spot_img

У Іванава адсвяткавалі абласныя “Дажынкі-2015”

Дата:

Многія святы, звычаі і традыцыі беларусаў бяруць свой пачатак з падзей, цесна звязаных з земляробчым календаром. “Дажынкі”, мабыць, самае вядомае з такіх святаў. Яно азначала канец жніва, гарачай уборачнай пары і цяжкай працы, таму і святкавалі яго заўсёды з размахам. У апошнi дзень жніва на полі збіралася талака – добраахвотныя памочнікі, сярод якіх былі сваякі, сябры, суседзі. Самая старэйшая і паважаная жанчына паказвала, дзе каму жаць, і першай пачынала жніво. Кожны ўзмах сярпом суправаджаўся адмысловымі абрадавымі песнямі.

Традыцыя  праводзіць “Дажынкі”   аказалася такой моцнай, што ні гады, ні войны не змаглі яе знішчыць. У 1996 годзе свята аднавілася ў новым фармаце – Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі. Святочныя мерапрыемствы традыцыйна праводзяцца і ў рэгіёнах. Такое маштабнае святкаванне “Дажынак” характэрна толькі для Беларусі. Больш ні адна краіна на постсавецкай прасторы не святкуе заканчэнне жніва з такім размахам.

У гэтым годзе “хлебаробчая талака” сабралася ў суседнім з намі Іванаве. Як гэта водзіцца, падрыхтоўка да свята пачалася задоўга. Добраўпарадкаваны вуліцы, адноўлена гарадская  інфраструктура. Непасрэдна да фестывалю было прымеркавана адкрыццё шэрагу аб’ектаў. Капітальныя рамонты з мадэрнізацыяй былі праведзены ў раённым Цэнтры культуры і народных традыцый, дзіцячай кансультацыі Іванаўскай раённай бальніцы.

12 верасня стала першым рабочым днём для гандлёвага цэнтра “Санта-Ритейл”, будаўніцтва якога вялося ў рамках інвестыцыйнага дагавора з Брэсцкім аблвыканкамам і завершана як раз напярэдадні. Плануецца, што ў магазіне будуць прадстаўлены тавары айчыннай вытворчасці і іх доля складзе не менш за 82%.  Непасрэдна святочныя мерапрыемствы традыцыйна пачаліся з урачыстага шэсця. Першымі “шляхам гонару”, якім стала ў гэты дзень вуліца Савецкая горада Іванава, прайшлі перадавікі мінулага жніва: камбайнеры, механізатары, тыя, хто сваімі рукамі зведаў цану хлебу. За імі пад апладысменты гасцей свята рушылі дэлегацыі раёнаў у суправаджэнні самадзейных калектываў. Шчырыя вітанні гучалі ў адрас драгічынскіх працаўнікоў, старшыні райвыканкама Юрыя Васільевіча Дзядзюка. Добры настрой, створаны арганізатарамі, падтрымліваўся і вынікамі працы нашых хлебаробаў. Заставіла пахвалявацца надвор’е, але, нягледзячы на ўсе цяжкасці, драгічынскі каравай аказаўся даволі важкім. Больш за 75 000 тон зерня сабрана з палёў раёна.

На святочнай сцэне, уладкаванай на гарадской плошчы, адбылося ўшанаванне лепшых працаўнікоў. Сцяг «Дажынак» паднялі лідары спаборніцтва хлебаробаў, якія занялі першыя месцы. У гэтым годзе імі сталі кіраўнікі Баранавіцкага раёна Васіль Хвацік, генеральны дырэктар птушкафабрыкі «Дружба» Васіль Маркевіч і лепшы камбайнер гэтага сельгаспрадпрыемства Валерый Савіцкі.

Усяго ўзнагароды атрымалі 114 чалавек. Гэта камбайнеры, вадзіцелі на адвозцы збожжа, сямейныя і маладзёжныя экіпажы, галоўныя аграномы, аператары і машыністы зернесушыльных комплексаў. Сярод лідараў жніва – старшы камбайнер СВК “Імянінскі” Аляксандр Плында. Дыплом пераможцы агляду-конкурсу “Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў” атрымаў старшыня Брашэвіцкага сельвыканкама Леанід Карповіч. З прыемным хваляваннем падымаўся на святочную сцэну і старшыня СВК “Бездзеж-Агра” Віктар Састраўчук, які атрымаў Пісьмо падзякі ад ААТ “Белсолад” за дасягненні і высокія паказчыкі ў вытворчасці піваваранага ячменю.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў і гасцей свята, губернатар Брэсцкай вобласці Анатоль Васільевіч Ліс сказаў: “За апошнія гады для аграрнай галіны ў нас было нямала зроблена. Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы толькі на працягу пяцігодкі ў галіне пабудаваны амаль сто зернесушыльных комплексаў і звыш дваццаці збожжасховішчаў. Сельскагаспадарчы комплекс папоўніўся тысячамі адзінак сучаснай тэхнікі. А галоўнае – вялікая ўвага была ўдзелена ўкараненню новых тэхналогій у земляробстве, якія дапамаглі дасягнуць рубяжу ў мільён тон збожжа. У бягучым годзе мы перасягнулі яго першымі ў рэспубліцы. І хоць затрачаныя рэсурсы і ўкладзеная праца не далі запланаванага ўраджаю ў 1,5 мільёна тон, сабраць удалося не нашмат менш. У поўным аб’ёме выкананы дзяржаўны заказ – на збожжапрыёмныя прадпрыемствы пастаўлена 186,2 тысячы тон збожжа”.

Уклад Брэсцкай вобласці ў агульнарэспубліканскі каравай адзначыў і першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Марыніч, які зачытаў прывітальны адрас міністра Леаніда Зайца.

Завяршыў урачыстую частку канцэрт калектываў мастацкай самадзейнасці Брэстчыны. Прыемна было бачыць на сцэне вядомых усім нашых “Зараначку” і “Прыгажосць”.

…А тым часам свята працягвалася, разлівалася па вуліцах вясёлым гоманам, песнямі ды прытанцоўкамі. На кожныя дзвесце метраў была абсталявана канцэртная пляцоўка.

Сваю прадукцыю прадставіла ўся Брэсцкая вобласць. Брэсцкі мясакамбінат нават прывёз сваю “Алу Пугачову з ахоўнікам”.

Горад майстроў здзіўляў сваімі рукатворнымі таварамі. Прама на вачах у гледачоў чаканіліся манеты, працавалі разьбяры па дрэве, ганчары, вырабляліся мур з цэглы і коўка.

Шматлюдна было каля гандлёвых радоў Драгічынскага райспажыўсаюза. Новыя палаткі прываблівалі пакупнікоў разнастайнымі прысмакамі. Жадаючыя маглі набыць і розныя нехарчовыя тавары.

Яшчэ адзін эпіцэнтр свята – гарадскі парк. Тут адбыўся абласны этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла”. У спаборніцтве прынялі ўдзел 16 шлюбных пар, якія маюць аднаго і больш дзяцей. Кожны раз арганізатары праекта стараюцца прыдумаць для канкурсантаў новыя выпрабаванні. У гэтым годзе ў праграму было ўключана 5 конкурсаў, падчас якіх сем’ям трэба было прадэманстраваць уменне, спрыт, сілу і цягавітасць, так неабходныя сельскаму жыхару. У прыватнасці, мужчыны спаборнічалі паміж сабой у майстэрстве нарыхтоўкі дроў. Разам з жонкамі і дзецьмі яны спрабавалі па ўсіх правілах запрэгчы каня, што зрабіць не так ужо і лёгка. У конкурсе “Сялянскія прысмакі” за справу ўзяліся жанчыны. Гаспадынькам было дадзена заданне: прыгатаваць стравы беларускай нацыянальнай кухні, але з умовай, што ўсе неабходныя інгрэдыенты яны вырасцілі на сваім агародзе.

Да гэтага моладзевага праекта вобласць падключылася 7 гадоў таму. Конкурс закліканы садзей-   нічаць умацаванню сямейных традыцый, папулярызацыі працы і жыцця ў вёсцы. Драгічыншчыну прадстаўляла сямейная пара Мікалая і Ірыны Волк з Закозеля. А абараняць гонар Брэстчыны на рэспубліканскім узроўні будуць столінцы.

На гарадскім стадыёне адбыўся таварысцкі матч паміж футбалістамі Іванаўскага і Драгічынскага раёнаў. Асноўны час скончыўся з лікам 1:1. А вось у серыі пенальці мацнейшымі аказаліся гаспадары поля.

…Традыцыя “Дажынак” жыве. У ёй – вялікая стваральная сіла. На ёй трымаецца сувязь паміж пакаленнямі, яна – мост у будучыню. Вялікую і шчаслівую. Бо інакш не можа быць у краіне, дзе найвышэйшай каштоўнасцю з’яўляецца Чалавек-Працаўнік.

У наступным годзе прымаць галоўнае свята хлебаробаў будзе Драгічын.

Дажынкі-2015

У святочнай калоне - дэлегацыя Драгічынскага раёна на чале са старшынёй райвыканкама Ю.В.Дзядзюком
У святочнай калоне – дэлегацыя Драгічынскага раёна на чале са старшынёй райвыканкама Ю.В.Дзядзюком
Старшыня Брашэвіцкага сельвыканкама Л.Б.Карповіч
Старшыня Брашэвіцкага сельвыканкама Л.Б.Карповіч
Дыплом за трэцяе месца ў абласным спаборніцтве атрымаў камбайнер СВК "Імянінскі" Аляксандр Плында
Дыплом за трэцяе месца ў абласным спаборніцтве атрымаў камбайнер СВК “Імянінскі” Аляксандр Плында
Пісьмом падзякі ААТ "Белсолад" адзначаны старшыня СВК "Бездзеж-Агра" Віктар Састраўчук
Пісьмом падзякі ААТ “Белсолад” адзначаны старшыня СВК “Бездзеж-Агра” Віктар Састраўчук

Дажынкі-2015Дажынкі-2015Дажынкі-2015Дажынкі-2015Дажынкі-2015Дажынкі-2015Дажынкі-2015Дажынкі-2015

Генадзь ДЗЕЮН

Фота Івана ЛЯОНЧЫКА

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Яркое открытие елки в Дрогичине: праздник для всей семьи

В Дрогичине прошло торжественное открытие главной новогодней елки, которое...

Кедми: “Орешник” делает немыслимыми любые угрозы безопасности Беларуси

"Орешник" делает немыслимыми любые угрозы безопасности Беларуси. Такое мнение...

Пожар в Дрогичине: работники МЧС спасли хозяина квартиры

Вчера вечером спасателям сообщили о пожаре в квартире на...

Дрогичинским РОВД проводится комплекс профилактических мероприятий

Дрогичинский РОВД информирует о начале комплекса профилактических мероприятий, направленных...