spot_img

Парадак пачынаецца з адказнасці

Дата:

Актуальнасць і надзённасць гэтай праблемы існуе на ўзроўні ўсёй рэспублікі, таму ў лютым 2012 года быў прыняты Указ Прэзідэнта РБ № 100 “Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і старых дамоў у сельскай мясцовасці”. І тое, як рэалізуецца гэты дакумент ва ўмовах нашага раёна, стала галоўнай тэмай абмеркавання ў час правядзення нядаўняга выязнога семінара-вучобы старшынь сельвыканкамаў, кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, прадстаўнікоў вядучых служб і ведамстваў райвыканкама. Рабочую сустрэчу ўзначалілі старшыня раённай прэзідэнцкай “вертыкалі”  Юрый Васільевіч Дзядзюк і старшыня райсавета дэпутатаў Святлана Уладзіміраўна Барташ. У мерапрыемстве прыняў удзел і выступіў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Дзмітрыевіч Ашмянцаў.

Замест прадмовы

Зямля спрадвеку мела значную каштоўнасць, як матэрыяльную, так і духоўную. Яшчэ са школьных часоў памяць утрымлівае незабыўныя радкі  паэмы Якуба Коласа:

Зямля не зменіць і не здрадзіць,

Зямля паможа і дарадзіць,

Зямля дасць волі, дасць і сілы,

Зямля паслужыць да магілы…

І ў гэтым, па сутнасці, нічога не перайначылася: зямля-карміцелька ад веку і да цяперашніх дзён аддана служыць чалавеку. Змяніліся толькі многія з людзей і іх адносіны да зямлі.

Бо калі раней для значнай часткі сялянства мець свой куток і кавалак зямлі было недасягальнай марай, то характэрнай адметнасцю большасці сучасных вёсак стала наяўнасць безгаспадарчых сядзіб і занядбаных, пустуючых зямельных участкаў.

Негатыўная тэндэнцыя

Найбольш лаканічна і без эмоцый вясковыя рэаліі нашых дзён характарызуюць лічбы, якія ў ходзе семінара-вучобы агучыў старшыня райвыканкама Ю.В Дзядзюк: сёння ў раёне налічваецца каля 770 безгаспадарчых сядзіб з прыналежнымі ім 352 гектарамі зямлі. Ёсць таксама каля 2400 пустуючых збудаванняў, да якіх прылягае амаль 600 гектараў зямлі, якую  ніхто не апрацоўвае.

Пазней негатыўную тэндэнцыю вымірання аддаленых вёсак, як лічбамі, так і канкрэтнымі відавочнымі фактамі, пацвердзілі і кіраўнікі сельвыканкамаў, праз тэрыторыі якіх  пралягаў маршрут семінара. Да прыкладу, у вёсцы Гошава Хомскага сельсавета – 114 жылых двароў і 37 пустуючых сядзіб, і зараз у ёй пражывае 207 чалавек, 116 з якіх – пенсіянеры. Насельніцтва вёскі Крамно Бездзежскага сельвыканкама складае 180 чалавек, хаця яшчэ некалькі гадоў таму назад тут пражывала ўдвая больш людзей. Зараз у гэтым населеным пункце – 98 жылых дамоў і 47 – пустуючых…

Але ж па маршруту следавання выязнога семінара-вучобы былі і іншыя, больш аптымістычныя, прыклады, якія, па сутнасці, і сталі галоўным урокам выязнога мерапрыемства.

Напіцца са сваёй крыніцы

У гісторыі Драгічыншчыны вёска Дубраўкі Хомскага сельсавета нярэдка ўзгадваецца ў сувязі з тым, што тут быў створаны першы ў раёне калгас “Чырвоныя Дубраўкі”. А яшчэ гэта – малая радзіма вучонага-аграрыя, заслужанага работніка сельскай гаспадаркі М.С.Якоўчыка, які зараз працуе дырэктарам Інстытута павышэння ква-ліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў АПК Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта. У Дубраўках і сёння застаецца бацькоўскі дом Мікалая Сцяпанавіча, дзе да апошняга часу, пакуль былі сілы, летавала яго маці, Вольга Васільеўна.

 З аднаго боку, з цотнай стараны вуліцы Перамогі, гэта вёска нагадвае дзікае запусценне. Нежылыя дамы параслі густым хмызняком,  і шмат дзе іх пачалі апутваць нейкія дзіўныя, не дамарослыя, ліяны, у выніку чаго многія ўчасткі вуліцы нагадваюць непралазныя джунглі.  Летам кіне туды хто запалку ці непатушаную цыгарэту  – і ўсё запалыхае. Таму безгаспадарчыя вясковыя сядзібы – гэта не толькі маральная і эстэтычная праблема. Яны  ўяўляюць і сур’ёзную пагрозу з пункту гледжання пажарнай небяспекі.

Як сімвал жыцця выміраючай вёскі Дубраўкі – дабротны калодзеж, які абуладкаваны ўзбоч дарогі, насупраць сядзібы Вольгі Васільеўны Якоўчык
Як сімвал жыцця выміраючай вёскі Дубраўкі – дабротны калодзеж, які абуладкаваны ўзбоч дарогі, насупраць сядзібы Вольгі Васільеўны Якоўчык

А з другога боку, з няцотнай стараны вуліцы – зусім іншае відовішча. І ўсё таму, што знайшоўся энтузіяст, які па меры сваіх сіл і магчымасцей імкнецца прадухіліць выміранне роднай вёскі. І пачаў М.С.Якоўчык з таго, што не пакінуў сваю бацькоўскую сядзібу на волю лёсу, а па-ранейшаму даглядае яе і добраўпарадкоўвае. Усякі вандроўнік абавязкова зацікавіцца і дзеючым калодзежам пад прыгожым драўляным навесам. Ён – як сімвал жывой вёскі, якая спаталяе смагу сваёй гаючай і чыстай вадою… Больш таго: Мікалай Сцяпанавіч арандаваў і прывёў у належны парадак і чатыры блізразмешчаныя суседскія ўчасткі на сваім баку вуліцы, якія пуставалі, і пры падтрымцы блізкіх збіраецца вырошчваць у гэтых мясцінах садавіну і гародніну.

Зрэшты, Мікалай Сцяпанавіч у сваім намеры запаволіць адыход вёскі ў небыццё не адзінокі. На той жа старане вуліцы Дубравак некалькі пустуючых вясковых агародаў апрацоўвае і засаджвае  яшчэ адзін неабыякавы да зямлі энтузіяст – Мікалай Міхайлавіч Кочык.

“Гэта і ёсць адзін з варыянтаў эфектыўнага выкарыстання безгаспадарчых зямельных участкаў, – пракаменціраваў наглядны прыклад старшыня райвыканкама Ю.В.Дзядзюк. І дабавіў: – На месцах трэба і надалей шукаць такіх вось энтузіястаў і даваць ім магчымасць працаваць на пустуючай зямлі. Для душы, для свайго  задавальнення. І  для агульнай карысці”.

Ад слоў – да справы

Размова па гэтай тэме была працягнута ў зале пасяджэнняў райвыканкама, дзе абмяркоўваліся юрыдычныя і іншыя падрабязнасці “зямельных” спраў. Перад тым, як пачаць афіцыйнае абмеркаванне сітуацыі, да прысутных звярнуўся старшыня абласнога Савета дэпутатаў С.Дз.Ашмянцаў, які заклікаў да шчырай  і нефармальнай размовы па гэтай набалелай тэме.

Галоўную праблему сённяшняга дня агучыла старшыня райсавета дэпутатаў С.У.Барташ. Яна адзначыла, што ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта            № 100 на тое, каб разабраць дамы і прывесці ў парадак зямельныя ўчасткі, якія прызнаны безгаспадарчымі, летась з бю-джэту было выдаткавана 225 мільёнаў рублёў. Сродкі немалыя, і яны да астачы былі зрасходаваны па прызначэнні. “Многія старыя дамы  ў сельскай мясцовасці разабраны, а далей што, калі ўчастак па-ранейшаму не мае гаспадара, не выкарыстоўваецца і зноўку пачынае зарастаць пустазеллем?” – агучыла Святлана Уладзіміраўна галоўную праблему парадку дня, якая патрабуе канкрэтных дзеянняў па яе вырашэнні.

Па-прафесійнаму коратка і лаканічна сваё бачанне сітуацыі выклала начальнік раённай землеўпарадкавальнай службы Валянціна Мікалаеўна Юліч.  Яна адзначыла, што спецыялісты-землеўпарадкавальнікі завяршылі інвентарызацыю пустуючых участкаў у сельскіх населеных пунктах раёна, абагулілі сітуацыю і па кожнаму з іх выдалі канкрэтныя рэкамендацыі: там, дзе яны мяжуюць з палямі сельгаспрадпрыемстваў – уключаць іх у севазварот. Прынамсі, нядаўна ў ходзе інвентарызацыі безгаспадарчых сядзіб у Ялачы і Язвіне было намечана 4 гектары зямлі, якая пяройдзе ў падпарадкаванне СВК “Асавецкі”. Што ж датычыць безгаспадарчых участкаў, да якіх няма пад’езду ці якія атаясамліваюць меліяратыўныя каналы, то іх варта прапаноўваць гаспадарлівым людзям, каб яны працавалі і атрымлівалі таварную прадукцыю.

“Праўда, па закону прэтэндаваць на зямельны ўчастак у вёсцы могуць толькі тыя з грамадзян, хто мае там нерухомасць. Таму гараджане выкупляюць недарагія дамы ў прыгарадных населеных пунктах, каб мець зямлю і займацца на ёй абранай справай, – удакладніла В.М.Юліч.

Добры прыклад рацыянальнага выкарыстання безгаспадарчых сядзіб ёсць у СВК “Імянінскі”: яны зносяцца, і на гэтых ( па словах кіраўніка гаспадаркі Уладзіміра Аляксандравіча Сухарэвіча) “намоленых месцах узводзяцца новыя сучасныя дамы”.

У час семінара-вучобы сваім вопытам у вырашэнні агучаных праблем падзяліўся кіраўнік  СВК “Брашэвічы” Ф.М.Жыдковіч. Ён зазначыў, што гэта работа вядзецца ў цесным кантакце са старшынёй мясцовага сельвыканкама Л.Б.Карповічам. Выпрацаваны наступны алгарытм дзеянняў: яны проста дамаўляюцца з гаспадарамі і выкупляюць старыя дамы за сімвалічную плату. Гэта – самы безвалакітны шлях вырашэння праблемы, калі людзі расстаюцца са сваёй струхнелай спадчынай без крыўды. “Кожны год мы такім чынам далучаем да севазвароту 5-6 пустуючых зямельных участкаў. Вядома ж, не для абагачэння, а дзеля падтрымання ў нашых населеных пунктах элементарнага парадку”, – падсумаваў размову Фёдар Мікалаевіч.

Свае прапановы па зададзенай тэме выказалі таксама начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Аляксандр Аляксеевіч    Аніська, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Юрый Анатольевіч Камароў, загадчык аддзела цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Сяргей Анатольевіч Даўгун, старшыня Хомскага сельвыканкама Аляксандр Мікалаевіч Заверач. Падчас выступленняў і каментарыяў да іх неаднаразова гучалі прапановы, каб там, дзе неабходна, узмацніць адказнасць за безгаспадарчыя, нядбайныя адносіны да зямлі.

У ходзе дыскусіі былі намечаны канкрэтныя шляхі далейшага выкарыстання пустуючых зямельных участкаў: няўдобіцы  могуць быць засаджаны лесам, а ўрадлівыя землі – далучаны да сельгаспрадпрыемстваў, перададзены ў карыстанне фермерам ці прыватным гаспадарам.  Тым , хто жыве са спрадвечным перакананнем, што “…зямля дзяцей тваіх не кіне, зямля – аснова ўсёй Айчыне”.

Галіна ШАФРАН

Фота аўтара

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

На комплексе «Симоновичи» ОАО «Алексеевичи-Агро» открыта новая ферма

Сегодня, 26 декабря, в ОАО «Алексеевичи-Агро» состоялось торжественное открытие...

Изменения в расписании автобусов на январские праздники

Как сообщили в филиале «Автомобильный парк № 15 г....

В Дрогичинском районе стартовала акция “От всей души”

Сегодня, в рамках акции "От всей души" заместитель председателя...

Дом, в который хочется вернуться

Время неумолимо бежит вперед. Проходят годы, десятилетия, века… Меняются...