spot_img

Галіна Сцепанюк: “Дзякуй людзям, што дзеляцца духоўнай спадчынай…”

Дата:

У маім бачанні Галіна Міхайлаўна – увасабленне жаночай прыгажосці і абаяльнасці, як знешняй так і ўнутранай, духоўнай. Але прызнанне і  ўшанаванне на самым высокім узроўні яна,  дырэктар Антопальскага раённага цэнтра рамёстваў Г.М.Сцепанюк, атрымала за свае добрыя справы і  ўмелыя рукі здатнага майстра, за свой адметны  талент і працавітасць: нядаўна ў Мінску Прэзідэнт Беларусі А.Р.Лукашэнка ўручыў ёй Дыплом і спецыяльную прэмію за адраджэнне і захаванне самабытнай народнай творчасці і традыцыйных рамёстваў рэгіёна.

Днямі мы сустрэліся з ёю, каб пагаварыць аб яе паўсядзённых справах, аб прафесійных, жыццёвых і асабістых дасягненнях, аб планах на перспектыву…

— Галіна Міхайлаўна, складваецца ўражанне, што вы  – удачлівы і паспяховы чалавек. У вас ужо ёсць  званне “Жанчына года” Рэспублікі Беларусь, напрыканцы 2013 вы прайшлі іспыты і сталі адзіным у раёне “народным майстрам”, а зараз  і “прэзідэнцкую” прэмію  атрымалі… 

— А ў перапынках між гэтым быў яшчэ ўдзел у шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных фестывалях, ярмарках, выставах народнай творчасці, была амаль поўная страта зроку, складаная аперацыя на вачах і страх ад таго, што больш  не змагу займацца сваімі любімымі справамі.  Так што жыццё – як жыццё: дзесьці ўзнагароджвае, штосьці аднімае, ў чымсьці забірае… А ўдача і поспех прыходзяць тады, калі шмат працуеш, і калі ў работу, якой займаешся, укладваеш душу. Гэта –якраз мой выпадак…

– З чаго пачалося ваша далучэнне да народнай творчасці?

– З дзяцінства. З таго, што мая мама, Антаніна Віктараўна, добра шыла і вышывала, што мая цётка,  Ганна Віктараўна, спраўна пякла караваі і ўпрыгожвала іх цудоўнымі кветкамі. Іх жанчына рабіла з каляровай паперы, а каб яны былі больш прывабнымі і даўгавечнымі – апускала іх у парафін з воскам.  Гэта – амаль забытая тэхналогія, але цётачка спаўна перадала мне яе “сакрэты”. І, хачу сказаць, што такія самаробныя букеты да сённяшніх дзён карыстаюцца велізарнейшай папулярнасцю на міжнародных кірмашах-выставах, у якіх я ўдзельнічала.

Але з гэтага маё захапленне колішнімі рамёствамі толькі пачыналася. Пазней пачала асвойваць майстэрства ткацтва драгічынскіх паясоў. Хадзіла па вёсках, сустракалася з пажылымі людзьмі, распытвала, што і да чаго. Так склалася поўнае ўяўленне пра гэты адмысловы элемент убрання.

Пояс-абярэг, якім перавязвалі нованароджанае дзіцятка, называўся “павівач”. У больш сталым узросце ён  сведчыў пра сацыяльны статус уладальніка: сяляне насілі льняныя паясы, людзі з большым дастаткам – паясы з дабаўленнем воўны, заможныя – з уплеценымі шаўковымі ніткамі. Па адметным поясе  можна было пазнаць сваху ці, скажам, бабыля – сталага мужчыну,  які загуляўся ў жаніхах.

Нашы продкі былі сціплыя і стрыманыя ў словах, але за іх гаварылі рэчы – колеры і адценні на паясах, узоры на ручніках і сурвэтках. І мы спакваля вяртаем да жыцця гэтую паўзабытую “мову…”

— Як і дзе знаходзіце аўтэнтычныя ўзоры колішніх рукадзелляў?

— Мясцовыя людзі ведаюць, што я гэтым цікаўлюся, таму і падказваюць адрасы колішніх майстроў і ўмельцаў. Так я патрапіла да адной з пажылых жыхарак вёскі Хамічыцы. Гляджу, а пад печчу ў яе ляжыць ануча з надзвычай арыгінальнай вышыўкай. “Гэта фартух раней быў,— патлумачыла гаспадыня, заўважыўшы маю цікавасць. – А калі ён выйшаў з ужытку, пашыла з яго фіранку для печы. Яна ўжо знасілася і трэба было спаліць, ды неяк рукі не даходзяць,” – прагаварыла бабуля.  Я папрасіла ў яе анучку, адмыла, і цяпер захоўваю той шматок тканіны з непаўторным старадаўнім узорам, як найдаражэйшую рэліквію. Зараз элементы таго арнаменту я пераношу на фартухі, якімі ўпрыгожваю свае самаробныя льняныя лялькі-абярэгі, што ў якасці сувеніраў адпраўляюцца ў музей “Бездзежскі фартушок”.

Ёсць і другія выпадкі: не вельмі даўно мне пазваніла жыхарка нашага пасёлка Ніна Іванаўна Чэрнік і прапанавала ў якасці экспаната для нашага цэнтра сваю сямейную рэліквію – даўнішні пояс. “У нас ён вісіць у шафе – толькі  і ўсяго, а ў вас карысць будзе: людзі паглядзяць, дзецям будзе наглядны прыклад…” – зазначыла жанчына.

— У Антопальскім цэнтры  адкрыта некалькі гурткоў, дзе школьнікі могуць спасцігаць майстэрства вырабу штучных кветак, дэкаратыўны роспіс, ткацтва паясоў, іншыя народныя рамёствы. Як вы далучаеце дзяцей да гэтай справы?

— Па-рознаму. Насцю Несцярук мама прывяла да нас разам са старэйшай сястрою, і малодшай дзяўчынцы было тады гады тры. Цяпер яна – у трэцім класе, але тэхнікай роспісу Насця настолькі  авалодала, што падчас ужо і іншым дае парады.

Бывае і па-другому. З акна цэнтра рамёстваў я часта назірала кампанію хлапчукоў, што сланяліся па вуліцы, не ведаючы, куды сябе падзець. Выйшла, запрасіла зайсці ў памяшканне. Яны – аднеквацца. Угаварыла. Потым адзін з іх прывёў сябра, а той –сястру… Так  і затрымаліся. І, змайстраваўшы свае першыя вырабы, яны вачам сваім не верылі, што ў іх атрымалася. І я была шчаслівая разам з імі!

— Які матэрыял скарыстоўваеце на занятках і якім чынам яго набываеце?

— Ходзім у лес.  У нас там ёсць свая любімая палянка. Мы стараемся трымаць яе ў парадку: прыбіраем смецце і ўсё непатрэбнае. А заадно  назіраем, насколькі дасканалым з’яўляецца дапасаванне колераў кветак, шукаем прыродны матэрыял, які можа спатрэбіцца для нашых рукадзельных работ.

З матэрыяламі іншым разам дапамагаюць нават зусім незнаёмыя людзі. У  Пінску на адной з выстаў я пазнаёмілася з сямейнай парай. Жанна і Андрэй Дземяшкевічы жывуць у вёсцы Каробчыцы Гродзенскай вобласці,  займаюцца кройкай і шыццём. Яны для работы нашых гурткоў ужо дзве пасылкі  рэшткаў тканіны прыслалі.

Іншым разам бацькі нашых выхаванцаў набываюць для іх неабходныя для заняткаў матэрыялы, але нямала і сама, за свае сродкі,  купляю.  Абы толькі дзеці не марнавалі час на вуліцы, а прыходзілі і вучыліся…

— Адна з прыхільніц вашага таленту, даведаўшыся, што вам прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, парадавалася: “У Галіны Міхайлаўны за плячыма ёсць моцны анёл, які ўсё лічыць, і за дабро пасылае ўзнагароды…”— зазначыла яна.

— Я менавіта так усё і  ўспрымаю: здольных майстроў многа, а пераможцай у гэтай намінацыі я аказалася. Матэрыялы на конкурс былі накіраваны па ініцыятыве начальніка аддзела культуры, ідэалагічнай работы і па справах моладзі Леаніда Сцяпанавіча Куроўскага  і спецыяліста Марыі Васільеўны Крук. А ў Мінск, на цырымонію ўзнагароджвання, мяне суправаджала група падтрымкі на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Уладзімірам Іванавічам Нерадам. Я сапраўды вельмі хвалявалася: такія ж падзеі, пэўна, толькі раз у жыцці выпадаюць!

— А ці падзяляюць ваша захапленне родныя і блізкія вам людзі?

— Найпершы памочнік па жыцці – гэта мой муж, Віктар Іванавіч, з якім мы ўжо больш 30 гадоў разам, дваіх сыноў выгадавалі, унука прычакалі. Ён, калі трэба было, і ў экспедыцыі ў аддаленыя вёскі нас з дзеткамі вазіў, і неабходныя для майго рамясла прылады дапамагаў майстраваць. Ён разумее, калі я еду на выставы, калі да позняга вечара затрымліваюся на рабоце, займаючыся з дзецьмі. Іншым разам ён патэлефануе, каб запытаць, што прыгатаваць на вячэру. Так што без яго падтрымкі ў мяне не было б магчымасці столькі часу аддаваць творчасці.

Не вельмі даўно я пачала шыць  кухонныя прыхапкі  ў выглядзе лялек-матрошак. Пры іх вырабе скарыстоўваю яркія хусткі накшталт “паўлавапасадскіх”. І мяне вельмі здзівіла, калі ідзем мы аднойчы па рынку, а муж і гаворыць: “Галя, ідзі паглядзі, там хусткі прадаюць. Можа, і табе такія трэба?”

Так што за гады сумеснага жыцця мы з мужам у многім сталі  аднадумцамі, і мяне гэта радуе!

— Як змянілася ваша жыццё пасля ўручэння прэміі? Якія яшчэ творчыя задумы хацелася б здзейсніць?

— Неўзабаве пасля паказу цырымоніі ўзнагароджання па тэлебачанні ў наш цэнтр рамёстваў патэлефанаваў пажылы мужчына. “ Гэта тая Галіна Сцепанюк, што была ў Прэзідэнта?” – спытаў ён. Я пацвердзіла.  А мой суразмоўнік працягвае: “ У нас у вёсцы стары воз ёсць і яшчэ многа ўсякага дабра. Калі трэба, то прыязджайце, аддадзім..”

Што ж да другой часткі пытання, то я  даўно выношваю ідэю аднавіць роспіс палескіх куфраў. Гэта – вельмі складаная тэхналогія, пачынаючы ад фляндроўкі і да змешвання фарбы з яечным бялком. Каб пазнаць тое колішняе рамясло, я ездзіла ў Крамно і Заверша, і некаторыя з пажылых бабуль расказалі і паказалі, як усё гэта рабілася, і нават сухой фарбай, якой наносіліся ўзоры і рэшткі якой да цяперашняга часу захаваліся ў старых вясковых куфрах, са мной падзяліліся. Так што дзякуй і нізкі паклон людзям, якія дапамагаюць зберагаць і адраджаць духоўныя і мастацкія скарбы сваёй мясцовасці!

Галіна ШАФРАН

Фота Івана ЛЯОНЧЫКА

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Яркое открытие елки в Дрогичине: праздник для всей семьи

В Дрогичине прошло торжественное открытие главной новогодней елки, которое...

Кедми: “Орешник” делает немыслимыми любые угрозы безопасности Беларуси

"Орешник" делает немыслимыми любые угрозы безопасности Беларуси. Такое мнение...

Пожар в Дрогичине: работники МЧС спасли хозяина квартиры

Вчера вечером спасателям сообщили о пожаре в квартире на...

Дрогичинским РОВД проводится комплекс профилактических мероприятий

Дрогичинский РОВД информирует о начале комплекса профилактических мероприятий, направленных...