Кожная пара года, кожнае свята мае свой адметны водар: у Новы год і на Ражство паветра напаўняецца пахам свежай яліны і мандарынаў, у жаночы дзень 8 Сакавіка паўсюль адчуваецца пах першых вясновых кветак, а галоўнае хлебаробскае свята “Дажынкі” заканамерна напоўнена водарам свежаспечанага хлеба і разнастайнай белабулачнай выпечкі з зерня новага ўраджаю. Сёлета сталіцай традыцыйнага абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2021”, які прайшоў 4 верасня, стаў аграгарадок Лагішын на Піншчыне. Ён, як і павялося яшчэ з 1996 года, ад самага першага такога свята, што ладзілася на Століншчыне, сустракаў гасцей прыветна і дабразычліва, з шырокімі і хлебасольнымі гандлёвымі радамі, з музыкай і песнямі на абноўленых і добраўпарадкаваных вуліцах. Але галоўным упрыгожваннем свята сталі лепшыя земляробы, спецыялісты і гаспадарнікі, якіх можна было пазнаць па адметных стужках перадавікоў. У іх ліку былі і прадстаўнікі нашай Драгічыншчыны.

Свята пачалося з маляўнічага шэсця, якое было ўвенчана вянком з калосся і велізарным караваем – сімваламі дабрабыту. У гэтай калоне разам з іншымі прадстаўнікамі сельгасвытворчасці дэлегацыя нашага раёна пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Аляксандра

Вітальевіча Дарашэнкі накіравалася да месца правядзення ўрачыстага ўшанавання герояў нядаўняга жніва.

Са святочнай сцэны было адзначана, што Брэстчына першай завяршыла ўборку зерневых і першай сярод рэгіёнаў рэспублікі адзначае “Дажынкі”. У сваім звароце да ўдзельнікаў мерапрыемства ўпраўляючы справамі Прэзідэнта – упаўнаважаны прадстаўнік па Брэсцкай вобласці Валерый Мікалаевіч Іваноў акцэнтаваў увагу на тым, што сёлета Брэсцкая вобласць з’яўляецца адным з лідараў па намалоту зерня і ўносіць важкі ўклад у рэспубліканскі каравай: у рэгіёне сабрана 1 млн 316 тыс. тон зерня. Такі поспех стаў вынікам зладжанай працы аграрыяў, гаспадарскіх адносін да зямлі і выкарыстання новых тэхналогій. Ён падзякаваў земляробам за сумленную працу, дадаўшы, што “Дажынкі” сталі добрай традыцыяй, якая аб’ядноўвае не толькі хлебаробаў, але і працаўнікоў іншых галін вытворчасці.

“Справіліся са жнівом нядрэнна. Былі добрыя віды на ўраджай. Часам крыху ўмешвалася неспрыяльнае надвор’е, але вынік атрымалі дастойны. Аднак уборка на гэтым не завяршаецца, у полі застаецца многа работы. Пачынаем убіраць кукурузу. Адначасова будзе весціся падрыхтоўка глебы, ворыва, сяўба, але аграрыі гатовы выканаць гэтую сезонную работу ў належны тэрмін”, – адзначыў старшыня аблвыканкама Юрый Вітольдавіч Шулейка. Губернатар звярнуў увагу і на тое, што Лагішын аднавіўся да фестывалю і выказаў спадзяванне, што ўсе, хто прыехаў на свята, атрымаюць добрыя ўражанні.

Так яно і сталася. Зразумела, што самыя яркія эмоцыі былі ў тых, хто выходзіў на сцэну для ўшанавання. Пераможцамі абласнога спаборніцтва на жніве сталі Камянецкі, Жабінкоўскі, Брэсцкі раёны. Сярод гаспадарак лепшыя вынікі паказалі ААТ “Савушкіна пушча” і “Макарава-Агра” з Камянеччыны…

Першае месца сярод амаль 700 камбайнерскіх экіпажаў, якія былі задзейнічаны на сёлетнім жніве, занялі прадстаўнікі Камянецкага, Ляхавіцкага і Пінскага раёнаў. А вось у ліку тых, каму было аддадзена другое месца ў абласным спаборніцтве, быў і экіпаж ААТ “Аляксеевічы-Агра”, у саставе якога працавалі Андрэй Аляксандравіч Шыла і Аляксандр Андрэевіч Крук: на сваім камбайне, які эксплуатуецца болей 12 гадоў, яны здолелі намалаціць больш 1140 тон збожжа.

Прадстаўнікі Драгічыншчыны – у святочнай калоне “Дажынак-2021” у Лагішыне

 Усяго ж у спісе ўзнагароджаных на “Дажынках-2021” значылася амаль 200 земляробаў – механізатараў, вадзіцеляў, спецыялістаў – усіх тых, хто вывеў рэгіён у лідары па намалоту зерня. У іх ліку быў і галоўны інжынер ААТ “Імянінскі” Сяргей Сяргеевіч Пучык, стараннем якога разам з механізатарамі была забяспечана эфектыўная работа тэхнікі падчас жніва. Аб гэтым сведчыць тое, што 5 камбайнаў тут намалацілі 6567 тон збожжа…

Сяргей Сяргеевіч прыйшоў у “Імянінскі” ў 2015 годзе пасля заканчэння каледжа, але, адпрацаваўшы належны тэрмін, малады спецыяліст застаўся ў гаспадарцы надалей і прадоўжыў навучанне па свайму профілю ў дзяржаўным аграрна-тэхнічным універсітэце. Болей таго: у гэтых мясцінах малады чалавек стварыў сям’ю і ўпарадкоўвае сваё жыллё.

Успамінаючы нядаўнюю ўборку, С.С. Пучык расказвае, што была яна няпростай: спачатку паліла сонца і стаяла спякота, потым пайшлі дажджы, і з тэхнікай узнікалі праблемы. Але ўсе неабходныя запчасткі аператыўна пастаўляліся і аплачваліся, людзі на рабоце затрымліваліся да самага позняга часу, пакуль можна было весці жніво, і таму ўсё зладзілася найлепшым чынам. А галоўны інжынер С.С. Пучык за эфектыўную арганізацыю сельгасработ на этапе жніва быў адзначаны ў ліку пераможцаў абласных “Дажынак”.

“Уручаючы мне Дыплом, старшыня аблвыканкама паціснуў руку і сказаў: “Дзякуй за працу”. Гэта было даволі прыемнае адчуванне, бо мне яшчэ не даводзілася атрымліваць узнагароды на такім высокім узроўні”, – падзеліцца ўражаннямі Сяргей Сяргеевіч.

Разам з ім на абласных “Дажынках” пабываў і сямейны экіпаж ААТ “Імянінскі”, у складзе якога працуюць браты Дзмітрый Сяргеевіч і Барыс Сяргеевіч Кулік. У адным камбайнерскім тандэме яны знаходзяцца больш за 10 гадоў, і раней таксама неаднаразова станавіліся пераможцамі раённых і абласных спаборніцтваў на ўборцы зерневых сельгаскультур. Неўзабаве пасля таго, як ААТ “Імянінскі” ўвайшло ў склад Бярозаўскага мясакамбіната, сельгаспрадпрыемства атрымала новы камбайн “Джон-Дзір”, які быў давераны сямейнаму экіпажу братоў Кулік. І ў той жа год браты сабралі на ім больш за 2000 тоны зерня. З такім жа намалотам яны ўзняліся на хлебаробскі п’едэстал і сёлета, заняўшы 1-е месца ў спаборніцтве сярод сямейных экіпажаў. Ганаровыя дыпломы і грашовыя прэміі Дзмітрыю Сяргеевічу і Барысу Сяргеевічу Кулікам уручыў наш зямляк, старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў Мікалай Мікалаевіч Шум.

Парадавалі сваімі вынікамі работы і аператары зернесушыльных комплексаў. Сёлета ў ліку пераможцаў абласнога спаборніцтва ўшаноўвалі не толькі звяно СВК “Асавецкі”, дзе фактычна было дапрацавана больш 10500 тон збожжа і якое з году ў год удастойваецца ганаровых узнагарод “Дажынак”, але і аналагічную брыгаду працаўнікоў сельгаспрадпрыемства “Племянны завод “Заказельскі”, праз рукі якіх прайшло больш за 7800 тон зерня.

Для пераможцаў жніва быў арганізаваны цудоўны канцэрт, у якім выступілі як вядомыя артысты, такія як дзяржаўны ансамбль народнай музыкі “Свята”, група “Аура”, так і калектывы мастацкай самадзейнасці Брэстчыны. Напрыканцы ўрачыстасці старшыня аблвыканкама Юрый Вітольдавіч Шулейка аб’явіў аб тым, што сталіцай абласных “Дажынак” у наступным годзе стане гарадскі пасёлак Целяханы ў Івацэвіцкім раёне. А Лагішыну і яго жыхарам на добрую памяць пра хлебаробскае свята застануцца заасфальтаваныя вуліцы, адноўленыя аб’екты інфраструктуры, у ліку якіх – і стадыён, дзе праходзілі асноўныя мерапрыемствы сёлетніх “Дажынак”.

Галіна ВІКТАРАВА