Чаму менавіта такая назва замацавалася за гэтым населеным пунктам? Не таму, што тут жыў які-небудзь мудрэц, як Канфуцый, або Лао-цзы, не таму, што вёска была агароджана высокай сцяной. У Сулічаве ў савецкі час жыло многа людзей. Амаль пад тысячу жыхароў было. З 90-х гадоў дэмаграфічная сітуацыя тут пачала пагаршацца. Зараз вёску ўжо не назавеш Кітаем – на ўсё сяло, можа, 200 чалавек і назбіраецца мясцовых жыхароў. Зразумела, моладзі тут яшчэ менш.
Вядома, што вёска Сулічава мае даволі багатую гісторыю. Першае ўпамінанне аб ёй у гістарычных крыніцах адносіцца да 1546 года. Але ж мы збіралі інфармацыю выключна па ўспамінах мясцовых жыхароў-старажылаў і таму не закранулі больш раннія перыяды мінулага вёскі. Першым, з кім мы сустрэліся, быў Мікалай Іванавіч Рапінчук, які нарадзіўся ў 1929 годзе.
У царскія часы многія з мясцовых сялян валодалі “шнуркамі” зямлі. Гэта значыць – тонкімі і доўгімі адрэзкамі. У 1937 годзе польскі ўрад пачаў перадзел зямлі, і замест такіх «шнуркоў» сялянам давалі надзелы ў адным месцы. Актыўна ў тыя часы ўтвараліся хутары. Ва ўрочышчы Дошнік знаходзіўся маёнтак пані Бабрынскай (да таго рэвізскія душы ў Сулічава і ў навакольных вёсках належылі роду Ажэшка). Прыкладна ў 1926-27 гг. панскую зямлю выкупілі сяляне. У Дошніку перад вайной існавала каля 30 хутароў. Пабудаваў там жытло і дзед Мікалая Рапінчука – Васілій Паўлавіч. У панскім доме заснавалі польскую школу, якую падчас Вялікай Айчыннай вайны спалілі партызаны.
Як паведаміў нам жыхар вёскі, на поўнач ад Сулічава знаходзілася яшчэ адна панская сядзіба. Ва ўрочышчы Грудковічы стаяў дом Багурскіх. Мікалай Іванавіч яшчэ помніць гэты будынак (аднойчы яму выпала пабываць там разам з маці, якая працавала ў пана) – сапраўдны палац з вялікай колькасцю пакояў. Частка сялян працавала ў гаспадарцы Багурскіх, і жылі яны больш багата, чым астатнія жыхары вёскі.
– У 1939 годзе з прыходам улады Саветаў пан Багурскі пакінуў свой маёнтак. У савецкі час на тым месцы заснавалі Белінскае лясніцтва. Драўляны будынак на сёння не захаваўся. Зараз на тым месцы у Грудковічах – пустэча, а побач з дарогай, што ідзе на Вульку Папінскую (па-мясцоваму «гастынец», гандлёвы шлях, які злучаў Брэст з Пінскам) знаходзяцца ачышчальныя збудаванні райкамунгаса, – паведаміў Мікалай Рапінчук.
У гады вайны ў доме Рапінчукоў у Дошніку была партызанская камендатура, пакуль у снежні 1943 года, падчас карнай аперацыі акупантаў, не былі спалены ўсе дамы. Каля пяці чалавек немцы забілі у Дошніку. Сярод іх быў і дзед Мікалая Іванавіча. Жылі Рапінчукі ў зямлянцы да 1947 года, пакуль не пабудавалі новы дом. Бацьку Мікалая Іванавіча пасля вайны прапанавалі пасаду пісара, потым ён працаваў сакратаром у сельсавеце, а калі быў утвораны першы ў Сулічаве калгас «Перамога», то Іван Васільевіч стаў яго старшынёй. З 1952 года І.В. Рапінчук працаваў брыгадзірам у Дошніку. Потым «Перамогу» далучылі да калгаса імя Леніна ў Вульцы Радавецкай.
Мікалай Іванавіч Рапінчук каля 30 год адпрацаваў у мясцовым сельгаспрадпрыемстве галоўным электрыкам. Кіраваў працай АВМаў (аб гэтым далей). Ён мае ўзнагароды: нагрудныя знакі “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва”, ордэн Працоўнай Славы.
***
Далей пазнаёміліся мы з сям’ёй Савончык. Гаспадар – Рыгор Мікалаевіч – усё жыццё працаваў механізатарам, цяпер на заслужаным адпачынку; яго жонка Марыя Сцяпанаўна – таксама пенсіянерка.
На наша пытанне, чым жыве зараз іх вёска, яны разам і адказалі: раней было каля чатырохсот сялянскіх гаспадарак, а зараз ці назбіраецца 200 жыхароў, вось, пытанне? Успомнілі часы росквіту калгаса-мільянера, калі ім кіраваў Васіль Фёдаравіч Цітавец. У той час вырашылі малоць травяную вітамінную муку. У адным толькі Сулічаве стаяла чатыры АВМы (агрэгаты вырабу травяной мукі). Гэтую прадукцыю калгас імя Леніна пастаўляў на камбікормавы завод у Драгічын. Зараз толькі ад аднаго з АВМаў засталося абсталяванне, і муку ён ужо не робіць. Нават ходзяць чуткі, што раённыя ўлады плануюць далучыць ААТ «Радавецкі» да сельскагаспадарчай арганізацыі ў Закозелі.
Зразумела, што калі быў магутным калгас, то і насельніцтва жыло шмат у Сулічаве. Рыгор Мікалаевіч успамінае час, калі ў вёсцы з’явілася новая вуліца Матросава. На ёй заўсёды гуляла многа дзяцей. Часта, праязджаючы па вуліцы на трактары, трэба было быць вельмі асцярожным. Зараз не тое, што дзяцей, моладзі ў вёсцы мала. Зразумела, раз’ехаліся ўсе ў пошуках лепшага жыцця. Многія з маладых людзей, якія абралі для сябе працу ў сельгасвытворчасці, перабраліся ў Вульку, засяліўшыся ў “прэзідэнцкія” домікі.
Таксама наведалі мы і сям’ю Акаронка ў Закозелі. Васіль Васільевіч Акаронка шмат гадоў займаў пасаду дырэктара Сулічаўскай базавай школы. Яго жонка Еўдакія Аляксееўна была настаўніцай матэматыкі. Пераехалі ў Сулічава яны ў 1972 годзе. Тады школу наведвала 192 вучні. Быў час, калі яна працавала ў дзве змены, акрамя таго, яшчэ існавала вячэрняя школа для дарослых людзей, якія не мелі сярэдняй адукацыі. Перад тым, як Сулічаўская школа-сад перастала існаваць у 2012 годзе, у ёй атрымлівалі веды ўжо толькі 17 выхаванцаў. Школу, якая размяшчалася ў трох аднапавярховых будынках, выкупіў за адну базавую велічыню мясцовы прадпрымальнік. Ён заснаваў там прадпрыемства па шынамантажу. Чакае новага ўладальніка і Сулічаўскі сельскі Дом культуры. На ім вісіць таблічка “Прадаецца”. Раней працавала ў Сулічаве і паштовае аддзяленне, але зараз яе замяняе пошта «на колах».
– Мы пераехалі ў Закозель адносна нядаўна. Шмат гадоў жылі і працавалі ў Сулічаве. Там вучыліся і раслі нашы дзеці. Пра жыхароў вёскі можам сказаць, што яны вельмі працавітыя, добразычлівыя, чыстыя сэрцам і душой, – кажуць Васіль Васільевіч і Еўдакія Аляксееўна.
Зараз з аб’ектаў інфраструктуры ў Сулічаве ёсць фельчарска-акушэрскі пункт, крама працуе праз дзень. Некалькі разоў на тыдзень заходзіць у вёску пасажырскі аўтатранспарт. Мясцовыя жыхары вельмі ўдзячныя, што ўлады не зачынілі краму.
– У вёсцы Селішча, напрыклад, крамы ўжо няма, туды ходзіць аўталаўка. Людзям прыходзіцца чакаць яе і ў студзёнае зімняе надвор’е, і падчас летняй спёкі. А ў нас крама – добра. Некалькі гадоў таму было пытанне наконт закрыцця нашага ФАПа, але мясцовыя жыхары адстаялі свой фельчарска-акушэрскі пункт. Была арганізавана сустрэча з прадстаўнікамі ўлад, і ўсе жыхары вёскі выказаліся за тое, каб ФАП у нас застаўся, – даведаліся мы ад сям’і Савончык. – Ёсць яшчэ ў нас пытанне наконт гравійнай дарогі на Закозель. Не адзін год спрабуем вырашыць гэтую праблему, чакаем калі ўжо там з’явіцца асфальт. Многія з нас часта ездзяць у гэты аграгарадок. Там ёсць усё, што патрэбна для жыцця: і амбулаторыя, і аддзяленне банка, і інш.
Вельмі ўдзячныя мясцовыя жыхары тым вяскоўцам, якія сумленна працуюць на карысць іншых людзей, не даюць загінуць сялу. Сярод іх санітарка ФАПа Святлана Жылінская, яе муж Віктар – механізатар-перадавік у мясцовым сельгаспрадпрыемстве, шафёр Мікалай Румачык і іншыя.
Пакуль ёсць каму клапаціцца аб будучыні сваёй вёскі, яна і будзе жыць.
Андрэй РАСАФОНАЎ