных звярнулася старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Святлана Андрэеўна Магілянчык, якая выказала шчырую ўдзячнасць ініцыятарам і арганізатарам гэтай справы, актывістам праекта “Вёска, якая не павінна знікнуць”, ураджэнцам нашых мясцін, сёстрам Людміле Мікалаеўне Карнеевай і Ларысе Мікалаеўне Быцко, за іх уклад у захаванне маленькіх вёсак, за тое, што сваімі справамі яны падтрымліваюць пажылых вяскоўцаў, даючы ім надзею і радасць чалавечых зносін.

Далей слова было перададзена непасрэднаму каардынатару праекта Л.М.Карнеевай. Яна паведаміла, што ў 2015-м годзе, калі пісаліся мерапрыемствы ў рамках гэтай гуманітарнай справы, было ўлічана і пажаданне людзей, якія пражываюць у Сорацнях, аб дастойным ушанаванні памяці іх загінулых аднавяскоўцаў.

– Мы запланавалі і правялі экспедыцыі па збору ўспамінаў сведкаў і падрабязнай інфармацыі аб загінулых жыхарах. Затым быў арганізаваны пленэр разьбяроў па стварэнні скульптурнай кампазіцыі, якая стаіць на цяперашнім месцы і ўвасабляе тры пакаленні адной сям’і. Такой была наша задумка, бо калі пачытаць прозвішчы на мемарыяльнай дошцы, то можна ўбачыць, што карнікі нікога не пашкадавалі – ні пажылых вяскоўцаў, ні іх дарослых дзяцей, ні маленькіх унукаў. А фонам для мемарыяльнай дошкі, дзе занесены звесткі аб кожным са 144 жыхароў вёскі Сорацні, якія сталі ахвярамі жорсткай расправы акупантаў, былі абраны каласы – як сімвал жыцця, і чырвоныя макі – як сімвал памяці, – расказала Людміла Мікалаеўна.

Яна распавядала і аб тым, што ідэю праекта падтрымала – не толькі словам, але і канкрэтнымі справамі – кіраўніцтва райвыканкама і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, некаторыя прадпрыемствы і арганізацыі рознай формы ўласнасці, а таксама многія з ураджэнцаў і цяперашніх жыхароў вёскі Сорацні. У прыватнасці, матэрыял дуба да месца работы быў дастаўлены пры садзеянні работнікаў лясгаса, які ўзначальвае член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу РБ Віктар Георгіевіч Амбражэйчык. Затым да справы прыступілі разьбяры-валанцёры Анатоль Савельевіч Туркоў з Камянца, Мікалай Сцяпанавіч Скляр з Гродна, Уладзімір Мікалаевіч Чыквін з Кобрына, Сяргей Аляксандравіч Козел з Баранавічаў і Валерый Васільевіч Манцэвіч з Драгічына. Патрэбную дапамогу ім бескарысна аказвалі вяскоўцы Таццяна Рыгораўна Лучыц, Галіна Яўгенаўна Федзюковіч, Васіль Ніканоравіч Максімовіч, Мікалай Васільевіч Федзюковіч, Мікалай Паўлавіч Куровіч, Мікалай Міхайлавіч Абрамовіч, Васіль Сяргеевіч Моўчан, ваенна-патрыятычны клуб “Перасвет” на чале з кіраўніком Цімафеем Іванавічам Клімчуком. Тэхніка і неабходныя механізмы для мантажу і ўстаноўкі канструкцыі былі выдзелены гаспадарчай групай аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, і арганізацыяй гэтай работы займаўся Аляксандр Паўлавіч Міхнюк. З абуладкаваннем пляцоўкі пад мемарыяльную дошку і скульптурную кампазіцыю дапамаглі спонсары: тратуарнай пліткай забяспечыла прыватнае прадпрыемства “ОлеОкс” пад кіраўніцтвам Леаніда Васільевіча Ігнатчука, яе ўкладку з дазволу дырэктара будаўнічай арганізацыі Анатоля Рыгоравіча Рапінчука выканалі спецыялісты БУ-25, работай якіх кіраваў ураджэнец вёскі Сорацні, прараб Анатоль Іванавіч Федзюковіч. Заўважны ўклад у агульную справу ўнеслі таксама дырэктар ваенна-гістарычнага музея імя Удовікава Сяргей Уладзіміравіч Гранік, калектыў Гутаўскай школы на чале з Таццянай Фёдараўнай Варановіч і прадстаўнікі КУШВП “Драгічынская ЖКГ”, якія навялі ўзорны парадак на могілках і прылягаючай тэрыторыі.

Пасля таго, як былі пералічаны тыя, хто далучыўся да добрай справы і чыімі рукамі аб’ект быў закладзены, зроблены і абуладкаваны, да памятнага знака быў ускладзены кошык з кветкамі, якія суправаджалі і ўпрыгожвалі сялянскае жыццё – макамі, рамонкамі, валошкамі, незабудкамі…

А далей арганізатары мерапрыемства звярнуліся да сведкаў тых трагічных падзей і папрасілі іх вярнуцца ў той жудасны вераснёўскі дзень, калі вёска Сорацні паўтарыла лёс Хатыні.

Ніна Аляксандраўна Максімовіч узгадала, што напярэдадні хлопец, які служыў у паліцыі, але дапамагаў партызанам, перадаў у Сорацні, што рыхтуецца карная экспедыцыя па знішчэнню вёскі. І людзі перасталі начаваць дома, а хаваліся ў лесе ці ў зямлянках, якія былі выкапаны ў некаторых дварах. Але ніхто не ехаў, і многія супакоіліся. А некаторыя нават паўшчувалі дзеда, які перадаў тую інфармацыю: маўляў, вярзе стары глупства, бо адкуль ён можа пра тое ведаць…

Але ж на світанку, 15 верасня 1943 года, папярэджанне збылося: вёску акружылі карнікі. Ніна ў гэты час была ў лесе, таму і ўратавалася. А яе матулю і суседзяў, у якіх яна была ў той час, загналі ў хату і расстралялі, а дом падпалілі.

– Мы да самай зімы знаходзіліся ў лесе. Баяліся ў вёску вяртацца. Потым па чужых людзях скіталіся… А наступным летам на тым пажарышчы мы яшчэ доўга збіралі костачкі сваіх родных. Дождж пройдзе, і яны бялеюць. Але ж жыць неяк трэба было, – з болем распавядала жанчына.

Са слязамі на вачах узгадвала той дзень і Кацярына Фадзееўна Пратасевіч, у якой тады загінула амаль уся радня. Людзі хаваліся ў акопчыку, іх знайшлі, загналі ў дом і пачалі расстрэльваць. Аднак цяжарная Каціна маці тады нейкім дзівам уцалела. Праз яе прайшло 9 куль, але яна выжыла і пазней яе выхадзілі ў партызанскім атрадзе. Раны на руках і грудзях хутчэй зацягнуліся, а вось сківіца была ўся раздробнена, куля выйшла каля носа.

– Мама паўгода хлебнай крошкі праглынуць не магла, слабая была, што ад ветру хілілася. Але ж дзіцятка ў яе, мая сястрычка Манечка, знешне здаровым нарадзілася. А потым хварэць пачало, і маленькім памерла. Нас у той час родзічы з Бездзежа прытулілі, там і пахавалі Манечку. А мама, дзякуй Богу, пазней акрыяла, і яшчэ на работу хадзіла. Хаця жалоба па загінулых не пакідала яе да апошніх дзён, – праз слёзы расказвала Кацярына Фадзееўна Пратасевіч.

Ураджэнка гэтай вёскі, ветэран педагагічнай працы Ніна Лукінічна Грыцук, пра трагедыю ў Сорацнях ведае ад сваёй мамы, якая разам з дзецьмі ўратавалася ў дзедавай зямлянцы. А вось маміну сястру, Кацярыну Карпаўну Куровіч, і яе малалетніх дзетак спалілі жывымі. І сёння іх імёны таксама ўвекавечаны на мемарыяльнай дошцы ў ліку 144 тутэйшых жыхароў, закатаваных фашыстамі і паліцаямі.

Памінальную ліцію па бязвінна загінулых адслужыў настаяцель Вавулічскай царквы Аляксандр Верамейчык. Пазней, звяртаючыся да прысутных, святар зазначыў:

– Жорстскасць і бесчалавечнасць гэтай трагедыі абцяжарвае тое, што ахвярамі акупантаў сталі не ўзброеныя салдаты ці партызаны, а бяззбройныя людзі, у ліку якіх было каля паўсотні дзяцей, і большасць з іх – ва ўзросце да 7 гадоў. Некаторыя сем’і знішчылі “пад корань” і за іх няма каму памаліцца. Думаю, сёння іх душы радуюцца таму, што мы ўпамянулі іх у нашай сумеснай малітве. І мы, жывыя, павінны вынесці ўрок з той трагічнай гісторыі, якая адбылася ў гэтай вёсцы 75 гадоў таму назад, і ў меру сваіх магчымасцей і паўнамоцтваў пастарацца, каб з Божай дапамогай і нашымі намаганнямі такое злачынства на нашай зямлі больш ніколі не паўтарылася. І гэта будзе найлепшым помнікам усім загінулым…

Акурат у час памінальнай службы на месцы памятнага знака 144 жыхарам вёскі Сорацні, жыццё якіх абарвалася ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў і паліцаяў, пайшоў дождж. Гэта, як казалі пажылыя сяляне, неба заплакала разам з людзьмі.

Але надвор’е хутка наладзілася, і вяскоўцы, прыняўшы ад каардынатараў праекта палымнеючыя кветкі маку, разыйшліся, каб ускласці іх да магіл сваіх родзічаў, якія сталі б бацькамі, сталі б дзядамі – жылі б…

Калі б не вайна…

Галіна ШАФРАН
На здымках: у час адкрыцця мемарыяльнай дошкі і мастацкай скульптурнай кампазіцыі па ўвекавечванні памяці 144 жыхароў вёскі Сорацні, закатаваных нямецка-фашысцкімі захопнікамі і паліцаямі ў верасні 1943 года
Фота Івана ЛЯОНЧЫКА

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Яркое открытие елки в Дрогичине: праздник для всей семьи

В Дрогичине прошло торжественное открытие главной новогодней елки, которое...

Кедми: “Орешник” делает немыслимыми любые угрозы безопасности Беларуси

"Орешник" делает немыслимыми любые угрозы безопасности Беларуси. Такое мнение...

Пожар в Дрогичине: работники МЧС спасли хозяина квартиры

Вчера вечером спасателям сообщили о пожаре в квартире на...

Дрогичинским РОВД проводится комплекс профилактических мероприятий

Дрогичинский РОВД информирует о начале комплекса профилактических мероприятий, направленных...