Па стану на 27 чэрвеня ў нашым раёне азімы ячмень убраны на 76 працэнтах пасяўных плошчаў. Сярэдняя ўраджайнасць склала 42,6 цэнтнера з гектара. У адкрытых акцыянерных таварыствах “Аляксеевічы-Агра”, “Бездзеж-Агра”, “Ліпніцкі”, “Агра-Дзеткавічы”, “Радастаўскі” ўборка азімага ячменю завершана. На чарзе – рапсавыя палеткі.
У племзаводзе “Заказельскі”, як і ў іншых гаспадарках раёна, сёлетняе жніво пачалося раней звычайнага. Аднак земляробаў яно не застала знянацку – тэхніка была своечасова падрыхтавана, і як толькі надышлі аптымальныя тэрміны, камбайны выйшлі ў поле.
Ва ўрочышчы Каралін, непадалёку ад фермы, на 60-гектарнай плошчы азімага ячменю шчыруюць два экіпажы. У Мікалая Фёдаравіча Жука новы камбайн – у полі ўсяго толькі трэці год. На другім камбайне “са стажам” убірае ячмень яго брат Іван.
Гэта мая саракавая ўборка, – не без гордасці кажа механізатар. Сёлета мне дапамагае руплівы земляроб Валерый Іванавіч Раманцоў. З ім мы, спадзяюся, дасягнем пэўных поспехаў на жніве.
Тым часам бункер камбайна Мікалая Жука напоўніўся збожжам новага ўраджаю, і ён, падаўшы знак вадзіцелю аўтамабіля МАЗ‑555 Мікалаю Мікалаевічу Румачыку, спыніў свой агрэгат. Мазіст не заставіў сябе доўга чакаць і хуценька пад’ехаў на загрузку. Некалькі хвілін і збожжа з бункера залацістым патокам “перакачавала” ў кузаў аўтамабіля, які тут жа ўзяў курс на збожжаток гаспадаркі.
– Спяшаецца Мікалай, – заўважыў галоўны аграном гаспадаркі Ягор Леанідавіч Качан, – як-ніяк яму аднаму неабходна адвозіць збожжа ад абодвух камбайнаў. Хутка ён зноў вернецца ў поле – затрымкі за ім не будзе. Ураджайнасць на гэтым палетку, дзе мы шчыруем другі дзень, 57 цэнтнераў з гектара пры вільготнасці крыху больш 16 працэнтаў. А ўсяго ў гаспадарцы на сённяшні дзень з 88 гектараў намалочана амаль 500 тон збожжа.
Аляксандр РЭПІХА.
Фота аўтара.