Спецыялісты-дыетолагі і кулінары сцвярджаюць, што рыба – крыніца паўнацэнных бялкоў. У ёй ёсць усе незаменныя амінакіслоты. Харчовая каштоўнасць рыбы абумоўлена таксама ўтрыманнем у ёй высакаякасных і лёгказасваяльных тлушчаў. Рыбныя прадукты могуць поўнасцю задаволіць патрэбнасці нашага арганізма ў асноўных мінеральных рэчывах, сярод якіх пераважаюць фосфар, калій, кальцый, натрый, магній, сера і г.д.
У харчовых адносінах найбольш каштоўнай з’яўляецца жывая рыба. Ежа, прыгатаваная з яе, мае асабліва тонкі смак і арамат.
Што, і вам захацелася паласавацца рыбкай? Няма праблем! Вы яе можаце купіць на малым гарадскім рынку ў буднія дні, а ў нядзелю – на цэнтральным рынку, а таксама ў некаторых гандлёвых кропках Драгічына. Свежую рыбу сюды прывозяць работнікі адкрытага акцыянернага таварыства “Рыбгас “Днепрабугскі”. Днямі мы там пабывалі, каб расказаць чытачам газеты пра працоўныя будні рыбаводаў.
Плошча сажалак і вадаёмаў акцыянернага таварыства складае 986 гектараў. Займаюцца тут рыбалоўствам з трохгадовым цыклам абароту. Вытворчая магутнасць рыбгаса – 540 тон таварнай рыбы ў год. А вырошчваюць тут карпа, белага амура, таўсталобіка, карася і шчупака. У мінулым годзе для развядзення завезлі малькоў сома.
Варта адзначыць, што з году ў год павялічваецца вытворчасць рыбы. У 2006 годзе рыбгас упершыню выйшаў на праектную магутнасць і ў апошні час пастаянна перавышае яе. Летась, напрыклад, тут атрымалі і рэалізавалі 918 тон таварнай рыбы. Падлікі паказваюць, што сёлета ўраджай “блакітнай нівы” складзе не менш 922 тон.
На сённяшні дзень у рыбгасе працуюць 94 чалавекі. У асноўным гэта людзі з навакольных вёсак. Яны даражаць рабочым месцам, бо маюць неблагі заробак. За апошні месяц ён, напрыклад, у сярэднім склаў 815 тысяч рублёў. А іншагароднія і спецыялісты забяспечваюцца добраўпарадкаваным жыллём.
З 17 ліпеня бягучага года кіруе працоўным калектывам М.Ф.Ярошчык. Спецыяліст ён вопытны, са стажам. Працуе ў рыбгасе вось ужо 10 гадоў. Цяпер жа ў Мікалая Феадосьевіча, як кажуць, спраў безліч. Пакуль мы з ім гутарылі ў рабочым кабінеце, раз-пораз раздаваліся тэлефонныя званкі. Да дырэктара звярталіся не толькі падначаленыя, але і некаторыя чыноўнікі з Брэста і Мінска.
— Вось з Дэпартамента па меліярацыі і воднай гаспадарцы Мінсельгасхарчу Беларусі патурбавалі, — сказаў пасля чарговага званка М.Ф.Ярошчык. – Просяць павялічыць рэалізацыю рыбы. Таму будзем старацца працаваць яшчэ лепш. Хаця, мне здаецца, паказчыкі ў нас і так нядрэнныя. Калі летась на гэтую дату план продажу рыбы быў выкананы на 5 працэнтаў, то сёлета – на 17%. І ў гэтым ёсць значная заслуга маркетынгавай службы, якую ўзначальвае Іван Мікалаевіч Лук’яновіч.
Крыху пра цэны на рыбу. Яны розныя. Так, за кілаграм адборнага карпа вы заплаціце 7420 рублёў, буйнога – 6300, сярэдняга – 5200 і дробнага – 4300 рублёў.
Бясспрэчна, пры фарміраванні цэн на прадукцыю ўлічваюцца затраты на яе вытворчасць. І абавязкова трэба мець пэўны прыбытак, каб своечасова выплачваць людзям зарплату, вырашаць шматлікія пытанні і праблемы паўсядзённасці, скажам, набываць спецыяльны камбікорм, што ідзе на корм рыбам. Каштуе ён у сярэднім 650 тысяч рублёў за тону.
На заключным этапе для адкорму рыбы выкарыстоўваецца і збожжа, у асноўным трыцікале. Яго за сезон расходуецца прыкладна 700 тон і 2700 тон камбікорму. А пры збалансаваным рацыёне і тэмпературных рэжымах рыба ў запланаваныя тэрміны дасягае неабходных таварных кандыцый.
Прадукцыя з Навасёлак (рыбгас размяшчаецца побач з гэтай вёскай) прадаецца ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях. Таму штодзённа 15 аўтамашын з надпісам “Жывая рыба” яшчэ на досвітку адпраўлюцца ў некаторыя гарады і іншыя населеныя пункты. Асабліва добра гандлююць далікатэснай прадукцыяй сямейныя экіпажы, дзе вадзіцелем працуе муж, а жонка – прадаўцом. Гэта Сяргей Мікалаевіч і Наталля Аляксееўна Юхімовічы, Рыгор Сяргеевіч і Валянціна Пятроўна Рапінчукі, а таксама экіпаж у складзе Генадзія Аляксандравіча Кавалеўскага і Дзіны Мікалаеўны Ярошчык.
Трэба адзначыць, што рыбгас сам ідзе насустрач спажыўцам. 12 верасня на цэнтральным рынку Драгічына быў праведзены чарговы кірмаш па продажу прадукцыі. Насельніцтву было рэалізавана 1 тона рыбы без усялякіх гандлёвых надбавак.
У рыбаводаў (іх тут 15) – свае клопаты. Зараз, у разгар асенняй пуціны, што пачалася 20 жніўня, яны займаюцца адловам ураджаю з “блакітнай нівы”. Асабліва ладзіцца работа ў Валерыя Пятровіча Байдука, Сяргея Мікалаевіча Сушко, Аляксандра Іванавіча Касцючыка і іншых.
24 сакавіка бягучага года ў гаспадарцы адкрылі цэх па перапрацоўцы прадукцыі. Пабывалі мы і там, дзе нас гасцінна сустрэла вядучы тэхнолаг Наталля Фёдараўна Гарбарук. Паводле яе слоў, у цэху запланавана перапрацаваць 120 тон жывой рыбы. Яе тут вэндзяць і вяляць. Набыўшы ўжо пэўны вопыт работы, зладжана працуюць тут Алена Леанідаўна Касцючык, Вера Афанасьеўна Капуза і Раіса Уладзіміраўна Шыла.
У заключэнне нашай сустрэчы дырэктар рыбгаса М.Ф.Ярошчык паведаміў нам, што ўжо распрацаваны праект новай Дзяржаўнай праграмы развіцця рыбагаспадарчай дзейнасці на 2011-2015 гады. Па словах Мікалая Феадосьевіча, гэты праект адкрые перад беларускімі рыбаводамі вялікія перспектывы. І асаблівы акцэнт будзе зроблены на развядзенне і вырошчванне каштоўных відаў рыб.
Аляксей ФЁДАРАЎ.
Фота Юрыя СЯРГЕЯ.