spot_img

Драгічынская дзіцячая школа мастацтваў адзначае 55-гадовы юбілей

Дата:

Драгічынская школа мастацтваў адзначае 55-гадовы юбілей. Гэтыя дзве пяцёркі можна смела разглядаць як адзнаку, выстаўленую самім часам творчаму калектыву школы, вучнямі якой за гэты час сталі 1400 хлопчыкаў і дзяўчынак.

Увагу кожнага, хто ўваходзіць у будынак Драгічынскай дзіцячай школы мастацтваў, прыцягваюць тры малюнкі, выкананыя тушшу былой выхаванкай аддзялення выяўленчага мастацтва Любоўю Шэрашавец пад агульнай назвай “Трыпціх альма-матэр”.

На першым – выява будынка, дзе 55 гадоў таму пачалі навучаць драгічынскую дзетвару музыцы. Гэта быў звычайны дом па вуліцы Леніна, 147, у якім калісьці жыў ксёндз (цяпер там месціцца невялічкі інтэрнат для работнікаў культуры). Кіраваць школкай, у якую на тры аддзяленні – баяннае, фартэпіяннае і музычна-тэарэтычных дысцыплін – паступілі 50 хлопчыкаў і дзяўчынак, з Пінска прыслалі баяніста Георгія Данілавіча Германовіча.

Задаўшыся мэтай захаваць гісторыю школы, дзе калісьці вучыўся і сам, цяперашні дырэктар Сяргей Падлужны пастараўся сабраць фотаздымкі, якія ў асобах і падзеях адлюстроўваюць увесь       55-гадовы творчы шлях навучальнай установы. Так, ад роднай сястры Георгія Германовіча, які, на жаль, ужо даўно памёр, Сяргею Васільевічу пашчасціла атрымаць і яго партрэт, фота з армейскай маладосці.

– Дык гэта ж я! – усхвалявана ўсклікнуў, угледзеўшыся ў калектыўны чорна-белы здымак, зроблены ў 1962-м годзе, Мікалай Сіліч. Менавіта ён першым з драгічынскіх дзяцей атрымаў у 1964 годзе пасведчанне аб заканчэнні музычнай школы. Усё сваё далейшае жыццё прысвяціў Мікалай Дзям’янавіч навучанню дзетвары музыцы ў роднай альма-матэр, напісаў нямала песень, два дзесяцігоддзі кіруе народным аркестрам народных інструментаў. А ў той дзень, калі аб’ектыў фотаапарата “спыніў імгненне” на тварах ажно 67 удзельнікаў школьнага хору, якія вярталіся з творчай паездкі ў Пінск, ён яшчэ сам толькі вучыўся ў школе і быў неверагодна шчаслівы ад магчымасці выступаць на сцэне…

Даўно сівізна пакрыла скроні і Мікалая Дзям’янавіча, і многіх іншых выпускнікоў школы, якія сталі яе выкладчыкамі. Так, так, ёсць у творчага калектыва-юбіляра добрая традыцыя: не проста даваць выхаванцам музычныя веды, вучыць ігры на інструментах і спевам, але і адкрываць, развіваць у іх педагагічныя здольнасці. Як вынік, на 68 працэнтаў сучасны калектыў школы складаецца з былых выпускнікоў.

– 35 нашых настаўнікаў калісьці і самі тут вучыліся, – з задавальненнем звяртаецца да лічбаў дырэктар Сяргей Падлужны. – А колькі выпускнікоў выкладае яшчэ ў сельскіх музычных школах, размешчаных у раёне! На мой погляд, у Драгічынскай школе мастацтваў заўсёды працавалі і працуюць таленавітыя настаўнікі. Індывідуальны падыход да навучання, калі настаўнік і вучань працуюць адзін на адзін, дазваляе раскрыць творчы патэнцыял дзіцяці, зблізіцца з ім самім, з яго бацькамі, якія маюць вялікі ўплыў на сваіх дзяцей і падчас вучобы ў школе, і на будучы іх прафесійны выбар. Вядома ж, мы не ставім сваёй мэтай, каб усе нашы выпускнікі звязвалі далейшае жыццё з музыкай. Па статыстыцы толькі 5 працэнтаў маладых лю-дзей працягваюць музычную адукацыю. Важна, каб новыя пакаленні былі проста асобамі ўсебакова развітымі, у прыватнасці, разумелі музыку, мелі добры музычны густ.  Але калі настаўнік адчувае, што ў яго рукі трапіла дзіця, ад прыроды адоранае талентам, здольнасцямі, ён стараецца скіраваць свайго вучня на паступленне ў музычны каледж альбо вышэйшую навучальную ўстанову…

Так высока ацэньваючы педагагічныя здольнасці падначаленых, Сяргей Васільевіч мае на ўвазе Васіля Іванавіча Безака, Ірыну Мікалаеўну Касцючык, Інну Канстанцінаўну Падлужную, Леаніда   Іосіфавіча Саковіча, Алену Вітальеўну Міховіч, Руслана Мікалаевіча Крэйдзіча, Алёну Уладзіміраўну Шубіч, Крысціну Сяргееўну Клімчук, канцэртмайстра Га-ліну Антонаўну Страпка, ветэранаў школы, якія працягваюць працаваць, – Аляксандра Рыгоравіча Мамацюка, Таццяну Паўлаўну Масальцаву, Галіну Анатольеўну Быцкевіч, Міхаіла Аляксеевіча Майбародзіна і многіх іншых.

Дарэчы, менавіта вучаніцы Міхаіла Майбародзіна, а цяпер яго калежцы – Любові Генадзьеўне Шэрашавец і прыйшла ў галаву ідэя занатаваць для гісторыі ў малюнках выявы будынкаў, у якіх размяшчалася музычная альма-матэр. У другі з іх – па вуліцы Вясёлая – навучальная ўстанова “перасялілася” ў 1985 годзе. Вузенькія, падобныя на лабірынт, калідоры, невялічкія класы, прасторная хіба толькі актавая зала.  Але ж цесната ніякім чынам не адбівалася на якасці навучальнага працэса, дзівосная творчая атмасфера жыватворнай вільгаццю адразу ж разлілася па калідорах-лабірынтах, пранікаючы праз дзверы, за якімі музыцыравалі і спявалі дзетвара і дарослыя.

На вуліцу Вясёлую школьны аркестр народных інструментаў, які дзейнічаў з 1972 года, “пераязджаў” ужо маючы ганаровае званне “народны”. Прысуджана яно было калектыву напрыканцы навучальнага года, так што сёлета ў маі не толькі школа мастацтваў адзначае юбілей, але і аркестр святкуе 30-годдзе з дня атрымання такога высокага звання. Стваральнікам і першым кіраўніком аркестра быў Рыгор Лявонцьевіч Карнічэнка. Пазней ім кіраваў Мікалай Сіліч, дырыжыравалі Алена Паўлаўна Мемех, Іна Канстанцінаўна Падлужная. Кожныя тры гады калектыў пацвярджае права называцца народным перад камісіяй Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, што сведчыць аб высокім яго прафесійным узроўні, нягледзячы на тое, што музыканты прыходзяць новыя.

А вось на апошнім, трэцім, малюнку мастачка занатавала трохпавярховы будынак, на якім шыльда з надпісам “Драгічынская дзіцячая школа мастацтваў” паявілася нядаўна: у снежні 2012 года.

– Мы бязмежна ўдзячныя кіраўніцтву раёна ў асобе былога  старшыні райвыканкама Васіля Міхайлавіча Хваціка, дзякуючы намаганням якога нам быў перададзены будынак Нацыянальнага банка, – па тым, з якім настроем вымаўляе Сяргей Падлужны гэтыя словы, адчуваецца, што радасць наваселля і па сённяшні дзень не пакінула дырэктара ды і ўвесь калектыў. Толькі на рэканструкцыю пабудовы было выдаткавана 1 мільярд 600 мільёнаў рублёў. На значную суму, каля 400 мільёнаў рублёў, набыта музычных інструментаў і мэблі. Сяргей Васільевіч шчыра ўдзячны і цяперашняму кіраўніку раёна Юрыю Васільевічу Дзядзюку, начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Леаніду Сцяпанавічу Куроўскаму, Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь, якое ў свой час прыняло рашэнне аб матэрыяльнай падтрымцы школ мастацтваў.

У нядзелю ў гарадскім Доме культуры настаўнікі, вучні і былыя выпускнікі школы мастацтваў выступяць перад жыхарамі Драгічыншчыны і гасцямі з вялікай творчай справаздачай. Ёсць каго запрасіць Сяргею Падлужнаму і яго калектыву ў госці, шмат творчых талентаў яны заўважылі і далі ім “пуцёўку” ў вялікае жыццё. На свята чакаюць знакамітага земляка, піяніста Юрыя Блінова з сябрам-баяністам Уладзіславам Плігаўкай, дацэнта кафедры народна-інструментальнай творчасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры Сяргея Авадка, салістку ўзорна-паказальнага аркестра Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь Паліну Данскую, Арцёма Саладуху,      удзельнікаў Міжнароднага конкурсу “Палескі агеньчык” і многіх іншых. Ёсць чым уразіць гасцей педагагічнаму калектыву і вучням школы. У якім бы канцэрце ні выступалі, зрываюць апладысменты слухачоў узорны цымбальны аркестр, дзіцячы аркестр народных інструментаў, узорны інструментальны ансамбль “Сакрэт”, духавыя аркестры, фальклорны ансамбль і іншыя калектывы, салісты.

Аб узроўні выканальніцкага майстэрства выхаванцаў школы сведчаць іх удалыя выступленні на міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных фестывалях і конкурсах,  удзел у мастацкіх выставах, шматлікія дыпломы. Сваім гонарам школа лічыць Дар’ю Спутай, Алену Саковіч, Лію Быб, Таццяну Гук,  Антона Бажко, Вікторыю Паўловіч, Іаану Семянковіч, Ксенію Белавусаву, Ягора Мацкевіча, Валерыю Купрысь і многіх іншых дзяцей.

– Што хацелася б пажадаць калектыву педагогаў і вучням на шляху да чарговага юбілея? – задаецца пытаннем дырэктар школы мастацтваў Сяргей Падлужны. – Не спыняцца на дасягнутым, творча расці! Ствараць новыя калектывы і так захапляюча раскрываць перад дзецьмі дзверы ў неверагодную краіну музычнага і выяўленчага мастацтва, каб падарожжа па ёй зачаравала іх на ўсё жыццё…

Узорны інструментальны ансамбль “Сакрэт” пад кіраўніцтвам А.В.Міховіч
Узорны інструментальны ансамбль “Сакрэт” пад кіраўніцтвам А.В.Міховіч
Духавым аркестрам па-ранейшаму кіруе былы дырэктар школы А.Р.Мамацюк
Духавым аркестрам па-ранейшаму кіруе былы дырэктар школы А.Р.Мамацюк
Аркестравая група народнага хору “Жывіца” (кіраўнік С.В.Падлужны)
Аркестравая група народнага хору “Жывіца” (кіраўнік С.В.Падлужны)
Свае першыя ўзнагароды Вікторыя Паўловіч і Антон Бажко заваявалі ў        IV рэгіянальным фестывалі “Палескія музыкі” ў 2013 годзе
Свае першыя ўзнагароды Вікторыя Паўловіч і Антон Бажко заваявалі ў IV рэгіянальным фестывалі “Палескія музыкі” ў 2013 годзе

Ніна ТКАЧУК

Фота Івана ЛЯОНЧЫКА і аўтара

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Яркое открытие елки в Дрогичине: праздник для всей семьи

В Дрогичине прошло торжественное открытие главной новогодней елки, которое...

Кедми: “Орешник” делает немыслимыми любые угрозы безопасности Беларуси

"Орешник" делает немыслимыми любые угрозы безопасности Беларуси. Такое мнение...

Пожар в Дрогичине: работники МЧС спасли хозяина квартиры

Вчера вечером спасателям сообщили о пожаре в квартире на...

Дрогичинским РОВД проводится комплекс профилактических мероприятий

Дрогичинский РОВД информирует о начале комплекса профилактических мероприятий, направленных...