15 чэрвеня 2011 года ў 44 нумары “ДВ” была апублікавана карэспандэнцыя пад назвай “Уклад падвор’яў змяншаецца…”. У ёй ішла размова аб тым, што ў Беларусі, у тым ліку і нашым раёне, значная ўвага ўдзяляецца развіццю асабістых падсобных гаспадарак грамадзян. Нягледзячы на гэта, адзначалася ў матэрыяле, уклад іх у харчовую бяспеку краіны становіцца ўсё менш важкім. Ці так гэта?
Летась насельніцтва нашага раёна прадало дзяржаве 6003 тоны малака – на 759 тон менш, чым у 2010 годзе. Зніжэнне найперш дапушчана па прычыне змяншэння колькасці кароў у прыватным сектары. Калі, скажам, у 2010 годзе ва ўласных гаспадарках Драгічыншчыны налічвалася 3509 рагуль, то ў мінулым– 3035.
Праўда, вяскоўцы сталі прадаваць малака больш у разліку на адну карову. Мяркуйце самі: 1927 кг у 2010 годзе і 1978 кг у 2011-м. Найбольшага прыросту ў гэтым напрамку дабіліся ў сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве “Асіпавічы”, дзе нарыхтоўкі малака ад адной уласнай каровы ўзраслі на 473 і склалі 2396 кілаграмаў.
Сярод пассельвыканкамаў лепшых поспехаў па нарыхтоўках лішкаў малака ў насельніцтва дабіўся Папінскі сельсавет. Тут пры плане 1205 летась закупілі ў сваіх жыхароў 1254 тоны малака.
Думаецца, вопыт работы Папінскага сельсавета заслу-гоўвае больш шырокай прапаганды. Справа ў тым, што ў 2010 годзе пры выканкаме стварылі спецыяльнае вытворчае падраздзяленне, у якое ўвайшлі 4 малаказборшчыкі, лабарант і бухгалтар. Іменна гэтае падраздзяленне і займаецца нарыхтоўкамі малака ў вёсках Зарэчка, Хідры і Вялікі Лес, якія раней уваходзілі ў склад калгаса “Дружба”. Дык вось, у жыхароў названых населеных пунктаў летась было закуплена 694 тоны малака, што склала 3559 кілаграмаў на 1 уласную карову.
Сёння малаказборшчыкаў Віктара Дудко, Мікалая Навумчыка, Паўла Каменца і Мікалая Худобіча добра ведаюць усе вяскоўцы. Так, першы з іх у жыхароў Зарэчкі летась нарыхтаваў 191 тону малака. А М.П.Худобіч ад 1 уласнай каровы сяльчан в.Хідры і в.Зарэчка закупіў па 4179 кілаграмаў малака.
Некаторыя дбайныя гаспадары, такія як Сяргей Мельнік, Сяргей Кароль, Аляксандр Матузка, Мікалай Камянец і Андрэй Кавальчук сцвярджаюць , што расходы на ўтрыманне каровы не такія і значныя. Таму ў сваіх дварах яны маюць па 2–3 рагулі і малака ад іх прадаюць дзяржаве нямала: ад 11 тыс. да 15,5 тысячы кілаграмаў за год. І гэта, думаецца, адны з лепшых паказчыкаў не толькі ў нашым раёне, але ў вобласці і рэспуб-ліцы.
Як вядома, увесь пашавы перыяд (гэта 6-7 месяцаў у годзе) карова харчуецца ў асноўным травой. Таму галоўны клопат вяскоўца – сена на стойлавы перыяд. І вось у гэтым, як кажуць, уся праблема заключалася. Вельмі многія па гэтай прычыне не спяшаліся абзаводзіцца рагуляй, а некаторыя збывалі яе. Асабліва цяжка прыходзілася пенсіянерам і тым, хто не працаваў у калгасе.
Гадоў 10, а то і болей таму, у большасці гаспадарак дзейнічала вось такая заганная практыка. Пры размеркаванні сенажацей іх у першую чаргу выдзялялі механізатарам, жывёлаводам, канторскім работнікам, у другую – тым, хто апрацоўваў “дзялкі” буракоў, і толькі ў трэцюю траплялі пажылыя людзі. Ім, як правіла, даставаліся травы горшыя і ўбіраць іх прыхо-дзілася ўручную.
Сёння многія памылкі і цяжкасці ліквідаваны, адносіны да асабістых падвор’яў змяніліся. У большасці сельгаскааператываў для здатчыкаў малака грубыя кармы выдзяляюцца без праблем – іх завозяць прама ў двары. Для развіцця падсобных гаспадарак за насельніцтвам раёна замацавана 4978 гектараў сельгасугоддзяў, у тым ліку 4593 гектары ворыва і 385 гектараў палепшаных лугавых угоддзяў. Выдзелена таксама 2811 гектараў сенакосаў і пашы з разліку 1,1 гектара на 1 карову.
Праўда, ёсць праблемы з пашай. Доўгі час яна не перазалужалася ў Радаставе, Нямержы, Галоўчыцах, Корсуні, Дзятла-вічах, Асіпавічах, Малінаўцы і ў Адамове.
Ва ўласных гаспадарках нашых грамадзян сёння налічваецца 3738 галоў буйной рагатай жывёлы, 10550 свіней і 960 коней. Акрамя 6003 тон малака, летась вяскоўцы прадалі нарыхтоўчым арганізацыям спажыўкааперацыі 486 тон бульбы, 393 – агародніны і 5,9 тоны мяса.
Як бачым, сельскія працаўнікі ўносяць свой пасільны ўклад у харчовую бяспеку краіны. І ён сёння ў разы быў бы большы, калі б развіццю падсобных гаспадарак такая ўвага, як цяпер, удзялялася раней. Дарэчы, для ўзмацнення матэрыяльнай зацікаўленасці грамадзян у рэалізацыі асобных відаў прадукцыі жывёлагадоўлі і раслінаводства да закупачных цэн на іх устаноўлены надбаўкі. На выплату гэтых надбавак для жыхароў раёна з рэспубліканскага бюджэту толькі летась было накіравана 651,4 млн. рублёў.
Закупачныя цэны на малако ў апошні час значна ўзраслі. Трымаць карову стала выгадна эканамічна, бо штомесячна дбайны гаспадар можа атрымаць за якасны сырадой 600-800 тысяч рублёў. А гэта, згадзіцеся, значная прыбаўка ў бюджэт любой сям’і.
І яшчэ. Асноўныя паслугі для развіцця падсобных гаспадарак вяскоўцам аказваюць сельскагаспадарчыя арганізацыі. Аднак не стаяць у баку ад вырашэння гэтай важнай справы і камбінат бытавога абслугоўвання, і камунгас, і спажыўкааперацыя раёна. А некаторыя асабістыя гаспадаркі апрацоўваюць прысядзібныя ўчасткі самастойна. Бо маюць у сваім карыстанні 301 трактар, 98 грузавых аўтамабіляў і 228 адзінак іншых сельгасмашын.
На апошнім пасяджэнні райвыканкама падрабязна разглядаўся ход выканання Праграмы падтрымкі падсобных гаспадарак грамадзян на 2011 – 2015 гг. Намечана ажыццявіць рад практычных мер для далейшага развіцця асабістых падвор’яў, а кіраўнікам сельгасарганізацый даручана лічыць адной з важнейшых задач усямернае павелічэнне вытворчасці нарыхтовак кармоў як для грамадскай жывёлы, так і жывёлін, якія знаходзяцца ў асабістай уласнасці грамадзян.
Калі ж гаварыць шчыра, то сёння вельмі цяжка штосьці змяніць ва ўкладзе жыцця сельскіх працаўнікоў. Таму колькасць падсобных гаспадарак грамадзян з кожным годам будзе змяншацца. Людзі ў вёсках старэюць, паміраюць, а маладыя не хочуць абцяжарваць сябе лішнімі клопатамі. Яны раніцай у асноўным п’юць чай, каву, а ўзамен дамашніх сыроў, тварагу, масла на іх стале – іншая ежа, праўда, не заўсёды паўнацэнная па пажыўнасці. Ды і маладых людзей, занятых у сельгасвытворчасці, сёння нямнога, кваліфікаваных кадраў не хапае. Асноўная прычына – нізкія заробкі. Але гэта ўжо іншая тэма для размовы.
Аляксей СЯРГЕЙ