Шпацыруючы па-галоўнай вуліцы вёскі Дзеткавічы, нельга не заўважыць тых перамен, што адбыліся тут, дзякуючы будаўніцтву аграгарадка.
Так, сучасны выгляд набыў будынак мясцовай сярэдняй школы. Крама і пошта знешне мала змяніліся, але ж унутры яны сталі вельмі ўтульнымі і зручнымі, што прыйшлося даспадобы вяскоўцам. З хваляваннем чакалі мы адкрыцця пасля капітальнага рамонту Дома культуры. Нямала дзяржаўных сродкаў было патрачана, каб стварыць па-сапраўднаму сучасны інтэр’ер, набыць новую мэблю, апаратуру. На жаль, яшчэ не закончаны рамонт у вясковай спартыўнай зале. Так-так, на зайздрасць многім сельскім населенным пунктам у савецкія часы ў Дзеткавічах была пабудавана вялікая спартыўная зала. Праўда, у апошнія гады яна не працавала. Спадзяемся, нядоўга засталося чакаць таго светлага імгнення, калі зала гасцінна расчыніць свае дзверы як для мясцовых аматараў спорту, так і для гасцей з іншых куточкаў Драгічыншчыны. Мая родная вёска будуецца, аднаўляецца, набывае сучасныя рысы, — адным словам, жыве.
Я ж прапаную чытачам зрабіць невялікі экскурс у гісторыю Дзеткавіч, бо, як кажуць, чалавек, які не ведае мінулага, не мае будучыні.
Амаль пяць соцен гадоў прайшло з той пары, як пачалі тут сяліцца людзі… Меркаванні аб паходжанні назвы вёскі існуюць розныя. Адны старажылы, успаміны якіх занатаваны ў мясцовым летапісе, сцвярджалі, што назва пайшла ад прозвішча тутэйшага першага жыхара – Дзеткава. Іншыя распавядалі трагічную гісторыю, якае мае рэальныя пасведчанні. Калісьці на месцы Дзеткавіч стаяў дрымучы лес. У тым лесе знаходзілася сядзіба, дзе жыў князь са сваей жонкай і трохгадовай дачушкай. Бацькі не пускалі малую ў лес, але ж тая нярэдка самавольна збягала ад іх. Аднаго разу пад вечар нянька паклала дзяўчынку спаць і пайшла з пакоя, каб прыгатаваць ежу. А калі вярнулася, малой у ложку не было, яна адчыніла акно і збегла ў лес. На пошукі дачушкі князя былі падняты на ногі нават сяляне з суседніх весак. Але раптам ударыў гром, узмац-ніўся вецер і пайшоў дождж. Непагадзь ускладніла пошукі, бо вецер і дождж задувалі, гасілі факелы. Але да самай раніцы людзі блукалі па лесе. Толькі як развіднела, дзяўчынку знайшлі недалека ад сядзібы мертвай. Княгіня ад гора страціла розум і ўсё хадзіла па лесе ды галасіла: “Дзет-ка! Дзет-ка!..” Так і пайшла назва Дзеткавічы. Князь загадаў вырубіць лес і на тым месцы, дзе знайшлі яго дачку, пабудаваў цагляную башню, якая прастаяла аж да 1952 года. Прызначалася тая башня на выпадак, калі хто-небудзь заблудзіцца ў лесе: з яе было бачна ўсё наваколле. Яшчэ па адной версіі, у пабудаванай князем башні падчас мангола-татарскага нашэсця забілі шмат дзяцей. Ад слова “дзеці” і пайшла назва вескі.
Бясспрэчна, на працягу стагоддзяў дзеткавіцкая зямля спазнала нямала бітваў, аповеды пра якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Аб тым сведчаць і назвы некаторых мясцін. Так, расказваюць, што ва ўрочышчы “Курганы” ў часы мангола-татарскай навалы хавалі тых, хто загінуў у барацьбе з заваёўнікамі. Над іх могілкамі насыпалі курганы, адтуль і пайшла назва ўрочышча. З падзеямі той пары звязана і назва “Крывавы луг”. У легендзе распавядаецца, як аднойчы ноччу атрад славян напаў на мангола-татар і знішчыў іх. Бітва была жорсткай і крыва-пралітнай. Зямлю заліла кроў, якая доўга не ўступала. Вучні Дзеткавіцкай сярэдняй школы з цікаўнасцю наведваюць апісаныя гістарычныя мясціны.
Гісторыя Дзеткавіч мае адлюстраванне не толькі ў легендах і паданнях. Захаваліся пісьмовыя дакументы 1583, 1625, 1644, 1666, 1766 і іншых гадоў. Напрыклад, у 1785 годдзе ўпершыню былі зроблены запісы пра старадаўнюю сядзібу, якая знаходзілася на паўночным захадзе вёскі. У пачатку 19 стагоддзя яна належала роду Ельцаў, але ў 1808 годзе перайшла да Рушчыцаў. Да нашых дзён ад палацава-паркавага ансамбля захаваліся толькі рэшткі парку, склеп (піўніца), абмялелыя саджалкі ды адзіночныя клёны, ліпы і ясені. Перад Другой сусветнай вайной у парку яшчэ знаходзілася капліца-пахавальня гаспадароў маёнтка, але пасля вайны яна была разбурана. Існуюць звесткі, што ў другой палове 19 стагоддзя ўладальнікам маёнтка з’яўляўся Густаў Радавіцкі, пасля паўстання 1863 года ся-дзіба была канфіскавана і распрададзена. Апошнім у Дзеткавіцкім маёнтку гаспадарыў род Богушаў.
Асаблівае месца ў Дзеткавічах займае помнік драўлянага дойлідства – Пакроўская царква. Нават цяжка ўявіць, што храму пазалетась споўнілася 270 гадоў. На жаль, гэтая падзея засталася амаль што незаўважанай. Перад царквой стаіць брама-званіца, узведзеная ў 18 стагоддзі, але сення вельмі рэдка можна пачуць старажытны звон.
Людзям уласціва ад-праўляцца ў далёкія падарожжы, каб пабачыць гістарычныя мясціны, помнікі дойлідства. Таго ж, што знаходзіцца побач, мы чамусьці не заўважаем. Можа, таму што не ведаем гісторыю роднага краю, сваёй маленькай радзімы? А на вывучэнне, пошук пісьмовых крыніц не хапае часу? Вось, кажуць, і ў Дзеткавічах нічога асаблівага няма… Хіба можа не быць чагосьці цікавага і важнага для нас, нашчадкаў, у весцы, якой ужо больш за чатыры стагоддзі. Гісторыя – гэта неабавязкова нешта старое. На маю думку, любы будынак, нават самы просты, з’яўляецца помнікам дойлідства, а будоўля аграгарадка – гістарычная падзея. Патрэбна зберагчы рэшткі гісторыі сваго краю і перадаць іх наступным пакаленням. Каб яны не страцілі свае карані, без якіх можа быць страчана сувязь з радзімай. А чалавек, які не памятае сваёй радзімы, яе лёсу, аднойчы забудзе, хто ён такі і адкуль, ператворыцца ў своеасаблівага манкурта.
Багдан ГАЦ,
cтудэнт Інстытута журналістыкі Белдзяржуніверсітэта