24 верасня 1920 года – дата нараджэння аднаго з арганізатараў партызанскага руху на Брэстчыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны Аляксея Пятровіча Чарткова. Ён камандаваў атрадам імя В.М.Молатава, які дзейнічаў на тэрыторыі Драгічынскага і суседніх раёнаў. Пасля смерці камандзіра атрад стаў насіць яго імя.
У канцы жніўня 1943 года аддзяленню Г.К.Лукашэвіча з партызанскага атрада імя Молатава было даручана суправаджать раненых і хворых у вёску Сварынь, дзе будаваўся аэрадром. Адпраўцы на Вялікую зямлю падлягалі тры партызаны, якіх звалі Антон, Васіль і Міхаіл. Першы з іх, ураджэнец Смаленскай вобласці, быў цяжка паранены пры выплаўцы толу з авіяцыйнай бомбы. Васіль у адным з баёў быў паранены ў левую руку. І хоць пазней рана зажыла, аднак рука засталася крывой. Трэці, Міхаіл, хварэў туберкулёзам.
З Івацэвіцкаага раёна, дзе размяшчаўся тады атрад, партызаны ў асноўным рухаліся ў цёмны час сутак. Да вёскі Спорава дабіраліся па каналах лодкамі, затым па возеры даплылі да Здзітава, дзе іх чакалі фурманкі. Тут ужо былі раненыя і з іншых атрадаў.
Па шляху да Сварыні да аддзялення Г.К.Лукашэвіча час ад часу далучаліся новыя групы. Цяпер усе ехалі на фурманках па вёсках, якія кантралявалі партызаны. Неўзабаве прыбылі ў вёску Грушава. Дарога было ціхай і спакойнай. Непадалёку ад Грушава яны бачылі падбітыя партызанамі атрада, якім камандаваў Ф.Паплаўскі, нямецкія аўтамашыны і танкетку.
Ноччу без адзінага стрэлу, недзе ў раёне Гарадца, народныя мсціўцы перасеклі чыгунку. Гітлераўцы, напалоханыя нядаўнімі падзеямі ля Грушава, не адважыліся адкрыць агонь па партызанскаму абозу. Ля вёскі Мяфедавічы па сухому дну (шлюзы былі ўзарваны) яны пераправіліся на другі бераг Дняпроўска-Бугскага канала. І вось, нарэшце, Сварынь.
…На хутары паблізу Белаазёрскага канала быў арганізаваны шпіталь. Начальнікам яго прызначылі партызана з атрада імя Калініна А.Я.Бірукова. Антон Якаўлевіч з дапамогай іншых народных мсціўцаў забяспечваў раненых харчаваннем. Пры прыбыцці самалётаў раненых і хворых неабходна было адправіць на Вялікую зямлю.
Дарэчы, месца для будаўнцтва аэрадрома было выбрана на лузе ля вёскі Сварынь. Тут належала параўняць купіны, убраць карчы і пні, засыпаць пяском няроўнасці і ямы. Усе гэтыя работы, акрамя партызан, актыўна вялі і жыхары Сварыні, Радастава, Гаравіцы і іншых вёсак. Кіраваў будаўніцтвам былы лётчык, начальнік штаба брыгады імя Молатава Пінскага злучэння Д.К.Удовікаў. Аднак, нягледзячы на ўдалы выбар пляцоўкі і вялікую колькасць працуючых, будаўніцтва аэрадрома зацягвалася.
Неўзабаве з групай адказных работнікаў сюды прыбыў сакратар Брэсцкага падпольнага абкама партыі, камандзір партызанскага злучэння С.І.Сікорскі. Ім былі прыняты арганізацыйныя тэрміновыя меры, пасля чаго будаўнічыя работы паскорыліся.
Тыдні за два да заканчэння будаўніцтва аэрадрома начальнік шпіталя А.Я.Бірукоў, як вопытны спецыяліст-аружэйнік, быў адазваны ў свой атрад. А яго замяніў Г.К.Лукашэвіч. Яго аддзяленне цяпер ахоўвала шпіталь.
У Сварынь пачалі прыбываць сем’і ваеннаслужачых, якія не паспелі эвакуіравацца ў пачатку вайны, раненыя і хворыя з атрадаў Пінскага злучэння. Партызаны, якія суправаджалі нямоглых, таксама заставаліся на аэрадроме. Усе чакалі прыбыцця самалётаў, якія павінны былі даставіць зброю, боепрыпасы, узрыўчатку, медыкаменты і г.д.
І вось пасадачная пляцоўка падрыхтавана. Ноччу тут павінен прызямліцца першы самалёт. З наступленнем цемнаты амаль усе партызаны рушылі на аэрадром. Частка іх павінна была запаліць сігнальныя вогнішчы, астатнія ішлі дзеля цікавасці.
Сярод ночы паявіўся самалёт. Успыхнулі сігнальныя кастры. Некалькі разоў ён нізка праляцеў над пляцоўкай, асвяціў яе, затым набраў вышыню, скінуў груз і паляцеў назад. Па рацыі неўзабаве паведамілі, што аэрадром для пасадкі самалётаў не падрыхтаваны.
На наступны дзень партызаны зноў падраўнялі пляцоўку. Аднак на другую і трэцюю ноч паўтарылася тое ж самае: самалёты прыляталі і адляталі без пасадкі.
У чым жа прычына? Аказалася, што з самалёта на зялёным полі былі бачны чорныя і белыя плямы – чарназём і пясок, якімі засыпалі няроўнасці. Гэтыя плямы лётчыкі палічылі за калдобіны і ўхабіны.
Пасля неаднаразовага абмену радыёграмамі і завярэння, што аэрадром поўнасцю і ўпаўне прыдатны, на чацвёртую ноч Г.К.Лукашэвіч атрымаў загад падвезці 19 цяжкапараненых чалавек на аэрадром. Да гэтага раненых не турбавалі.
На аэрадроме доўга чакаць не давялося. Хутка данёсся гул самалёта. Прызямліўся ён удала. Адразу ж з яго выйшлі лётчыкі. Радасці партызан не было межаў. Пілотаў паднялі на рукі, пачалі гушкаць. Пасля шумнай сустрэчы палілася дзелавая размова. Высветлілася, што акрамя 19 цяжкапараненых лясных салдат можна яшчэ пагрузіць некалькі чалавек, якія могуць сядзець. І ўсяго ў гэты рэйс на Вялікую зямлю былі адпраўлены 23 чалавекі.
Літаральна за некалькі наступных начэй з партызанскага аэрадрома былі адпраўлены не толькі раненыя і хворыя, але і сем’і, якія прызначаліся для эвакуацыі.
Бясспрэчна, значэнне аэрадрома ў Сварыні для развіцця партызанскага руху ў Брэсцкай і Пінскай абласцях было вельмі вялікае. Па-першае, раненыя і хворыя адразу ж адпраўляліся туды, дзе ім аказвалі кваліфікаваную медыцынскую дапамогу. Многія з іх потым зноў вярталіся ў строй партызан для далейшай барацьбы з ворагам. Па-другое, некаторыя народныя мсціўцы вызваляліся ад догляду за раненымі і хворымі і мелі магчымасць больш актыўна дзейнічаць у тыле ворага. Па-трэцяе, узняўся маральна-баявы дух партызан. Яны ведалі, што ў выпадку цяжкага ранення не застануцца без належнай меддапамогі. І яшчэ. З кожным прылётам самалёта партызаны атрымлівалі нямала зброі, боепрыпасаў, медыкаментаў, іншых матэрыялаў, а таксама свежыя газеты.
Пра ўсё гэта мне ў свой час падрабязна расказаў былы камандзір аддзялення атрада імя Молатава Г.К.Лукашэвіч. Паводле яго слоў, кожная з груп партызан, што даставіла ў Сварынь раненых і хворых, атрымала зброю для сваіх атрадаў. І пасля гэтага народныя мсціўцы накіраваліся ў зваротны шлях. Ішлі і ехалі амаль той жа дарогай. Праўда, на чыгуначным пераездзе фашысцкія вартаўнікі абстралялі абоз, але, атрымаўшы моцны адпор, заціхлі. А праз нейкі час партызанскі абоз пачаў распадацца – кожная група брала кірунак у свой лагер.
На жаль, молатаўцы пры прыбыцці свой атрад засталі ў жалобе. Напярэдадні ў жорсткім баі з эсэсаўцамі загінула дзесяць іх таварышаў па зброі, у тым ліку камандзір А.П.Чарткоў і камісар М.Ф.Паршын. А здарылася гэта 11 кастрычніка 1943 года паміж вёскамі Гутава і Вавулічы нашага раёна. Пра той цяжкі незабыўны і няроўны бой мы пісалі ў 83 нумары “Драгічынскага весніка” ад 21 кастрычніка мінулага года.
Аляксей СЯРГЕЙ.