spot_img

Трыма дыпломамі і медалём адзначана выступленне дзіцячага ансамбля “Славяначка”

Дата:

Трыма дыпломамі і медалём адзначана выступленне дзіцячага ансамбля народнага танца “Славяначка” Драгічынскай школы харэаграфіі ў II адкрытым конкурсе маладых выканаўцаў “Беларускія таленты”. Танец “Юрачка”прынёс калектыву званне лаўрэата трэцяй ступені конкурсу, “Каваль” – узнагароду за цікавы сцэнічны вобраз, а “Бульба” – дыплом і медаль у намінацыі “Надзея”.

Нарадзілася “Славяначка” чатыры гады таму. І паспела ўжо пабываць нават за мяжой, у Польшчы. Фестываль, у якім удзельнічалі 10 краін і дзе юных драгічынскіх танцораў прымалі вельмі цёпла, надаў удзельнікам калектыву ўпэўненасці. Летась “Славяначка” стала лаўрэатам трэцяй ступені рэспубліканскага фестывалю-конкурсу дзіцячага мастацтва “Лідскі вянок”.

Перад выступленнем у Мінску, а конкурс праходзіў у апошнюю нядзелю лістапада, дзяўчаткі і хлопцы хваляваліся нават больш, чым перад выхадам на лідскую сцэну. На працягу года яны заставаліся без свайго кіраўніка: Ганна Аляксееўна Пупко ад’язджала ў іншы горад і ў Драгічын вярнулася толькі восенню. Усяго некалькі тыдняў было ў калектыва, каб адшліфаваць конкурсныя танцы.

Дырэктар школы харэаграфіі Валерый Барысавіч Чарнышоў упэўнены, што давяраючы “Славяначку” менавіта Ганне Аляксееўне, ён “стрэліў у дзясятку”.

– Напачатку ёй, вядома ж, было цяжка, – па-бацькоўску цёпла распавядае пра сваю падначаленую Валерый Барысавіч. Ён шмат дапамагаў маладому педагогу, падтрымліваў маральна, шчодра дзяліўся сваімі творчымі ідэямі. Гэта Валерый Барысавіч прапанаваў Ганне Аляксееўне паставіць мужчынскую харэаграфічную кампазіцыю “Каваль”, якая ў Мінску заваявала дыплом за цікавы сцэнічны вобраз.

– Народна-сцэнічны танец патрабуе глыбокай драматургіі, вялікай творчай работы. Танцору важна не проста правільна выканаць пэўную фігуру – кожны яго рух, быццам слова, павінен гаварыць, – тлумачыць Чарнышоў.

– Народна-сцэнічны танец – як апавяданне, ён павінен мець завязку, кульмінацыю і развязку. Важна танцаваць так, каб глядач разумеў, што мы хочам яму расказаць, – падтрымлівае Валерыя Барысавіча кіраўнік “Славяначкі”. Раней Ганне Аляксееўне больш блізкай была класіка. З шасці гадоў яна стаяла на пуантах, ды і падчас вучобы лічыла сябе “класічкай”. Любоў да класікі ў сэрцы засталася: трэба бачыць, з якой пяшчотай Ганна Аляксееўна трымае ў руках “абутак балярын”. Гэтай восенню яна пачала ставіць на пуанты сваіх вучаніц і марыць, што 8 Сакавіка дзяўчаты змогуць выступіць на сцэне. Апынуўшыся ў Драгічынскай школе харэаграфіі, яна была вымушана “пераарыентавацца” на народныя танцы, якім тут аддаецца перавага, і таксама палюбіла іх. Ганна Аляксееўна вядзе заняткі з вучнямі як педагог, кіруе “Славяначкай” і выступае ў народным танцавальным калектыве “Прыгажосць”.

Можа таму так і стараюцца ўдзельнікі “Славяначкі”, што перад іх вачамі, быццам маяк – ансамбль “Прыгажосць”? Калектыў цёпла прымаюць не толькі драгічынскія, беларускія аматары народнага танца, але і замежныя. “Прыгажосць” часта ездзіць на фестывалі і конкурсы ў Заходнюю Еўропу, адкуль традыцыйна прывозіць узнагароды.

Дваццаць пяць школьнікаў ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў танчаць у “Славяначцы”. Кожнаму юнаму артысту ўласціва свая адметная “рызыначка”. Асабліва Ганна Аляксееўна адзначае Аляксандру Елец, Соф’ю Строк, Карыну Кароль, салістаў-хлопцаў, якім па плячы складаныя трукі, – Аляксея Манько і Данііла Салівончыка. Розныя прычыны прывялі хлопцаў яшчэ зусім дзецьмі ў харэаграфічную школу. Лёша быў зачараваны выступленнямі танцораў па тэлевізары, затаіўшы дыханне назіраў, як танцуюць героі кінафільмаў. Данік жа ў харэаграфічную школу прыйшоў услед за дзяўчынкай, якая яму вельмі падабалася. Дзяўчынка тая займалася нядоўга. У адрозненне ад яе Данііл не толькі застаўся вучыцца танцам, але і вырашыў зрабіць іх сваёй прафесіяй. Разам з Аляксеем Манько ён мае намер будучым летам паступаць у Пінскі каледж мастацтваў, на выкладчыка харэаграфіі. З хлопцамі займаецца майстар спорту па гімнастыцы Валянціна Канстанцінаўна Бубнова, дзякуючы якой у “Славяначцы” яны паспяхова спраўляюцца з “роляй” трукачоў.

Так, удзельнікі калектыву растуць, распрамляюць крылы і бяруць кірунак на дарослае жыццё. Ганна Аляксееўна мае намер стварыць дадатковую групу і набраць у яе маленькіх дзяўчынак і хлопчыкаў: таленавітых дзетак, якія змогуць прадоўжыць пачынанне цяперашняга складу “Славяначкі”, на Драгічыншчыне нямала.

– Вельмі важна, каб калектыў меў магчымасць творча развівацца, выступаючы на розных сцэнах, як у родным горадзе, так і за межамі Рэспублікі Беларусь, – гаворыць Ганна Аляксееўна. – Я ўдзячна дырэктару школы харэаграфіі Валерыю Барысавічу Чарнышову, які дбае пра будучыню “Славяначкі”, яе рэпертуар, пра пашыў касцюмаў і абутку, арганізацыю транспарту. Шчыры дзякуй нашаму акампаніятару Сяргею Антонавічу Стэльмаху за яго майстэрскую апрацоўку музычнага матэрыялу, начальніку раённага аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Леаніду Сцяпанавічу Куроўскаму за прадастаўленне транспарту…

“Славяначка” жыве творчымі планамі. 2016 год – юбілейны для школы харэаграфіі, ёй спаўняецца 10 год. Святкаванне пачнецца 19 студзеня юбілейным спектаклем, а прадоўжыцца справаздачнымі канцэртамі школы і ансамбля “Прыгажосць”. Вядома ж, у гэтых мерапрыемствах будзе прымаць удзел і дзіцячы танцавальны калектыў школы: юбілей – гэта повад для таго, каб прадэманстраваць гледачу пераемнасць пакаленняў.

Валерый Чарнышоў спадзяецца, што “Славяначка” яшчэ неаднойчы выступіць і на замежнай сцэне.

–Танцавальнае мастацтва прыносіць краіне не меньшую ідэалагічную карысць, чым, напрыклад, спорт, – упэўнены Валерый Барысавіч. – Замежныя гледачы вельмі любяць беларускую харэаграфію. Так прыемна, калі танцавальнаму калектыву з невялічкага гарадка Драгічын стоячы апладзіруюць немцы, палякі, чэхі, амерыканцы. Яны дораць свае апладысменты не проста ансамблю “Прыгажосць” альбо “Славяначка”. Яны апладзіруюць Беларусі…

Ніна ТКАЧУК

Фота Івана ЛЯОНЧЫКА

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Лукашенко поручил разработать в Беларуси формулу справедливого ценообразования

Правительство разрабатывает формулу справедливого ценообразования. Об этом Президент Беларуси...

На сайте ЦИК Беларуси начал работать сервис по поиску участка для голосования

Сегодня на сайте ЦИК Беларуси начал работать сервис по...