spot_img

Шчаслівыя разам

Дата:

Уладзіміра Лаўрэнцьевіча Малышыца добра ведаюць усе жыхары вёскі Белінок, што ў Асавецкім сельскім Савеце. Знешне ён высокі, хударлявы, а ў душы вельмі добразычлівы, шчыры чалавек. Уладзімір Лаўрэнцьевіч тут і нарадзіўся, было гэта пры ўладзе панскай Польшчы, у 1927-м годзе. Жыццё пражыў складанае. Сям’я Малышыц складалася з дзевяці душ, а зямлі, пясчанай, неўрадлівай, мелася ўсяго два гектары. Ды яшчэ паўтара гектары балотнага сенакосу за Днепра-Бугскім каналам належала бацькам Уладзіміра Лаўрэнцьевіча.
– Свайго хлеба ўдосталь не хапала, – распавядае пенсіянер. – Таму прыходзілася гнуць спіны на іншых гаспадароў. Аднак дастатку наша сям’я ўсё роўна не ведала.
Вядома ж, Уладзімір не меў магчымасці атрымаць адукацыю. Скончыўшы ў Беліне чатыры класы, ён стаў памочнікам для бацькоў у нялёгкай сялянскай працы.
– Разам з татам, – успамінае селянін, – касіў сена па калені ў вадзе, зграбаў і капнаваў яго. Каб сена не гніло, яго складвалі на спецыяльна зробленае падсцелішча, якое ўзнімалася над зямлёй. Дахаты сена вывозілі санкамі, калі балота замярзала. Цяжка прыходзілася і на жніве. Снапы складвалі ў дзясяткі (копны), а потым звозілі да гумна. Доўгімі асеннімі начамі ўручную абмалочвалі снапы і даводзілі зерне да толку. Якая ж гэта была радасць, калі маці даставала з печы духмяныя боханы хлеба! Яго водар я памятаю да гэтага часу!
Уз’яднанне Заходняй Беларусі с БССР адкрыла дзецям беднякоў дарогу да вучобы, але ж Уладзіміру Малышыцу было ўжо 12 гадоў. Неўзабаве пачалася Вялікая Айчынная вайна. З першых дзён акупацыі многія жыхары Белінка пайшлі ў партызаны. А летам 1943 года фашысты спалілі іх любую вёсачку. Уладзімір Лаўрэнцьевіч добра памятае той жудасны дзень. На шчасце, людзям удалося выратавацца. Амаль усе яны перабраліся праз канал і ўцяклі ў лес, куды фашысты пабаяліся ўвайсці. Малышыцы пасяліліся ў родзічаў, на хутары ва ўрочышчы Дыферэнцыя. Але ж напрыканцы лета нямецкі карны атрад наведаўся ў Дыферэнцыю. Фашысты спалілі большасць дамоў, жорстка расправіліся з людзьмі. Сувязнога партызанскага атрада Андрэя Аляксандравіча Малышыца расстралялі на вачах у жонкі і малых дзяцей, аднаго з мясцовых гаспадароў – Якава Васільевіча Крывецкага жывым спалілі ў хаце. Уладзіміра Малышыца разам з бацькам і іншымі маладымі мужчынамі пагналі да канала.
– Цеплілася надзея: можа адпусцяць? – Уладзіміру Лаўрэнцьевічу і праз сем дзясяткаў гадоў балюча ўспамінаць тыя па-дзеі. – Але ж нас пешшу пагналі праз вёскі Адамова, Оўзічы, Гарбаха, Варацэвічы да Іванава. Па дарозе фашысты далучалі да нас людзей, захопленых па іншых вёсках. Нарэшце мы апынуліся ў Іванаве. Тут на плошчы, каля царквы, ужо стаяў вялікі натоўп моладзі і мужчын. Усіх нас размясцілі ў будынку турмы. Было вельмі цесна, горача, хацелася есці. Сілы надавала надзея, што нас усё ж адпусцяць па дамах.
Дарэмна людзі разлічвалі на літасць ворагаў. Праз некалькі дзён пад канвоем іх пагналі на чыгуначную станцыю “Драгічын”. Ад надзеі вярнуцца да сем’яў не засталося і следу, сяляне зразумелі, што іх павязуць у Германію.
Цяжкім выдаўся шлях на чужыну. У вагонах было цесна, не хапала паветра, хацелася піць і есці. Людзі дзяліліся адзін з адным, чым маглі. Цягнік спыніўся ў горадзе Эссен. Тут хлопцаў, дзяўчат і мужчын размеркавалі каго да бауэраў, каго на прамысловыя прадпрыемствы Эссена і на рамонт дарог, разбураных налётамі авіяцыі саюзнікаў. Разам з бацькам і іншымі мужчынамі Уладзімір Лаўрэнцьевіч рамантаваў пашкоджаныя бамбёжкай дамы і будаваў дарогі. Затым іх перагналі на рамонт ваенных заводаў, размешчаных у гора- дзе. Праца была цяжкая, усё выконвалі ўручную. Рабочы дзень доўжыўся 14-16 гадзін. Кармілі вельмі дрэнна, давалі пахлёбку, у якой плавала некалькі кавалачкаў бруквы. Хлеба, лічы, не давалі. Пастаянна хацелася есці. За невыкананне нормы – білі.
Схуднелых і знясіленых нявольнікаў вызвалілі войскі саюзнікаў. А праз некалькі дзён да іх прыехалі ваенныя. Гэта былі прадстаўнікі савецкага і амерыканскага бакоў. Учарашнія нявольнікі пастроіліся перад баракамі.
– І адны, і другія гаварылі з намі. Амерыканцы прапаноўвалі нам ехаць у краіны Захаду і ў ЗША. Прадстаўнікі Савецкага Саюза заклікалі вярнуцца на
Радзіму, узяўшы з сабой рэчы вагой да 30 кілаграмаў. Большасць лю-дзей выказалі жаданне вярнуцца ў родныя мясціны, – успамінае Уладзімір Лаўрэнцьевіч.
У родны Белінок Малышыцы дабраліся толькі ў жніўні 1945 года. Вёска сустрэла іх папялішчамі і запусценнем. Людзі туліліся па родзічах, на хутарах. Але ж паступова жыццё наладжвалася. Сяляне дружна будавалі хаты, няхай і невялікія, але ж утульныя.
Сям’і Малышыц землякі маглі пазайздросціць: іх хата, што стаяла крыху воддаль ад вёскі, уцалела.
Паціху белінкоўцы абжываліся. У некаторых гаспадарках паявіліся коні, і людзі давалі іх для апрацоўкі зямлі суседзям. Ужо не трэба было самім цягнуць плуг альбо барану.
У 1949-м годзе ў Белінку арганізаваўся калгас “Чырвоная звязда”. Гэта была першая калектыўная гаспадарка на тэрыторыі Белінскага сельсавета. Узначаліў яе Міхаіл Шэйка, бадай, самы працавіты і старанны селянін. Вяскоўцы актыўна ўступалі ў калгас. Аднымі з першых заяву падалі і бацькі Уладзіміра Лаўрэнцьевіча. Калгаснікі працавалі дружна. І хоць прыходзілася цяжка, не страчвалі аптымізму, радаваліся таму, што скончылася вайна і што мужчыны вярнуліся з фронту. Нічога, што параненыя, галоўнае – жывыя.
У 1955-м годзе Уладзімір Лаўрэнцьевіч ажаніўся з мясцовай дзяўчынай. Яны згулялі з Лідзіяй Уладзіміраўнай сціплае вяселле і пачалі будаваць уласнае сямейнае жыццё, праўда, у бацькоўскай хаце.
Заробкі ў калгасе па тым часе былі мізэрныя, і каб купіць будаўнічыя матэрыялы на дом, Уладзімір і Лідзія адправіліся на працу ў Казахстан. Там актыўна асвойваліся цалінныя землі і мелася вялікая патрэба ў дужых маладых руках. Дарэчы, усяго было асвоена больш за 40 мільёнаў гектараў цалінных земляў.Спачатку цаліна дала вялікую аддачу – сабралі багаты ўраджай збожжавых культур, потым здарылася засуха, затым – моцныя пясчаныя буры.
Малышыцы ўладкаваліся ў калгас “IXX партзъезд” Асакараўскага раёна Карагандзінскай вобласці. Працавалі на збожжатаку, на сенажаці, у жывёлагадоўлі. Пераехаўшы ў Акмалінскую вобласць, Уладзіміру Лаўрэнцьевічу давялося паспрабаваць сябе і ў якасці будаўніка. Урэшце рэшт з-за неспрыяльнага для здароўя клімату маладыя былі вымушаны пераехаць у Запарожскую вобласць Украіны.
За заробленыя на чужыне грошы Малышыцы купілі ў Осаўцах новы дом. Яны разабралі яго і перавезлі ў родны Белінок. Завялі добрую гаспадарку. Ула-дзімір Лаўрэнцьевіч працаваў у калгасе жывёлаводам, будаўніком. Вельмі добра атрымлівалася ў яго цагляная кладка, ды і печніком селянін зарэкамендаваў сябе таленавітым.
Лідзія Уладзіміраўна ўвесь час шчыравала ў паляводчай брыгадзе. Яна так успамінае былое:
– На працу і з працы мы ішлі з песнямі, хаця працавалі цяжка. Уручную палолі кукурузу, бульбу, рвалі і апрацоўвалі лён.Мы атрымлівалі задавальненне ад работы, сумесныя цяжкасці нас згуртоўвалі. Радаваліся, што нашы дзеці могуць вучыцца. Жыццё ў калгасе з году ў год паляпшалася.
За добрасумленную працу Лідзія Уладзіміраўна шмат разоў узнагароджвалася граматамі і падарункамі ад праўлення былога калгаса “Савецкая Беларусія”, а таксама медалём “За працоўную доблесць”.
Не кожнай пары ўдаецца адсвяткаваць залатое вяселле. А Уладзімір Лаўрэнцьевіч і Лі-дзія Уладзіміраўна разам ужо 62 гады. Яны адзначылі вяселле дыяментавае. Дружна пераадольвалі Малышыцы жыццёвыя цяжкасці, дружна працавалі, гадавалі дзяцей. Яны былі прыкладам як для сваіх трох дзетак, так і для аднавяскоўцаў. Невычэрпную цеплыню сэрцаў пенсіянеры аддаюць унукам і праўнукам. Пра такія сем’і вядомы рускі пісьменнік Л.М. Талстой сказаў: “Шчаслівы той, хто шчаслівы ў сябе дома”.

Пётр ПАДЛУЖНЫ,
жыхар в. Белін
Фота з сямейнага архіва

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

На комплексе «Симоновичи» ОАО «Алексеевичи-Агро» открыта новая ферма

Сегодня, 26 декабря, в ОАО «Алексеевичи-Агро» состоялось торжественное открытие...

Изменения в расписании автобусов на январские праздники

Как сообщили в филиале «Автомобильный парк № 15 г....

В Дрогичинском районе стартовала акция “От всей души”

Сегодня, в рамках акции "От всей души" заместитель председателя...

Дом, в который хочется вернуться

Время неумолимо бежит вперед. Проходят годы, десятилетия, века… Меняются...