Больш пяцісот гадоў прайшло з часу выдання Францыскам Скарынай кнігі пад назвай «Псалтыр» на старажытнабеларускай мове. І гэты момант у гісторыі лічыцца адпраўной кропкай развіцця кнігадрукавання на тэрыторыі нашай краіны. З таго часу і да сённяшніх дзён пісьменнікі і паэты мастацкім словам адлюстроўваюць развіццё грамадства, яго праблемы і дасягненні, жыццё людзей, іх побыт, перажыванні, памкненні, сацыяльныя змены і чалавечыя ўзаемаадносіны…
Такія тэмы шырока прадстаўлены ў творах беларускамоўных аўтараў, і яны – часцінка гісторыі, якую мы беражліва захоўваем і перадаем з пакалення ў пакаленне. Гэтаму паспрыяла і тое, што з 1994 г. у нашай рэспубліцы праводзіцца нацыянальнае свята – Дзень беларускага пісьменства. Культурнымі гарадамі, на вуліцах якога праслаўлялі кнігу, былі Полацк, Шчучын, Заслаўе, Рагачоў і іншыя населеныя пункты. Час ішоў, і ў гэтым годзе ганаровую місію правесці свята атрымаў суседні райцэнтр – Іванава.
Сутнасць свята прадугледжвае паказ адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай народа, адлюстроўвае шлях пісьменства і друку, яго цяперашні стан. А вось аб тым, наколькі запатрабавана беларускамоўная літаратура сярод мясцовых чытачоў,
карэспандэнт «ДВ» даведалася ў загадчыцы аддзела абслугоўвання і інфармацыі Драгічынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Алены Рыгораўны Курылюк.
– Наколькі шырока прадстаўлена беларускамоўная кніга на паліцах раённай бібліятэкі і ў якой меры яна карыстаецца попытам чытачоў?
– Відавочна, што беларуская літаратура заняла сваё дастойнае месца ў сусветнай культурнай спадчыне, аб чым сведчыць і той факт, што менавіта ўраджэнка нашай краіны, пісьменніца Святлана Алексіевіч у 2015-м годзе стала лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры. Гэта ў пэўнай меры паспрыяла таму, што вырасла цікавасць да беларускай кнігі і з боку чытачоў. Але з пункту гледжання вопытнага бібліятэкара, які шмат гадоў прысвяціў сваёй прафесіі і прапагандзе кнігі, хачу адзначыць, што найбольшы росквіт беларуская літаратура перажывала менавіта ў тыя часы, калі выкладанне прадметаў у школах вялося пераважна на роднай мове, і гэта абавязвала да яе дасканалага вывучэння. Пазней, з увядзеннем двухмоўя на дзяржаўным узроўні, беларуская мова стала менш ужывальнай. Хаця заўсёды знаходзяцца энтузіясты і адданыя прыхільнікі роднага слова, якія не адракаюцца ад сваёй духоўнай спадчыны і працягваюць яе развіваць і прапагандаваць. На шчасце, зараз я назіраю, што колькасць такіх людзей павялічваецца і ўсё больш наведвальнікаў бібліятэкі цікавіцца беларускамоўнымі творамі. Радуе і тое, што творы замежных аўтараў сталі перакладацца на нашу мову, і ёсць надзея, што з цягам часу чытачы ацэняць іх мастацкія вартасці.
– Калі гаварыць канкрэтна, то якія беларускамоўныя творы часцей за ўсё бяруць у цэнтральнай бібліятэцы?
– Больш за ўсё карыстаюцца попытам творы школьнай праграмы, бо яна будуецца на класічным падмурку. Гэта кнігі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Івана Мележа, Васіля Быкава, Івана Шамякіна, Уладзіміра Караткевіча, Янкі Брыля і іншых, хаця бяруць іх не толькі падлеткі, але і дарослыя людзі. Любяць нашы мясцовыя чытачы і сучасных пісьменнікаў. Зразумела, што апошнім часам вельмі запатрабаванымі сталі творы Нобелеўскага лаўрэата Святланы Алексіевіч. З ахвотай і задавальненнем чытаюцца кнігі Георгія Марчука, Наталлі Батраковай, Віталя Куліка і дзясяткаў іншых аўтараў. Не ўсе іх творы напісаны на беларускай мове, але тое, што яны – прадстаўнікі нашай краіны, і іх апавяданні, аповесці, раманы захапляюць з першага радка, не адпускаюць да апошняй старонкі – таксама нагода для гонару.
Карыстаюцца попытам і аўтабіяграфічныя кнігі пра знакамітых беларусаў.
– А што можаце сказаць наконт нашых мясцовых пісьменнікаў. Ці зацікаўлены чытачы ў іх творах?
– Зразумела, што ў нашай бібліятэцы чытачы маюць магчымасць пазнаёміцца з творчасцю мясцовых паэтаў і празаікаў, якія нарадзіліся, жылі ці працавалі на Драгічыншчыне. Ёсць у нас кнігі выдатнай пісьменніцы Элізы Ажэшка, якая пакінула слаўны след у нашых мясцінах і якая пазней сцвярджала, што менавіта тутэйшыя палешукі-сяляне сталі прататыпамі некаторых яе твораў.
Дастойнай літаратурнай спадчынай з’яўляюцца кнігі нашых землякоў Міколы Федзюковіча і Уладзіміра Сітухі, якія, на жаль, ужо адыйшлі ў лепшы свет. А вось з ураджэнцамі нашай Драгічыншчыны – Міколай Трафімчуком, Анатолем Крэйдзічам, Міколай Панасюком – мы і цяпер арганізоўваем літаратурныя сустрэчы, прапагандуем іх творы сярод маладога пакалення. Хаця многія з нашых наведвальнікаў самі просяць томікі мясцовых паэтаў і пісьменнікаў, бо ў іх творах нярэдка можна пазнаць і сваіх людзейсуседзяў, і эпізоды іх жыцця.
Добрай практыкай стала і самавыданне твораў найбольш таленавітых мясцовых аўтараў. У прыватнасці, сёлета ў нашай бібліятэцы ўласнымі намаганнямі мы выпусцілі творы паэта і кампазітара з Хомска Івана Красоўскага. І маем намер прадоўжыць такую практыку.
– А якія мерапрыемствы будуць прымеркаваны да Дня беларускага пісьменства?
– Найперш трэба адзначыць, што напярэдадні гэтай падзеі мы арганізавалі выставу-стэнд з кнігамі беларускіх пісьменнікаў. На верхняй паліцы чытачы могуць даведацца пра творчасць Сімяона Полацкага, Кірылы Тураўскага, пра беларускую гісторыю кнігадрукавання і развіццё дзяржавы. Далей прадстаўлены неўміручыя творы класікаў пяра, а завяршаюць выставу кнігі сучаснікаў, сярод якіх, вядома, знайшлося месца для мясцовых літаратараў. Таму кожны жадаючы можа прыйсці і ўзяць цікавую для яго беларускую кнігу. Бо ўсё пачынаецца з нас: калі мы будзем чытаць на роднай мове і падтрымліваць беларускамоўных творцаў, то гэта будзе надаваць ім сілы і натхнення рухацца далей і ўдасканальвацца. І, магчыма, дзякуючы гэтаму, у будучыні беларускія пісьменнікі і паэты атрымаюць не адну Нобелеўскую прэмію, праслаўляючы не толькі сябе, але і сваю краіну, бо такім чынам пра яе даведаецца ўвесь белы свет.
Акрамя арганізаванай выставы, 1 верасня для навучэнцаў школ і жыхароў горада мы правядзем тэатралізаванае прадстаўленне «І застанецца вечным слова». Таму запрашаем усіх жадаючых і абяцаем, што будзе цікава.
– Можна доўга разважаць пра тое, чаму многія беларусы не ведаюць родную мову. Але ўсё ж, што, на вашу думку, трэба зрабіць, каб палепшыць сітуацыю?
– Было б добра пашыраць колькасць беларускамоўных школ. Гэта элементарна, і мне не зразумела, чаму так не зрабіць. Я вось назіраю за сваёй унучкай: нядаўна чытала ёй казку на беларускай мове, і мяне насцярожыла, што яна шмат чаго не разумее. Хаця гэта амаль заканамерна – нельга проста так вывучыць мову, калі чуеш яе рэдка. Са свайго боку мы ў бібліятэцы імкнемся часцей праводзіць беларускамоўныя мерапрыемствы. А таксама раім чытачам узяць томік апавяданняў ці вершаў на роднай мове. Бо нашай мілагучнай мовай захапляюцца замежныя госці, і нам грэх яе не ведаць. І асалоду ад беларускамоўных твораў Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава, Уладзіміра Арлова можна атрымліваць найперш тады, калі чытаеш іх на мове арыгінала.
– Чым унікальная беларуская кніга?
– Тым, што яна ідзе ад народа. Многія беларускія пісьменнікі – выхадцы з простых сялянскіх сем’яў, і пісалі яны пра тое, што спазналі і што добра ведалі. Закладзеная ў нас душэўная дабрыня выстаўлялася на пярэдні план, а злосць, зайздрасць і здрада заўсёды асуджаліся. Кнігі нашых пісьменнікаў – ясныя, сардэчныя, жыццёвыя, чалавечныя, таму заўсёды знаходзяць водгук у людскіх сэрцах.
– Дзякуй вам за змястоўную гаворку.
Гутарыла Марына ШАФРАН
Фота Івана ЛЯОНЧЫКА