spot_img

Нататкі з сесіі раённага Савета дэпутатаў

Дата:

У сярэдзіне мінулага тыдня ў Драгічыне адбылася 18-я сесія раённага Савета дэпутатаў 27-га склікання. Народныя выбраннікі сабраліся ў гарадскім Доме культуры, каб абмеркаваць сітуацыю ў сферы гандлёвага абслугоўвання насельніцтва і іншыя надзённыя пытанні і прыняць адпаведныя рашэнні. Адкрываючы сесію, старшыня раённага Савета дэпутатаў Святлана Уладзіміраўна Барташ паведаміла аб тым, што, акрамя дэпутатаў, для ўдзелу ў ёй запрошаны начальнікі аддзелаў і службаў райвыканкама, старшыні сельвыканкамаў і сельгаскааператываў, кіраўнікі прадпрыемстваў і грамадскіх арганізацый. На дэпутацкай нарадзе прысутнічалі старшыня райвыканкама Юрый Васільевіч Дзядзюк, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Юрый Іванавіч Дарагакупец і член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Уладзіміраўна Нікалайчык.

З дакладам па асноўным пытанні парадку дня – аб гандлёвым абслугоўванні насельніцтва раёна – выступіла начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Алена Васільеўна Раманюк. Яна, у прыватнасці, адзначыла, што ў бягучым годзе ў сферы гандлю Драгічыншчыны адбыліся істотныя змены, і ў многім гэта было звязана з правядзеннем у нашым райцэнтры абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2016”.

Напярэдадні хлебаробскага свята ў горадзе быў узведзены і адкрыты гандлёвы цэнтр “Санта-Рытэйл”, спецыялізаваная кропка па рэалізацыі прадуктаў з мяса птушкі “Камароўка”, адноўлены буйныя магазіны райспажыўтаварыства “Прамень” і “Візіт”, абуладкавана яшчэ адна зала для наведвальнікаў у бары “Маладзёжны” і г.д. У бягучым годзе толькі мясцовае райспажыўтаварыства на развіццё і ўдасканаленне падведамасных аб’ектаў гандлю зрасходавала больш за 7 млрд. недэнамінаваных рублёў. У выніку адкрыцця новых аб’ектаў і рэканструкцыі дзеючых прырост гандлёвых плошчаў склаў 844 кв. метры, і на сённяшні дзень гандлёвая сетка раёна налічвае 320 магазінаў і павільёнаў, у ліку якіх 122 належаць райспажыўтаварыству, 104 – індывідуальным прадпрымальнікам, далей ідуць гандлёвыя аб’екты ведамаснай падпарадкаванасці (“Бярозаўскі мясакансервавы камбінат”, “Берасцейскі пекар”, “Драгічынскі камбікормавы завод”) і г.д.

У дакладзе было падкрэслена, што 56% гандлёвых кропак сканцэнтравана ў Драгічыне, а сельскае насельніцтва абслугоўвае 116 стацыянарных крам і 5 аўтамагазінаў. Акрамя таго, гандлёвыя паслугі вяскоўцам аказвае 31 аддзяленне РУП “Белпошта” і 12 комплексна-прыёмных бытавых пунктаў.

Пры ўсім гэтым за 8 месяцаў бягучага года рознічны тавараабарот у сферы гандлю Драгічыншчыны склаў усяго 95,9% да ўзроўню 2015-га года пры заданні 100,6%. У нашым раёне, як паведаміла А.В.Раманюк, гэты паказчык напрамую залежыць ад работы райспажыўтаварыства, якое змагло забяспечыць яго выкананне толькі на 83,2% да ўзроўню мінулага года. Выходзіць, што кааператыўны гандаль, які ва ўсе часы называлі “сферай добрага настрою”, на цяперашнім этапе пачаў здаваць свае пазіцыі. І сёння некаторыя з яго паказчыкаў патрабуюць значнага паляпшэння.

У ліку прычын, якія прывялі да такой сітуацыі, Алена Васільеўна назвала неапраўданую рэарганізацыю шляхам аб’яднання райспажыўтаварыства і ўнітарнага прадпрыемства “Хозторг”, што прывяло да страты пазіцый у рэалізацыі прамысловых тавараў. Як “слабае звяно” дакладчык абазначыла і кадравую праблему ў рабоце спажыўкааперацыі, што вядзе за сабой зніжэнне тавараабароту, парушэнне правілаў гандлю і культуры абслугоўвання.

У сваім выступленні Алена Васільеўна закранула і такое важнае пытанне, як наяўнасць тавараў айчыннай вытворчасці ў гандлёвай сетцы раёна, зазначыўшы, што з пачатку бягучага года іх удзельная вага ў рознічным тавараабароце склала 80,4 %. Была закранута і актуальная тэма пашырэння безнаяўных разлікаў за тавары і паслугі праз банкаўскія плацёжныя тэрміналы…

З садакладам па агучанай тэме выступіў старшыня райспажыўтаварыства Вячаслаў Львовіч Дашкевіч, які прааналізаваў прычыны зніжэння тавараабароту. У іх пераліку – нерэнтабельная работа часткі сельскіх магазінаў (у вёсках Гумнішчы, Віры, Язвін, Людвінова, Хідры, Какорыца, Папіна, Гута, Суткі, Заточча і г.д.). Па словах дакладчыка, не спрыяе паляпшэнню становішча спраў і тое, што многія пастаўшчыкі адпускаюць тавар пад рэалізацыю толькі на ўмовах папярэдняй аплаты. Вячаслаў Львовіч пацвердзіў і той факт, што на зніжэнне тэмпаў тавараабароту істотны ўплыў аказвае і кадравая праблема: па прычыне адсутнасці прадаўцоў скарочаны рэжым работы ў многіх гандлёвых кропках горада. Чакаюць работнікаў і за прылаўкамі магазінаў вёсак Першамайск і Дзятлавічы, каб узнавіць гандаль таварамі паўсядзённага попыту ў гэтых населеных пунктах.

Аб тым, як абстаяць справы з гандлёвым абслугоўваннем насельніцтва на месцах, а іменна – у Закозельскім сельскім Савеце, расказаў яго кіраўнік, дэпутат раённага Савета Міхаіл Мікалаевіч Валадкевіч.

Сваё меркаванне па вырашэнню агучаных праблем і пытанняў выказаў старшыня райвыканкама Ю.В. Дзядзюк. Асобная ўвага акцэнтавалася на тым, каб у тутэйшых крамах найлепшым чынам была прадстаўлена прадукцыя мясцовых вытворцаў і падаткаплацельшчыкаў, такіх як “Экзон”, “Фрост”, ”Мірон”, Антопальская ватна-прадзільная фабрыка і г.д.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь звярнуў увагу на тое, што жыхары Драгічына нярэдка наракаюць, быццам бы цэны на тавары ў тутэйшых магазінах вышэйшыя, чым у суседнім Іванаве, і прапанаваў правесці маніторынг і супаставіць, што і колькі каштуе тут і там. І прысутныя падтрымалі такую ініцыятыву…

У ходзе сесіі дэпутаты разгледзелі і шэраг іншых пытанняў, звязаных з землекарыстаннем, ільготамі па выплаце падаткаў і г.д. Па кожным з іх былі прыняты адпаведныя рашэнні.

Галіна ШАФРАН

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Лукашенко поручил разработать в Беларуси формулу справедливого ценообразования

Правительство разрабатывает формулу справедливого ценообразования. Об этом Президент Беларуси...

На сайте ЦИК Беларуси начал работать сервис по поиску участка для голосования

Сегодня на сайте ЦИК Беларуси начал работать сервис по...