Адным з брэндаў сёлетняга турыстычнага сезона для школьнікаў нашага раёна стаў маршрут, пракладзены ў падшэфную воінскую часць, што размешчана ў Івацэвіцкім раёне. Вось ужо два гады гэты гарнізон замацаваны за навучальнымі ўстановамі Драгічыншчыны.
Пасля заканчэння навучальнага года члены Беларускага саюза афіцэраў Вячаслаў Аканечнікаў і Анатоль Малышка сумесна з музеем партызанскай славы арганізавалі на базе ваенных шэфаў заняткі з дапрызыўнай моладдзю школ нашага горада. Галоўным экскурсаводам і арганізатарам навучальных месц быў намеснік камандзіра палігона па ідэалагічнай рабоце падпалкоўнік Генадзь Чаракшаў. Рабяты вывучалі парадак разборкі і зборкі аўтамата Калашнікава, правільнае надзяванне сродкаў аховы ад зброі масавага знішчэння, потым паглядзелі, як трэба запраўляць салдацкі ложак. На ўсе пытанні да-прызыўнікі атрымалі поўныя і змястоўныя адказы. Словам, сакрэтаў не было ні ў тых, хто служыць, ні ў тых, хто хутка пойдзе ў армію.
Цікавым аказалася і знаёмства з матэрыяльнай базай гэтай ваеннай часці. Прыемна было будучым абаронцам Айчыны ўбачыць, у якім ідэальным стане знаходзяцца салдацкая сталовая, санчасць і казармы. Бясспрэчна, армія моцная парадкам, арганізаванасцю і дысцыплінай. У гэтым і пераканаліся тыя, хто праз год апране ваенную форму.
Уразіў і палігон, асабліва яго абсталяванне і аснашчэнне найноўшымі трэнажорамі. Карацей, пабываўшы ў гасцях у воінаў, нашы рабяты зараз маюць поўнае ўяўленне аб сучаснай арміі і службе ў ёй абаронцаў паветраных рубяжоў Беларусі.
Сяргей ГРАНІК,
Іван ЛЯОНЧЫК (фота), няштатныя карэспандэнты “ДВ”