Дзень Вялікай Перамогі і Дзень Незалежнасці – дзве непадзельныя даты, якія яднаюць не толькі асобных людзей – яднаюць цэлыя пакаленні…
Афіцыйныя дакументы сведчаць: у час Вялікай Айчыннай вайны загінуў кожны чацвёрты жыхар Беларусі. І гэта – не лічачы тых, хто вярнуўся дамоў паранены, пакалечаны, знявечаны ліхалеццем, хто так і не залячыў свае раны і ў мірныя часы не затрымаўся на гэтым свеце, памёр ад наступстваў вайны.
І таму 3 ліпеня, у Дзень Незалежнасці Беларусі, які супадае з днём вызвалення ад нямецка-фашысцкай акупацыі сталіцы нашай рэспублікі, людзі звыкла прыходзяць да помнікаў загінуўшым франтавікам і партызанам, каб аддаць ім даніну глыбокай удзячнасці за здабыты мір і ўшанаваць іх памяць хвілінай маўчання.
Да святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь далучыліся і жыхары Драгічыншчыны. У першай палове дня, а 11-ай гадзіне, многія з іх сабраліся ля помніка загінуўшаму воіну-вызваліцелю ў гарадскім скверы, каб у думках узгадаць трагедыю свайго роду і сэрцам далучыцца да нашай агульнай памяці. Разам з ветэранамі вянкі і кветкі да помніка салдату-пераможцу ўсклалі старшыня райвыканкама Юрый Васільевіч Дзядзюк і старшыня райсавета дэпутатаў Святлана Уладзіміраўна Барташ, прадстаўнікі сілавых структур, грамадскіх арганізацый, духавенства.
Гучалі шчырыя і кранаючыя словы пра ветэранаў, якія дайшлі да сённяшніх дзён і сталі прыкладам сапраўднага патрыятызму і мужнасці для сваіх нашчадкаў. Памяць усіх, хто не вярнуўся з вайны, была ўшанавана хвілінай маўчання. І ў гэты самы момант у думках міжволі ўсплывалі вершаваныя радкі Анатоля Вярцінскага:
Я іду, ты ідзеш,
а ён не ідзе – ён мёртвы.
Я пяю, ты пяеш,
маўчыць кожны чацвёрты.
Мы ідзём, ідзяце вы,
грунт пад нагамі цвёрды.
Яны не ходзяць – не жывы
кожны чацвёрты…
Але сёння, апрануўшы салдацкія гімнасцёркі, іх песні працягваюць маладыя нашчадкі –тыя, хто жыве, шануе мінулае і марыць пра добрую будучыню. Для сябе і сваёй Радзімы…
Вечарам свята прадоўжылася ў гарадскім Доме культуры, дзе адбыўся канцэрт мастацкай самадзейнасці, у якім прынялі ўдзел лепшыя творчыя калектывы і самадзейныя артысты нашай мясцовасці: ансамблі “Сваякі”, “Зараначка”, Эльвіра Сцельмашук, Ганна Гражэўская, Аляксандр Вакула, Мікалай Каласей і іншыя. Затым яны разам з гледачамі, у ліку якіх былі і кіраўнікі раёна, праспявалі “Дзяржаўны гімн”.
Свята ў Драгічыне завяршылася салютам…
Галіна ВІКТАРАВА
Фота Івана ЛЯОНЧЫКА