На мінулым тыдні наш раён адзначыў 75-гадовы юбілей. Надвячоркам у пятніцу неба над Драгічынам расквеціў святочны феерверк, абвяшчаючы працяг гістарычнага шляху, пачатак якому быў пакладзены ў студзені 1940 года. Урачысты сход з нагоды юбілею раёна быў прызначаны на 3 гадзіны дня. Збірацца госці пачалі загадзя. Фае гарадскога Дома культуры гуло людскімі галасамі, быццам пчаліны вулей. З розных куточкаў раёна з’ехаліся дэлегацыі.
Асабліва радаваліся магчымасці ўбачыцца ветэраны працы. Яны ўспаміналі мінулае, як шчыравалі на карысць раёна, цікавіліся адзін у аднаго здароўем, сямейнымі справамі. І было не важна, кіруючую пасаду займалі яны ў маладыя гады ці былі радавымі працаўнікамі. Так, аб нечым цікавым з былым старшынёй райвыканкама, начальнікам падатковай інспекцыі Васілём Арцюшчыкам і былым старшынёй райкама прафсаюза работ-нікаў асветы Юльянам Соўпелем размаўляў рабочы камбікормавага завода Васіль Мурза. Нягледзячы на тое, што Васіль Сцяпанавіч ужо восем гадоў атрымлівае пенсію, ужываць слова “былы” адносна яго пакуль не прыходзіцца. Высакакласны слесар, токар, ён па сённяшні дзень працуе на прадпрыемстве.
– 8 студзеня споўнілася 38 гадоў, як я вярнуўся з Брэста ў родны раён і ўладкаваўся працаваць на камбікормавы завод. У доме, пабудаваным прадпрыемствам на гарадской плошчы, атрымаў кватэру. Тут нарадзіўся мой сын! – прыемныя ўспаміны ахопліваюць Васіля Мурзу. – У былыя часы наша прадпрыемства выпускала вельмі шмат камбікармоў, машыны пад пагрузку выстройваліся ў чаргу. А раз куплялі нашу прадукцыю, дык і грошы прадпрыемства мела вялікія…
Побач з Васілём Арцюшчыкам перад пачаткам урачыстасці Васіль Мурза апынуўся не выпадкова. Неаднойчы прыходзілася былому намесніку старшыні райвыканкама ўручаць стараннаму рабочаму граматы і прэміі. Чатыры разы Васіль Мурза заносіўся на раённую Дошку гонару, а на Дошцы гонару камбікормавага завода яго партрэт знаходзіцца і цяпер.
– Значыць, і я ўнёс пэўны ўклад у развіццё раёна?! – з гонарам вымаўляе токар.
… Ля ўваходных дзвярэй некага ўважліва выглядае старшыня СВК “Брашэвічы” Фёдар Жыдковіч. Аказваецца, ён чакае былога кіраўніка гаспадаркі Уладзіміра Панкратава і яго жонку, у мінулым галоўнага эканаміста – Вольгу Іванаўну. Калі тыя нарэшце паяўляюцца, радасна іх вітае, паведамляе, што мае намер уручыць пасля ўрачыстага сходу грашовыя прэміі.
Дзеля святочнай нагоды сямейная пара Панкратавых надзела працоўныя ўзнагароды. Большасць з іх Уладзімір Іванавіч і Вольга Іванаўна атрымалі менавіта падчас работы ў калгасе імя Ка-лініна, як раней называўся СВК “Брашэвічы”. З 1974 па 1989 год кіраваў Панкратаў гэтай гаспадаркай.
– Калгас меў шмат уласных грошай, якія ўкладваліся не толькі ў развіццё вытворчасці, але і ў сацыяльную сферу, – узгадвае Вольга Іванаўна. – Так, у Брашэвічах за заробленыя гаспадаркай сродкі былі ўзведзены Дом культуры, фельчарска-акушэрскі пункт, вучэбны цэнтр, будаваліся і дарогі. Калгас імя Калініна ў маштабах рэспублікі з’яўляўся апорна-паказальным у плане развіцця эканомікі. У нас праходзілі рэспубліканскія, абласныя і раённыя семінары. Павучыцца было чаму: гаспадарка працавала з рэнтабельнасцю ў 56 працэнтаў, узнагароджвалася Усесаюзным пераходзячым сцягам, медалямі ВДНГ. Не толькі мы з Уладзімірам Іванавічам былі адзначаны працоўнымі медалямі, высокія ўзнагароды атрымалі і многія радавыя працаўнікі.
Людзей розных узростаў можна было ўбачыць на свяце. Стараючыся не адстаць ад сваёй дэлегацыі, хуценька прайшоў у глядзельную залу малады спецыяліст СПК “Аляксеевічы-Агра” Юрый Чайкоўскі. Усяго другі год працуе хлопец у гаспадарцы, але ўжо загадвае майстэрнямі.
А вось біяграфія аднаго са старэйшых гасцей урачыстасці Міхаіла Васільевіча Грэчкі складаецца не толькі з працоўных, але і з баявых будняў. Ураджэнец вёскі Дробаты, у 1944 годзе ён займаўся размініраваннем тэрыторыі Драгічынскага раёна, а ў 1945 годзе быў мабілізаваны ў Чырвоную армію. На яго шчасце, Японія капітуліравала перш чым чырвонаармейцы дабраліся да месца баявых дзеянняў. Але дамоў Міхаіл Васільевіч вярнуўся толькі праз шэсць гадоў. Дакладней, у Драгічын, дзе жыла яго цётка: родную хату ў Дробатах фашысты спалілі. Малады мужчына ўладкаваўся на працу ў МТС, шчыраваў на трактары, убіраў збажыну камбайнам. А калі МТС расфарміравалі, чатыры гады працаваў механізатарам у калгасе імя Малінкова, – так калісьці называлася гаспадарка ў вёсках Гутава і Вавулічы. Усё далейшае жыццё ветэрана Вялікай Айчыннай вайны было звязана з райсанстанцыяй.
***
Пакуль госці свята віталіся, размаўлялі, займалі свае месцы ў глядзельнай зале, у фае Дома культуры гучаў саксафон, а на вялікіх экранах па абодва бакі ад сцэны дэманстраваўся дакументальны фільм пра гісторыю і сучаснасць Драгічыншчыны.
Падрабязны экскурс у мінулае раёна зробіць у сваім выступленні перад удзельнікамі ўрачыстасці старшыня райвыканкама Юрый Васільевіч Дзя-дзюк. Кіраўнік раённай “вертыкалі” прааналізуе стан спраў у сучаснай эканоміцы раёна, адзначыць уклад кожнай галіны, кожнага працоўнага калектыву і прадстаўнікоў прыватнага бізнесу ў агульную скарбонку. Ён уручыць Ганаровыя граматы і Пісьмы падзякі райвыканкама жыхарам Драгічыншчыны, якія заслужылі павагу землякоў дзякуючы сваім працоўным, творчым дасягненням, імкненню жыць па сумленню, клапоцячыся аб дабрабыце іншых. Узнагароды атрымаюць хірург Вацлаў Гойдзь і дырэктар прыватнага прадпрыемства па вытворчасці мясных вырабаў “Мірон” Ігар Шыкалай, пераможца рэспуб-ліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства, буфетчыца рэстарана “Івушка” Вольга Міховіч і жывёлавод СВК “Імянінскі” Ігар Наумчык, іншыя асобы. Усіх іх зала будзе вітаць апладысментамі. Але ж найбольш цёпла, паважліва, працягла – свяшчэннаслужыцеля Асавецкага праваслаўнага храма айца Віктара. Не застануцца без увагі і ветэраны працы. Сцяпану Пратасевічу, Ганне Багданавай, Раісе Бандарчук, Пятру Церашчуку і іншым Юрый Дзядзюк уручыць прывітальныя адрасы і кнігу пра Драгічыншчыну.
У юбілей традыцыйна прынята радаваць віноўнікаў урачыстасці падарункамі. Не з пустымі рукамі прыехаў на сваю маленькую радзіму і былы старшыня Драгічынскага райвыканкама, а цяпер – кіраўнік спраў Брэсцкага аблвыканкама Антон Сцяпанавіч Стэльмах. Ён шчыра павіншаваў землякоў са святам і ўручыў Ганаровыя граматы аблвыканкама фермеру Анатолю Жарко, старшыні Закозельскага сельвыканкама Сцяпану Важынскаму, Пісьмо па-дзякі аблвыканкама – дырэктару Бездзежскай сярэдняй школы Аляксею Хлебаўцу, Ганаровыя граматы абласнога Савета дэпутатаў – старшыні Брашэвіцкага сельвыканкама Леаніду Карповічу, дырэктару Антопальскай ватна-прадзільнай фабрыкі Генадзю Радчуку, старшыні СВК “Асавецкі” Станіславу Цынкусу, загадчыку хірургічнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы Уладзіміру Скарбу, Пісьмо падзякі аблсавета – муляру ПМК-8 Уладзіміру Наумчыку.
А вось прадстаўнік ААТ “Савушкін прадукт”, куды пастаўляе малако большасць гаспадарак раёна, падарунак ад прадпрыемства – камп’ютар – перадасць гарадскому Дому культуры. На першы погляд гэта можа падацца дзіўным. Але ж без устаноў культуры, людзей, якія працуюць у іх, ствараюць цудоўныя канцэрты, займаюць насельніцтва мастацкай самадзейнасцю, вучаць спевам, танцам, музыцы немагчыма ўявіць Драгічыншчыну. Яны дораць добры настрой працаўнікам раёна падчас канцэртаў з нагоды прафесійных свят, выязджаюць падчас жніва ў поле да хлебаробаў.
Вось і да юбілею раёна падрыхтавалі цудоўны канцэрт. Добры настрой гасцям урачыстасці стваралі салісты, ансамблі, танцавальны калектыў “Прыгажосць”, народныя калектывы: ансамбль народнай музыкі “Сваякі” і аркестр народных інструментаў музычнай школы мастацтваў. Прызнаннем важнасці культуры ў жыцці раёна таксама стала ўзнагароджванне Пісьмом падзякі райвыканкама маладога драгічынскага спевака Арцёма Саладухі, які, дарэчы, адкрыў святочны канцэрт.
***
Удзел у юбілейнай урачыстасці прынялі і госці з Брэста: начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі Міхаіл Ціханчук, старшыня праўлення аблспажыўсаюза Леанід Янковіч, з Мінска – пастаянны ўпаўнаважаны прадстаўнік Рэспублікі Беларусь пры статутных і іншых органах Садружнасці Незалежных Дзяржаў Мікалай Дзямчук. Свае віншаванні з юбілеем прыслалі старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, ураджэнец вёскі Ліпнікі Валерый Вакульчык, былы дэпутат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, драгічынец, Уладзімір Здановіч і былы старшыня райвыканкама Васіль Хвацік.
Павіншаваць землякоў з юбілеем прыязджалі лаўрэат шматлікіх музычных конкурсаў піяніст Юрый Бліноў са сваім сябрам, баяністам Уладзіславам Плігаўкай, спявачка Паліна Данская.
У добры шлях, Драгічыншчына! Няхай будзе наперадзе яшчэ шмат юбілеяў, і няхай будуць людзі, якімі ты зможаш ганарыцца!
Ніна ТКАЧУК
Фота Івана ЛЯОНЧЫКА