spot_img

Напярэдадні першага званка прайшла традыцыйная педагагічная нарада

Дата:

Істотная розніца бачыцца ў адным: восенню хлебаробы збіраюць і падлічваюць вырашчаны на зямлі ўраджай, а вось настаўнікі толькі пачынаюць засяваць сваю інтэлектуальную ніву… І гэтаму старанню папярэднічае традыцыйная жнівеньская нарада, падчас якой прадстаўнікі педагагічных калектываў раёна імкнуцца прааналізаваць мінулагоднія дасягненні і ўпушчэнні, вызначыць рэзервы для далейшага развіцця і ўдасканалення адукацыйна-выхаваўчай сістэмы  і намеціць  асноўныя накірункі сваёй работы на бліжэйшую перспектыву.

Сёлетняя сустрэча педагагічных работнікаў прайшла 25 жніўня ў гарадскім Доме культуры. На абмеркаванне была вынесена наступная тэма: “Выхаванне чалавека-працаўніка і грамадзяніна – дзяржаўны заказ установам адукацыі Драгічыншчыны”.

З асноўным дакладам па гэтаму пытанню выступіў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Мікалаевіч Ігнатчык. Ён адзначыў, што выхаванне – нялёгкі і шматгранны працэс, і ён працягваецца ўсё жыццё. Аднак менавіта ў дзяцінстве пачынаецца фарміраванне асобы чалавека, а значыць, закладваюцца асновы яго будучых паводзін, адносін да працы, да людзей, да сваіх асабістых і грамадскіх абавязкаў.

Нарада

У надыходзячым навучальным годзе, як праінфармаваў дакладчык, адукацыйна-выхаваўчую дзейнасць у нашым раёне будуць ажыццяўляць 44 установы, у ліку якіх – 21 сярэдняя і 5 базавых школ, 13 дзіцячых садкоў, 3 пазашкольныя ўстановы  і г.д. У ходзе аптымізацыі сёлета закрыты дзіцячы  яслі-сад у Корсуні, а Сіманавіцкая СШ рэарганізавана ў базавую школу, і першапрычынай для прыняцця такіх мер становіцца істотнае змяншэнне колькасці дзяцей у сельскіх населеных пунктах.

Аналізуючы вынікі мінулага навучальнага года, Дз.М.Ігнатчык падкрэсліў, што  22 нядаўнія выпускнікі за поспехі ў вучобе былі ўзнагароджаны залатымі і сярэбранымі медалямі, а пасведчанне з адзнакай за курс базавай школы атрымалі 26 дзевяцікласнікаў. Парадавалі  і вынікі ўступнай кампаніі: 54% сёлетніх выпускнікоў сталі студэнтамі вузаў (летась гэты паказчык складаў 49%). Своеасаблівыя рэкорды па паступленню ў вышэйшыя навучальныя ўстановы былі дасягнуты  ў Ліпніцкай д/с-СШ (студэнтамі сталі 91,6 % адзінаццацікласнікаў), гімназіі (80 %), Імянінскай СШ (78,5 %), Сварынскай СШ (75 %), СШ №1 г.Драгічына (71,2 %), Новапапінскай СШ (66,6 %).

Было адзначана таксама, што ў мінулым навучальным годзе школьнікі Драгічыншчыны  прымалі актыўны ўдзел у творчых конкурсах, інтэлектуальных гульнях, акцыях і фестывалях, у выніку чаго заваявалі 188 узнагарод раённага ўзроўню, 18 – абласнога, 7 – рэспубліканскага і 4 – міжнароднага ўзроўню. Найбольш заўважная работа па прыцягненню дзяцей да актыўнай пазашкольнай дзейнасці праводзілася  ў гімназіі і СШ №1 г.Драгічына, Антопальскай і Пярковіцкай сярэдніх школах і ў Равінскай д/с-СШ.

У ходзе нарады закраналася і пытанне падрыхтоўкі школьнікаў да прадметных алімпіяд. Як адзначалася ў дакладзе, значных вынікаў у гэтым накірунку штогод дабіваюцца ў СШ № 2 г.Драгічына і Антопальскай СШ. Вучні гэтых школ – дзесяцікласніца Ганна Гражэўская і выпускніца Таццяна Качан – двойчы станавіліся ўладальнікамі прэміі Брэсцкага аблвыканкама за высокія дасягненні ў вывучэнні прадметаў “Руская мова і літаратура”, а таксама двойчы былі ўдастоены стыпендыі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь для адораных дзяцей.  І ў тым ёсць немалая заслуга выкладчыкаў рускай мовы і літаратуры ў гэтых школах – адпаведна Святланы Іванаўны Хілько і Таццяны Аляксандраўны Багатыровай.

Значная ўвага ў выступленні Дз.М.Ігнатчыка ўдзялялася фарміраванню здаровага ладу жыцця школьнікаў праз фізкультурна-аздараўленчую работу і ўдзел вучняў у спартыўна-масавых мерапрыемствах. Бо заканамерна: чым больш заняты дзеці ў гуртках, секцыях, на пазашкольных факультатывах – тым больш карысных навыкаў, якія спатрэбяцца ў далейшым самастойным жыцці,  яны набываюць, і тым менш часу ў іх застаецца для “ничегонеделания и праздношатания”, што нярэдка прыводзіць да сумніўных вулічных кампаній і набыцця заганных звычак. Таму адным з важных прыярытэтаў у будучым навучальным годзе павінна стаць эфектыўная арганізацыя заняткаў са школьнікамі ў суботні дзень.

У сваім дакладзе Дзмітрый Мікалаевіч вёў таксама гаворку пра ўмацаванне ўзаемаадносін школы і сям’і і фарміраванне адказнасці бацькоў за месцазнаходжанне сваіх дзяцей у пасляўрочны час, пра ўдасканаленне карэкцыйна-педагагічнай дапамогі малышам і падлеткам з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, пра своечасовае выяўленне непаўналетніх, якія аказаліся ў экстрэмальнай жыццёвай сітуацыі і маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Адметнай асаблівасцю новага навучальнага года стане паступовае вяртанне профільнага навучання, і ўжо з верасня да яго пяройдуць гімназія і школы райцэнтра, а таксама Антопальская і Брашэвіцкая СШ.

Прыняты і дадатковыя меры, накіраваныя  на захаванне бяспекі дзяцей. Акрамя прафілактычных заняткаў па правілах паводзін на вуліцах і дарогах, паблізу вады і ў транспарце, захаванню мер пажарнай бяспекі,  у бліжэйшы час усе навучальныя ўстановы з колькасцю 200 і больш вучняў будуць абсталяваны сістэмамі відэаназірання…

У абмеркаванні дакладу прынялі ўдзел першы сакратар райкама грамадскага аб’яднання  “БРСМ” Дзмітрый Анатольевіч Быб, дырэктар Радастаўскай СШ Ірына Пятроўна Сухарэвіч, намеснік дырэктара абласнога аграрна-вытворчага прафесійнага ліцэя ў Драгічыне Раіса Аляксандраўна Літвінава. Яны падзяліліся напрацоўкамі ў плане грамадска-патрыятычнага выхавання моладзі і агучылі рэзервы, якія маюцца ў гэтым накірунку.

Вынікі жнівеньскай нарады педагогаў падвёў старшыня райвыканкама Юрый Васільевіч Дзядзюк. У прыватнасці, ён заўважыў, што адукацыя – адна з ключавых сфер грамадства, той трывалы фундамент, на якім ладкуецца будучыня краіны, а таму навучальныя ўстановы заўжды падтрымліваліся і бу- дуць падтрымлівацца дзяржавай. Вось і ў нашым раёне больш 40% бюджэту расходуецца на ўтрыманне і развіццё сферы адукацыі, і ў мінулым годзе на гэтыя мэты было затрачана каля 145 млрд. рублёў. Сёлета найбольш значныя сумы – 1350 млн.рублёў – выдаткаваны на капітальны рамонт Брашэвіцкага ясляў-сада, каля 830 млн. – на добраўпарадкаванне Пярковіцкай СШ і г.д.

Кіраўнік раёна адзначыў, што ў тутэйшых школах працуе нямала педагогаў-прафесіяналаў, і гэта  пацвярджаюць вынікі цэнтралізаванага тэсціравання і паступлення школьнікаў у вышэйшыя і сярэдне-спецыяльныя ўстановы. Разам з тым ён не пакінуў па-за ўвагай той відавочны факт, што пакуль далёка не ўсе настаўнікі імкнуцца павышаць сваю педагагічную кваліфікацыю, хаця, да прыкладу, розніца ў аплаце паміж вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыяй складае каля паўмільёна рублёў. Такія рэзервы ўдасканалення прафесійнага майстэрства, а адпаведна, павышэння якасці адукацыі і заробкаў педагагічных работнікаў, ёсць  практычна ў кожнай навучальнай установе. І ў бягучым годзе, як парэкамендаваў Юрый Васільевіч, іх трэба задзейнічаць па максімуму, бо ад гэтага ў значнай меры будуць залежыць вынікі работы на ін-тэлектуальнай ніве. Тым больш, што плады старання настаўнікаў і выхавальнікаў мы пажынаем не толькі  ў канцы кожнага  навучальнага года, а збіраем і карыстаемся імі ўсё жыццё.

НарадаНарада

Галіна ШАФРАН

Фота аўтара і Івана ЛЯОНЧЫКА

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

На комплексе «Симоновичи» ОАО «Алексеевичи-Агро» открыта новая ферма

Сегодня, 26 декабря, в ОАО «Алексеевичи-Агро» состоялось торжественное открытие...

Изменения в расписании автобусов на январские праздники

Как сообщили в филиале «Автомобильный парк № 15 г....

В Дрогичинском районе стартовала акция “От всей души”

Сегодня, в рамках акции "От всей души" заместитель председателя...

Дом, в который хочется вернуться

Время неумолимо бежит вперед. Проходят годы, десятилетия, века… Меняются...