spot_img

Лішкі і адходы абярнуць у даходы

Дата:

Яркі і незабыўны ўспамін з далёкага дзяцінства: па сельскай вуліцы на конным вазку едзе старызнік,  і да яго ледзь не з кожнай хаты спяшаюцца мае аднавяскоўцы, мяняючы састарэлае рыззё на патрэбныя ў гаспадарцы рэчы. Вось і наша бабуля здае нарыхтоўшчыку зношаныя целагрэйкі і коўдры, і ўзамен гэтаму мы з сястрой атрымліваем такія зайздросныя па тым часе каляровыя алоўкі і надуўныя паветраныя шарыкі. Вясковыя людзі ў пераважнай большасці ва ўсе часы былі ашчаднымі гаспадарамі, і не цураліся магчымасці, каб нават з адыходаў мець хоць нязначны, але прыбытак…

І ў гэтым мала што змянілася. Як калісьці, так і цяпер нарыхтоўкі другаснай сыравіны і лішкаў сельгаспрадукцыі  ад насельніцтва з’яўляюцца адным з традыцыйных відаў дзейнасці сферы спажыўкааперацыі. У нашым раёне гэту работу вядзе адно са структурных падраздзяленняў  райспажыўтаварыства – каапнарыхтпрам. І лета для калектыву філіяла – перыяд асаблівай працоўнай актыўнасці: людзі імкнуцца збыць дары лесу,  лішкі прадукцыі  са сваёй падсобнай гаспадаркі,  другасную сыравіну і такім чынам папоўніць свой сямейны бюджэт.  Прадстаўнікам гандлёвай арганізацыі, у сваю чаргу, трэба ўсё гэта закупіць, аформіць здзелку дакументальна і на месцы разлічыцца са здатчыкамі.

Па словах намесніка старшыні праўлення райспажыўтаварыства, дырэктара філіяла “Каапнарыхтпрам” Святланы Аляксееўны Ляжнюк, са сваімі асноўнымі абавязкамі нарыхтоўшчыкі паспяхова спраўляюцца. З пачатку бягучага года для разлікаў з насельніцтвам ужо выдаткавана каля 5 млрд. рублёў, і тэмпы росту закупак складаюць 118 %.  Асабліва добрыя паказчыкі сёлета склаліся з нарыхтоўкай ягад дзікарослых чарніц: калі летась іх было закуплена 2300 кг, то ў бягучым сезоне мінулагодняя лічба павялічылася ў дзесяць разоў – да 23400 кг. Частка гэтай вітаміннай прадукцыі пакуль захоўваецца ў маразільніках і чакае адпраўкі на экспарт.

У тутэйшай гандлёвай арганізацыі не без гонару заўважаюць, што ў іх калектыве ёсць людзі, якія дзясяткі год працуюць з насельніцтвам, прымаючы ад гаспадароў усё лішняе і непатрэбнае ў доме ды на падвор’і і даючы людзям магчымасць яшчэ і падзарабіць на гэтым. У ліку такіх – нарыхтоўшчык філіяла “Шанс” Драгічынскага райспажыўтаварыства Галіна Іванаўна Несцярук, якая ўжо больш за 20 гадоў выконвае свае абавязкі на Антопальскім  участку.

Жанчына расказвае, што да гэтага яна працавала прадаўцом у магазіне, а потым перайшла на нарыхтоўчы пункт. Асвоіць прафесію ёй дапамагла тагачасная напарніца Ніна Сцяпанаўна Проніна, якая на першай пары вучыла, падказвала, раіла, як лепш арганізаваць справу.

Самае важнае ў прафесіі нарыхтоўшчыка, па меркаванню нашай суразмоўніцы – мець пастаянныя зносіны з людзьмі.  За дзясяткі год работы Г.І.Несцярук змагла наладзіць цесныя кантакты з насельніцтвам навакольных вёсак не толькі свайго, але і суседніх раёнаў. “Куды ні заеду, дзе ні працую – пакідаю нумар свайго кантактнага тэлефона. Таму ва ўсёй нашай ваколіцы людзі ведаюць, дзе знайсці мяне. І пры неабходнасці ў любы час – хто з раніцы, хто днём, а хто – і позна вечарам, управіўшыся з гаспадаркай, – тэлефануюць.  І я стараюся не падводзіць людзей: калі паабяцала – еду, іначай чалавек будзе шукаць іншага нарыхтоўшчыка, – распавядае Галіна Іванаўна.

Такім чынам яна збірае заяўкі і плануе маршрут, каб за адным разам ахапіць найбольшы ўчастак. Раніцай Г.І.Несцярук выдзяляюць на прадпрыемстве транспарт, і яна адпраўляецца па вёсках. Едзе па заяўках са зручнымі электроннымі вагамі-платформай, каб адразу на месцы ўзважыць закупку, выпісаць неабходныя дакументы і разлічыцца са здатчыкам.

Што часцей усяго збываюць сучаснаму нарыхтоўшчыку? Галіна Іванаўна расказвае, што да нядаўняга часу яна закупала парэчкі і чарніцы, хаця Антопальшчына – не лясная зона, і дзікарослых ягад здаюць тут нямнога. Зараз ёй паступаюць прапановы прыехаць за чарнаплоднай рабінай. У прыватнасці,  у адной з вёсак Закозельскага сельсавета яна закупае па 100 і больш  кілаграмаў гэтых карысных  ягад. Мая суразмоўніца пастаянна прымае заяўкі на здачу свіней і буйной рагатай жывёлы жывой вагой.  А неўзабаве пачнецца сезон збору чырвонай рабіны, яблыкаў, бульбы і іншай прадукцыі.

Акрамя таго, як зазначае Г.І.Несцярук, у летні час да састарэлых вяскоўцаў наведваюцца дзеці, якія наводзяць парадак у бацькоўскай хаце. І таму нарыхтоўшчыку нярэдка тэлефануюць і пакідаюць заяўкі, каб прыехала і забрала непатрэбныя ў гаспадарцы адыходы: адпрацаваныя акумулятары, лом чорных і каляровых металаў, макулатуру, поліэтылен, бітае шкло… Галіна Іванаўна спяшаецца па выкліках, у выніку чаго і  людзі задаволены, што двор ачышчаны і наваколле не засмечваецца, і план нарыхтовак другаснай сыравіны ў яе паспяхова выконваецца.

Праўда, у гэтай справе таксама ўзнікае нямала складанасцей, асабліва пры закупе металалому. Але ж за доўгі час работы мая суразмоўніца налаўчылася адрозніваць розныя віды прадукцыі і людзям пры неабходнасці тлумачыць, што, да прыкладу, каляровы метал за магніт не бярэцца, што драпіны на медных вырабах пакідаюць чырванаваты след, на латуні – жоўты і г.д.

“З людзьмі, як правіла, непаразуменняў не ўзнікае. Важна толькі цярпліва патлумачыць  чалавеку, што і да чаго, паказаць узоры рознай прадукцыі і давесці кошт закупак – і справа зладжана,”–расказвае нарыхтоўшчыца Г.І.Несцярук пра спецыфіку сваёй работы.

Яе рабочы час іншы раз доўжыцца да позняга вечара. “Пакуль ёсць заяўкі і лю-дзі здаюць лішкі прадукцыі – да тае пары і працуем. А вяртаюся дадому – працягваю адказваць на тэлефонныя званкі і прымаць заяўкі на наступны дзень. Іншы раз мяне дапытваюцца, як я вытрымліваю такі напружаны рытм. А я прывыкла. Тым больш, што жыву ўдавіцай, дзеці вырасці, раз’ехаліся, стварылі свае сем’і  і цяпер толькі ў госці наведваюцца з унукамі. Так што мая работа – гэта мой лад жыцця…”–зазначае жанчына.

Нарыхтоўшчыца Г.І.Несцярук, як і многія з яе калег, мае дазвол працаваць і весці закуп лішкаў сельгаспрадукцыі і другаснай сыравіны не толькі ў межах Антопаля, але і  ў населеных пунктах суседніх раёнаў. І адразу пасля нашай размовы Галіну Іванаўну чакаў транспарт, каб ехаць у накірунку мястэчка Грушава на Кобрыншчыне, дзе яе чакалі гаспадары, што мелі намер свае адыходы абярнуць у даходы…

Галіна ШАФРАН

Фота аўтара

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Не забудьте оплатить электроэнергию

Как избежать проблем с оплатой задолженности за электрическую энергию...

Виктор Коляда: Потребительская кооперация выполняет важную социальную функцию, обеспечивая торговое обслуживание малонаселенных деревень

Потребительская кооперация выполняет важную социальную функцию, обеспечивая торговое обслуживание...

В Дрогичинском РОВД прошло профилактическое мероприятие

25 ноября, в связи с принятием комплекса дополнительных мер...