Люты – месяц, у якім хутка павялічваецца даўжыня дня. Усё больш цяпла і святла пасылае нам у гэты час сонца. Слабеюць маразы, часцей бываюць адлігі і бязвоблачныя дні. Сярэднія тэмпературы паветра складаюць 3-4 градусы ў наваколлі Брэста і амаль 8 градусаў марозу ў Віцебскай вобласці. Гэта ўсяго на 0,8 градуса вышэй у параўнанні са студзенем у паўднёвых раёнах рэспублікі і на 0,4 градуса – у паўночных. Праўда, іншы раз тэмпература можа падымацца да 5 і больш градусаў вышэй нуля. Да лютага працягласць дня ўзрастае на гадзіну і сорак мінут, а сярэднямесячная сума сонечнай радыяцыі на кожны сантыметр паверхні павялічваецца больш як у два разы – з 400 да 900 калорый. Аднак 70 працэнтаў праменняў нябеснага свяціла быццам люстэркам адбіваецца свежым снежным покрывам. Апошняе працягвае нарастаць і месцамі дасягае 50-80 сантыметраў. Ападкі выпадаюць невялікімі порцыямі, але даволі часта, больш бывае мяцеліц. Снег у некаторыя дні падтайвае, але начным марозам хутка скоўваецца і ператвараецца ў даволі трывалую корку. Максімальную таўшчыню набірае лёд на азёрах і ў іншых вадаёмах. Своеасабліва складваюцца ўмовы жыцця ў лютым у рэках і азёрах. Калі летам найбольш цёплымі былі верхнія слаі вадаёмаў, то зімой – наадварот. Таму большасць рыб збіраецца ў самых глыбокіх месцах. Арыентуюцца яны пры дапамозе органаў “бакавой лініі”, якія ўспрымаюць нават нязначныя змяненні навакольнага асяроддзя. Параўнальна актыўна плаваюць у гэты час толькі налімы, плоткі, яршы ды акуні. Карпы ж, ліні, карасі, ракі, малюскі, вадзяныя павукі, жабы і насякомыя ўпалі ў спячку ў норах, сярод падводнай расліннасці і затанулых карчоў, куды не пранікае ні адзін прамень святла. Але і ў гэтым халодным змроку цішыня часам парушаецца хрустам згрызаемых раслін. Гэта кормяцца андатры і бабры. Апошнія яшчэ з восені назапасілі сабе некалькі кубаметраў галінковага корму, затапіўшы яго паблізу ад нары або хаткі. На працягу ўсёй зімы пад ільдом энергічна палююць выдры і норкі. Асноўная іх здабыча – рыбы і водныя насякомыя, якія часта выдаюць сябе неасцярожнымі рухамі. Часам рыбам не хапае кіслароду, і яны збіраюцца чародамі ля невялікіх прадушын. Вось тут драпежнікам сапраўднае раздолле. Цяжка складваецца жыццё на прамярзаючых балотах. Ні рыбы, ні звяры там існаваць не могуць. Калі не ўдалося перайсці восенню ў іншыя месцы, то тут іх чакае гібель. Могуць захавацца толькі невялікія рачкі ды насякомыя, малюскі, якія здольны ўмарожвацца ў лёд і пасля адтайвання працягваць нармальнае жыццё. Нягледзячы на тое, што харчовыя рэсурсы да гэтага часу збядняюцца, у многіх жывёлін пачынае павышацца актыўнасць, з’яўляюцца прыкметы веснавога ажыўлення. У ваўкоў і лісіц, напрыклад, у разгары гон, пачынаецца ён і ў зайцоў, баброў, вавёрак. Паяўляюцца птушаняты ў яркагрудых крыжа-дзюбаў. Гэтая птушка нездарма называецца ялоў-нікам. Лепшага корму для птушанят, чым насенне ёлкі, не знайсці. А яно сыплецца проста на снежны шарпак. Па ім нават лёгкі ветрык дапамагае яму рассяліцца ў новыя мясціны. Пакуль гэтага не здарылася, і спяшаецца выгадаваць сваё патомства крыжа-дзюб. Люты – цяжкі і кантрасны час. Лядовае покрыва ў ім адыгрывае значную ролю ў жыцці прыроды. Адных звяркоў яно ахоўвае ад ворагаў, другім перашкаджае здабываць корм, трэцім ускладняе або спрашчае ўмовы перамяшчэння. Але ва ўсіх выпадках яго наяўнасць з’яўляецца заканамернай і прывычнай з’явай для многіх жывых істот.
Пётр Падлужны, наш няштатны карэспандэнт.