Жніво засталося ў мінулым, але нядоўга смуткавалі зжатыя нівы без сялянскай увагі: неўзабаве пасля зернеўборачных камбайнаў на палі выйшла сельгастэхніка з плугамі і сеялкамі. І зараз, у верасні, у раёне поўным ходам вядзецца закладка будучага ўраджаю. Добрымі тэмпамі выконваецца гэта работа і ў СВК “Агра-Дзеткавічы”…
Іх, руплівых аратых і сейбітаў сельскагаспадарчых палёў, рэдка ўзгадваюць і ўшаноўваюць на святочных “Дажынках”, якія вянчаюць калектыўную працу, падводзяць вынікі старанню хлебаробаў, хаця менавіта яны ад года ў год закладваюць аснову будучых ураджаяў. У кааператыве “Агра-Дзеткавічы” на сяўбе азімых зерневых задзейнічаны механізатары з багатым земляробчым вопытам, а асноўным арганізатарам работ на гэтым важным участку з’яўляецца галоўны аграном гаспадаркі Т.А.Хоміч.
Сюды, у Дзеткавічы, Таццяна Аляксееўна прыехала яшчэ маладым спецыялістам, больш 30 гадоў таму назад. Тады, як яна лічыць, і пачаў складвацца працаздольны і дружны калектыў, на якім і па сённяшні дзень трымаецца гаспадарка. У тагачасным калгасе быў нядрэнны і стабільны заробак, і многія вясковыя хлопцы і дзяўчаты, паспытаўшы гарадскога жыцця, вярталіся ў родныя мясціны, дзе жа-ніліся і выходзілі замуж, абзаводзіліся ўласнай гаспадаркай і пускалі трывалыя карані на сваёй бацькаўшчыне. У ліку такіх – і трактарыст Анатоль Сцяпанавіч Якімовіч. У свой час ён таксама памкнуўся ў горад, але жыццё ў пастаяннай людской цеснаце і тлуме не прыйшлося яму даспадобы. Вярнуўся дадому, уладкаваўся ў калгас і з тае пары – таксама ўжо больш трох дзясяткаў гадоў – працуе на сельскагаспадарчых палетках. Яго асноўны занятак, у якім А.С.Якімовіч дасягнуў дасканаласці, – сяўба, і зараз у Анатоля Сцяпанавіча – самы гарачы і адказны час.
На сённяшні дзень у СВК “Агра-Дзеткавічы”, як патлумачыла галоўны аграном гаспадаркі Т.А.Хоміч, поўнасцю пасеяны азімы ячмень і пшаніца пад ураджай будучага года. Менавіта гэтыя сельгаскультуры ў час нядаўняй уборкі далі найвышэйшыя намалоты. Усяго ж у кааператыве было сабрана 3500 тон збожжа пры ўраджайнасці больш 44 цэнтнераў з гектара, хаця той жа ячмень на асобных участках, па словах Таццяны Аляксееўны, даваў пад 60 цэнтнераў з гектара. І вялікая заслуга ў гэтым належыць механізатарам, якія працавалі на ўнясенні ўгнаенняў, падрыхтоўцы глебы, якія сыпалі зерне ў раллю і даглядалі пасевы. Вось і Анатоль Сцяпанавіч Якімовіч зараз штодзённа заняты на сяўбе азімых, і пры яго непасрэдным удзеле ў гаспадарцы ўжо засеяна амаль палова азімага кліна збожжавых сельгаскультур.
Актыўна вядуцца работы і па перазалужэнню пашавых угоддзяў. Літаральна за вёскай Дзеткавічы, побач з тутэйшым жывёлагадоўчым комплексам, гэтай справай займаўся механізатар Іван Фёдаравіч Бандарук. “Раней на тутэйшым полі пасеялі жыта з сурэпіцай, цяпер падсеем травяную сумесь, а па вясне скосім і будзем мець свежы зялёны корм для грамадскай жывёлы. А потым трава падрасце і сюды, бліз фермы, можна будзе выганяць статак на пашу”, — дзеліцца сваімі разважаннямі Таццяна Аляксееўна.
Паралельна з гэтымі ў кааператыве вядуцца і іншыя сезонныя работы. Жніво зерневых завершана, але камбайны працягваюць выходзіць у поле для ўборкі кукурузы, грэчкі і іншых сельгаскультур. У дзень нашага прыезду ў “Агра-Дзеткавічах” малацілі канюшыну на насенне, і галоўны аграном гаспадаркі Т.А.Хоміч ужо спланавала, што будзе расці на гэтым участку ў наступным годзе.
У спрадвечных сялянскіх клопатах усё зноўку вяртаецца на кругі свая…
Галіна ШАФРАН
Фота аўтара