spot_img

Школа збірае сяброў

Дата:

Маёй роднай, любай школцы – СШ №2 г.Драгічына – споўнілася 50 гадоў! Неўпрыкмет ляціць час: вось ужо за плячамі тры дзесяткі росных восеньскіх ранкаў, калі ў Дзень ведаў, 1 верасня, я не спяшаюся з букетам у руках, у белым фартушку і з бантамі, на свята першага званка. На пенсіі мае настаўнікі (а некаторыя ўжо і з жыцця пайшлі), кожнаму з якіх гатова ўдзячна пакланіцца да зямлі. Але варта ступіць крок за школьныя веснічкі, ахінуць позіркам цагляны трохпавярховы будынак, як дзівосная цеплыня і шчымлівы сум разліваюцца па душы, абуджаюць успаміны, прымушаюць сціснуцца сэрца…
Прыемна было даведацца, што ў 16 гадзін, у пятніцу, мая родная школа чакае мяне на спатканне. Між іншым, як і ўсіх сваіх выпускнікоў і былых настаўнікаў. Якой атрымаецца сустрэча, я абавязкова распавяду чытачам на наступным тыдні. Пакуль жа – слова дырэктару Мікіце Сцяпанавічу Шэмету і яго намесніку – Галіне Пятроўне Гардзяйчук.

Шлях даўжынёю ў паўстагоддзя

IMG_1243

Мікіта Сцяпанавіч Шэмет, дырэктар СШ №2 г.Драгічына:
– Гісторыя нашай вучэбнай установы бярэ свой пачатак з 1965 года. Не варта здзіўляцца, пачуўшы ад выпускнікоў больш сталага ўзросту, што яны заканчвалі СШ №3 г.Драгічына. Менавіта такі нумар быў дадзены новай школе, што расхінула свае дзверы па вуліцы Леніна, ці як казалі драгічынцы, “за мастом”, паўстагоддзя назад. 597 вучняў расселіся тады за партамі ва ўтульных класных пакоях трохпавярховага будынка. 18 класаў-камплектаў прынялі пад свае клапатлівыя крылы 40 педагогаў. А ўзначаліў настаўніцкі калектыў Андрэй Сафронавіч Еслікаў. Дванаццаць гадоў ён кіраваў школай.
Змяніў Антона Сафронавіча на адказнай і нялёгкай дырэктарскай пасадзе Мікалай Іванавіч Ляўчук, чалавек творчы і ўсім сэрцам адданы любай справе. Шмат пакаленняў выпускнікоў, у якіх ён выкладаў фізіку і якія мелі шчасце вучыцца падчас яго дырэктарства, і па сённяшні дзень успамінаюць Мікалая Іванавіча з пачуццём глыбокай павагі і ўдзячнасці! Так атрымалася, што прымаў Ляўчук СШ №3 г.Драгічына, а на пенсію пайшоў ужо з СШ №2: напрыканцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя школе быў дадзены новы парадкавы нумар.
За паўстагоддзя школу закончылі 3015 вучняў, 55 выпускнікоў атрымалі залатыя, 67 – сярэбраныя медалі, 261 вучань быў адзначаны пахвальным лістом. Мы ганарымся сваімі выпускнікамі, і вельмі шкада, што на Дошцы гонару побач з фотаздымкамі нашых цяперашніх вучняў-выдатнікаў, маем магчымасць размясціць здымкі невялікай колькасці з іх. Па дзівоснай краіне ведаў у нашай школе калісьці крочылі цяперашні генеральны дырэктар ЗАА “Атлант” Віктар Сцяпанавіч Шуміла, начальнік аддзела “Беларуснафта г.Мінска” Таццяна Паўлаўна Лаўрыновіч, прызёр кубка Еўропы па лёгкай атлетыцы Ганна Зінчук, дырэктар філіяла “Драгічынскі райпалівазбыт” Яўген Уладзіміравіч Трыфанаў, дырэктар РУПП “Экзон-Глюкоза” Аляксандр Антонавіч Ляўчук, намеснік дырэктара ЦБП №108 “ААБ Беларусбанк” у Драгічыне Натэла Фёдараўна Калюховіч, загадчыца аддзела пісем раённай газеты “Драгічынскі веснік” Ніна Рыгораўна Ткачук… Колькі выдатных медыкаў, педагогаў, будаўнікоў, механізатараў, вадзіцеляў і проста добрых людзей атрымалі тут свае “атэстаты сталасці”!
Дарэчы, цяпер чацвёра выпускнікоў школы з’яўляюцца членамі нашага педагагічнага калектыву, які налічвае 51 чалавека. 78 працэнтаў нашых настаўнікаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі. Асабліва хачу адзначыць маіх галоўных памочнікаў, сапраўдных энтузіястаў сваёй справы намеснікаў дырэктара Галіну Пятроўну Гардзяйчук, Вольгу Сяргееўну Нікіціну і Людмілу Міхайлаўну Валошка. 530 хлопчыкам і дзяўчынкам выпала святкаваць паўвекавы юбілей школы ў якасці вучняў. Спадзяюся, што гэтая падзея ім запомніцца надоўга.
Хочацца пажадаць усяму калектыву і вучням моцнага здароўя і аптымізму, пераможцамі крочыць па жыцці, дабівацца ажыццяўлення нават самых недасягальных мэт! Няхай самай высокай і заслужанай узнагародай для вас будзе павага і добразычлівасць людзей.

Прынцып “адукацыя праз усё жыццё”

IMG_1233

Галіна Пятроўна Гардзяйчук, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце:
– Як дом не можа быць трывалым без якаснага фундамента, так і лёс чалавека не можа быць пабудаваны без ведаў, якія мы штодзённа набываем на працягу ўсяго свайго жыцця. А па-сапраўднаму вучыцца мы пачынаем у школе. Уся сістэма навучання і выхавання ў нашай навучальнай установе накіравана на развіццё ўмення вучняў ставіць перад сабой рэальныя мэты, планаваць сваю дзейнасць, выбіраючы аптымальны шлях дасягнення запланаванага выніку. І што вельмі важна – у любой сітуацыі абавязкова заставацца чалавекам. Добра вучыцца здольны не кожны – гэтая ісціна доказаў не патрабуе. А вось умець працаваць павінен кожны чалавек, бо інакш як жыць? Педагогі школы імкнуцца да таго, каб вучні трывала засвоілі гэтыя прынцыпы і свядома кіраваліся імі ў жыцці.
Адметнай асаблівасцю юбілейнага, 50-га навучальнага года стала ўвядзенне профільнага навучання, што паспрыяла паляпшэнню ўмоў для развіцця здольнасцей вучняў і выбару імі прафесіі. Так, дзесяцікласнікі на павышаным узроўні вывучаюць рускую і англійскую мовы.
Вядома ж, поспех і эфектыўнасць работы адукацыйнай установы залежаць ад энтузіязму і імкнення педагогаў да прафесійных дасягненняў, самаўдасканалення. У нашай школе працуе творчы, няўрымслівы калектыў аднадумцаў, кожны педагог – на сваім месцы. Немагчыма ўявіць школу без настаўніцы рускай мовы і літаратуры, двойчы стыпендыята прэміі Брэсцкага аблвыканкама “Чалавек года” Святланы Іванаўны Хілько, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Таццяны Аляксандраўны Навумчык, англійскай мовы – Галіны Аляксандраўны Івашчанка, пачатковых класаў – Ларысы Уладзіміраўны Данількевіч, Святланы Уладзіміраўны Шусцік, Таццяны Мікалаеўны Папялухінай, Ірыны Львоўны Клепас, выхавальнікаў групы падоўжанага дня Нэллі Уладзіміраўны Сухарэвіч і Галіны Цімафееўны Кавальчук.
Зазначу, што прафесіяналізм настаўніка – не выпадковая ўдача, не шчаслівая знаходка, а вынік сістэматычнай працы, якая напоўнена трывогамі і роздумамі, радасцямі і хваляваннямі. Мяняецца час, мяняюцца адносіны паміж людзьмі, але нязменнай застаецца місія настаўніка, які не толькі перадае свае веды новым пакаленням, але і дапамагае вучням знайсці адказы на складаныя жыццёвыя пытанні.
Рэцэптамі прафесійнага майстэрства педагогі нашай школы шчыра дзеляцца з калегамі на раённым, абласным і нават рэспубліканскім узроўнях. З году ў год папаўняецца школьная “скарбонка” прызавых месцаў на рэспубліканскіх алімпіядах і ў конкурсах даследчых работ дзякуючы такім педагогам як Жанна Мікалаеўна Тынковіч, Алена Анатольеўна Акаронка, Таццяна Аляксандраўна Навумчык, Святлана Іванаўна Хілько, Лідзія Фёдараўна Мечная, Наталля Іванаўна Курыловіч, Людміла Васільеўна Клімчук, Таццяна Сарсінгаліеўна Калінка, Сяргей Мікалаевіч Квачук. У спіс настаўнікаў, якія прыйшлі ў прафесію па прызванню, а таму працуюць шчыра, з любоўю і да вучняў, і да прадметаў, якія выкладаюць, варта аднесці Алёну Мікалаеўну Гусаім, Іну Паўлаўну Юрашэвіч, Валерыя Аляксандравіча Шэдзька, пераможцу раённага конкурсу “Самы класны класны”Наталлю Віктараўну Міхайлоўскую і пераможцу конкурсу “Малады педагог Брэстчыны” Андрэя Васільевіча Касяка. Дарэчы, актыўны ўдзел у адукацыйным і выхаваўчым працэсе прымае і школьная бібліятэка, у якой працуе Галіна Мікалаеўна Міхальчук, а таксама – сацыяльна-педагагічная служба: Вольга Канстанцінаўна Родак і Людміла Іванаўна Пігас.
Але што ж гэта я ўсё пра настаўнікаў, ды пра настаўнікаў? Вядома ж, гонарам любой школы з’яўляюцца яе вучні: гарэзлівыя, мэтанакіраваныя, а падчас пары – і непаслухмяныя. Але ж кожнаму ўзросту – сваё. Прыемна, што ажно тры вучні нашай школы – Ганна Гражэўская, Уладзіслаў Валашчук і Дар’я Калодзіч з’яўляюцца стыпендыятамі фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Ёсць сярод нашых дзяцей і пераможцы рэспубліканскіх алімпіяд і канферэнцый. Гэта ўсё тая ж Ганна Гражэўская, а таксама Маргарыта Чычыткевіч, Алена Гладкая, Крысціна Карпінчык, Дзмітрый Шэдзька.
Так, наяўнасць у школе медалістаў, пераможцаў алімпіяд і конкурсаў з’яўляецца своеасаблівым крытэрыем якасці работы педагагічнага калектыву. Але ж галоўную адзнаку настаўніку ставіць жыццё, тое самае, дарослае, самастойнае, у якое штогод са школьнага ганка адпраўляюцца выпускнікі. Развітваючыся, мы шчыра спадзяемся атрымаць адзнаку “выдатна”. І не важна, кім стануць нашы Віталікі, Санькі, Наташкі па прафесіі. Галоўнае, каб яны сталі людзьмі, якім будзе не сорамна прыйсці на вечар сустрэчы з роднай школай!

Матэрыялы да друку падрыхтавала Ніна ТКАЧУК
Фота аўтара

IMG_1252 IMG_1248

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

ЦИК зарегистрировал инициативную группу по выдвижению Александра Лукашенко кандидатом в Президенты

ЦИК зарегистрировал инициативную группу граждан по сбору подписей избирателей...

ЦИК отказал в регистрации двум инициативным группам по выдвижению кандидатов в Президенты

ЦИК отказал в регистрации двум инициативным группам граждан по...

Немного о брачном договоре

В настоящий момент заключение брачных договоров становится популярнее, ведь...

Еще 11 палат для ветеранов войн и труда открыли в Брестской областной больнице

В Брестской областной клинической больнице открыли еще 11 комфортабельных...