spot_img

Дзіцячы танцавальны калектыў “Славяначка” стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу

Дата:

На крылах радасці і шчасця вярталіся ў мінулую нядзелю з Мінска маленькія ўдзельнікі танцавальнага калектыву “Славяначка” і педагогі дзіцячай харэаграфічнай школы мастацтваў.

Падстава для паездкі ў сталіцу была надзвычай важная і хвалюючая: “Славяначка” ўдзельнічала ў V Юбілейным адкрытым рэспубліканскім конкурсе маладых выканаўцаў “Беларускія таленты”. Драгічынскія танцоры выканалі два беларускія народныя танцы – “Мітусь” і “Таўкачыкі”, і за абодва былі ўзнагароджаны дыпломамі лаўрэатаў першай ступені. Журы прызнала іх выступленне найлепшым у намінацыі “Народны танец” сярод дзяцей ва ўзросце 9-10 гадоў.

Канкурэнцыю драгічынскім танцорам складалі дзесяць калектываў з розных мясцовасцей. Свае таленты на конкурсе дэманстравалі юныя танцоры з Мінска, Гродна, Баранавічаў, Бабруйска, Гомеля, Светлагорска, Слоніма і іншых гарадоў. Але ж удзельнікі “Славяначкі” не разгубіліся на сцэне сталічнага Дома культуры пад ацэньваючымі поглядамі строгага журы і прадстаўнікоў іншых калектываў і станчылі на “выдатна”.

– Я ганаруся сваімі дзецьмі! – кажа кіраўнік калектыву, педагог харэаграфічнай школы Ганна Аляксееўна Пупко. – Там, у Мінску, я з задавальненнем назірала за вынікам сваёй працы. Дзеці паказалі ўсё, што я здолела ў іх укласці. Я заўсёды ім кажу: “Падчас выступлення вы павінны сябе прадаваць гледачу. Выйшлі – прадалі – і пабеглі за кулісы. Глядач павінен смачна вас “з’есці”, настолькі смачна, каб яму хацелася бачыць вас зноў і зноў”.

Дзіцячы ансамбль танца “Славяначка” быў створаны пры харэаграфічнай школе 12 гадоў назад. Творчым бацькам калектыву можна назваць дырэктара школы Валерыя Барысавіча Чарнышова, які задумаў ансамбль, даў яму назву і напачатку ставіў для его нумары. У 2011 годзе Валерый Барысавіч перадаў “Славяначку” Ганне Пупко.

– З таго часу я пачала ставіць нумары для ансамбля. Рэалізаваць сваю творчую задумку, паставіць танец са “Славяначкай” можа любы педагог нашай школы, – удакладняе Ганна Аляксееўна. – “Славяначка” – наша агульнае дзіця. Пастаноўкай “Мітусі” і “Таўкачыкаў” разам са мной займаўся Ігар Алегавіч Худобенка, у якасці канцэртмайстара працаваў Сяргей Антонавіч Стэльмах. Зразумелая справа, што склад ансамбля змяняецца. Яго першыя ўдзельнікі ўжо даўно дарослыя людзі. Хлопчыкі і дзяўчынкі, якія заканчваюць харэаграфічную школу, пакідаюць і калектыў. Мы набіралі новы склад ансамбля з дзяцей, якія ў агульнаадукацыйных школах вучыліся ў першым класе. Акрамя гэтага, па пятніцах мы займаемся з дашкалятамі, якія маюць жаданне з цягам часу ўліцца ў “Славяначку”. Яны яшчэ толькі растанцоўваюцца. За добрую падрыхтоўку дзяцей, якія ўжо выступаюць у калектыве, я ўдзячна сваім калегам Ігару Алегавічу Худобенка, Уладзіміру Мікалаевічу Брычу, Віктару Анатольевічу Новіку, Святлане Міхайлаўне Смірновай, Алене Сяргееўне Цімашук.

Дарэчы, узнагароды ў Мінску атрымалі не толькі дзеці, але і педагогі. Ганна Пупко і Ігар Худобенка былі адзначаны

Падзячнымі дыпломамі за высокі прафесіяналізм у падрыхтоўцы дзяцей.

Адметнай асаблівасцю “Славяначкі” заўсёды было тое, што ў яе складзе шмат хлопчыкаў. Усяго ў калектыве займаецца 14 прадстаўнікоў моцнага полу. На конкурс “Беларускія таленты” ездзілі 9 хлопчыкаў і 10 дзяўчынак. Некаторыя маленькія танцоры ўпершыню выступалі за межамі Драгічына. Дарослыя, вядома ж, хваляваліся: ці справяцца, не разгубяцца на незнаёмай сцэне? А яны выйшлі і абодва танцы выканалі так, быццам пад нагамі была свая родная драгічынская сцэна, забыўшыся, што, па сутнасці, здаюць экзамен высокапрафесійнаму журы і што сапернічаюць за перамогу з равеснікамі. Маленькія танцоры проста атрымлівалі асалоду ад свайго выступлення.

Як і заўсёды перад паездкай, Ганна Аляксееўна схадзіла ў царкву, памалілася і паставіла свечку за здароўе дзяцей, а калі яны збіраліся выйсці на сцэну – перахрысціла іх. Выхаванцы паказалі ўсё, чаму іх вучылі – і тэхніку выканання, і акцёрскае майстэрства.

– Я ўдзячна бацькам, якія падтрымліваюць жаданне сваіх дзетак займацца ў “Славяначцы”, – кажа Ганна Пупко. – Некаторыя з іх, даведаўшыся пра перамогу ў конкурсе, нават плакалі ад шчасця. Вялікі дзякуй начальніку раённага аддзела па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі Іне Пракоф’еўне Праневіч за аўтобус, на якім мы ажыццявілі вандроўку ў Мінск. “Славяначка” спадзяецца і далей сваёй творчасцю праслаўляць родны Драгічын, пакараць іншыя сцэны і прывозіць з фестываляў і конкурсаў дыпломы і граматы.

 Перспектыва прыняць удзел у міжнародным фестывалі летам 2019 года адкрылася перад “Славяначкай”, дзякуючы ўдаламу выступленню на конкурсе “Беларускія таленты”. У складзе журы былі прадстаўнікі і турыстычнай фірмы. Калектывам, якія найбольш спадабаліся, яны ўручылі свой “прыз сімпатый” у выглядзе сертыфіката на бясплатны ўдзел у адным з летніх міжнародных фестываляў, якія будуць праходзіць у Балгарыі. Такі сертыфікат атрымала і “Славяначка”. А яшчэ драгічынскія танцоры заслужылі сертыфікат на ўдзел у Міжнародным конкурсе інструментальнага выканальніцтва, які ў сакавіку будзе праходзіць у расійскім горадзе Батайску. Але ж, каб паехаць за межы Беларусі, патрэбны грашовыя сродкі на транспарт, аплату пражывання, харчавання, адкрыццё віз. Частку расходаў бацькі гатовы ўзяць на сябе. На жаль, аплаціць усё ім не па кішэні. “Славяначка” спадзяецца, што знойдуцца спонсары!

Танец “Мітусь” на сцэне конкурсу “Беларускія таленты” быў выкананы ўпершыню. Упершыню маленькія танцоры выступалі і ў новых касцюмах. Летам раённым аддзелам па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі былі выдаткаваны грошы на набыццё тканіны і фурнітуры, пашыў сцэнічнага адзення для “Славяначкі”. У жыццё задумкі Валерыя Барысавіча Чарнышова ўвасобіла касцюмер гарадскога Дома культуры Валянціна Аляксандраўна Маладая, выдатная швачка, якая сэрцам перажывае за кожную абноўку для мясцовых артыстаў.

Жыццё бяжыць наперад. Вучні і педагогі харэаграфічнай школы зноў заняліся вялікай творчай справай. Яны рыхтуюць чарговы казачны мюзікл пад назвай “Дзе шукаць пяро Жар-птушкі?”, які маюць намер паказаць гледачам напрыканцы студзеня – напачатку лютага. Пажадаем жа ім поспехаў!

Ніна ТКАЧУК

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Изменения в расписании автобусов на январские праздники

Как сообщили в филиале «Автомобильный парк № 15 г....

В Дрогичинском районе стартовала акция “От всей души”

Сегодня, в рамках акции "От всей души" заместитель председателя...

Дом, в который хочется вернуться

Время неумолимо бежит вперед. Проходят годы, десятилетия, века… Меняются...

Как прошел новогодний бал во Дворце Независимости. Яркие детали и подробности праздника

В преддверии новогодних и рождественских праздников Зал торжественных церемоний...