spot_img

Час міласэрнасці і духоўнага ўдасканалення

Дата:

“Дарагія вернікі! Няхай Год Міласэрнасці стане адлікам новага часу, з якога вы пачнеце яшчэ з большай руплівасцю рабіць найважнейшыя хрысціянскія ўчынкі міласэрнасці: малітву, пост, міласціну. Дапамагайце для душы бліжняга: настаўляйце грэшнікаў; вучыце тых, хто не ведае; райце тым, хто сумняваецца; суцяшайце засмучаных; зносьце цярпліва заўвагу; даруйце ахвотна крыўду; маліцеся за жывых і памерлых. Дапамагайце і для цела бліжняга: накарміце галодных; напаіце сасмяглых; адзеньце нагіх; прыміце ў дом падарожных; адведайце хворых; суцешце вязняў; пахавайце памерлых.” (З віншавання біскупа Пінскага Антоні Дзям’янка на святкаванні Божага Нараджэння і Новага 2016 года).
З паяўленнем першай зоркі ўвечары, 24 снежня, сем’і каталіцкіх вернікаў сабраліся ў сваіх дамах, каб спажыць урачыстую вячэру. Прачытаўшы фрагмент з Евангелле Лукі аб Нараджэнні Хрыста (Лк 2,1-14) і малітву “Ойча Наш”, блізкія людзі віншавалі адзін аднаго са светлым святам Божага Нараджэння, і адламаўшы кавалачак аплатку – танюсенькага хлеба, атрыманага імі напярэдадні ў касцёле, прыступалі да посных страў. Бліжэй да апоўначы яны спяшаліся ў касцёл, на ўрачыстае служэнне з нагоды Божага Нараджэння.

022
– Вечар 24 снежня – асаблівы, – гаворыць ксёндз Павел Кручэк, які мае пад сваёй душпастэрскай апекай тры прыходы: санктуарый Святога Андрэя Баболі ў Янаве Палескім, касцёл Святой Тройцы ў Бездзежы і касцёл Маці Божай Каралевы ў Драгічыне. – Гэта вечар, калі ўсе людзі мірацца, калі яны шчыра выказваюць адзін аднаму добрыя пажаданні. Яны ламаюць хлеб як сімвал Божага блаславення, пацвярджаючы тым самым, што заўжды гатовы падзяліцца з другім чалавекам і сваім хлебам, і сваім сэрцам, і сваёй дабрынёй…
Сёлета ў ноч Нараджэння Хрыстова ў другі раз святочная Імша адбывалася ў новым будынку касцёла. На працягу многіх гадоў драгічынскія каталіцкія вернікі збіраліся на богаслужэнні ў звычайным доме. Ад яго не засталося ўжо і следу. А на тым самым месцы, на перакрыжаванні вуліц Леніна і Кастрычніцкай, узведзены велічны будынак касцёла з цёмна-чырвонай цэглы. Сродкі на будаўніцтва збіраліся даўно: іх ахвяравалі як мясцовыя вернікі, так і іншыя прыходы, размешчаныя на Беларусі і за яе межамі. Будаўніцтва касцёла па-сапраўднаму аб’яднала людзей. І сёння проста немагчыма даведацца прозвішчы тых, хто зрабіў найбольшы ўклад, бо людзі сціпла сцвярджаюць, што новы касцёл з’явіўся дзякуючы агульнаму старанню. Але ж зроблена яшчэ не ўсё. Так, у стадыі будаўніцтва знаходзіцца агароджа вакол касцёла. Няма ў храме яшчэ і пастаяннага алтара.
– Але ж касцёл дзейнічае, і я запрашаю ўсіх католікаў на святую Імшу, якая ў нядзелю і ў святы адбываецца тут у 14 гадзін, – мовіць ксёндз Павел. Ён адзначае, што людзей на богаслужэнні пасля адкрыцця касцёла стала прыходзіць больш. Часам збіраецца каля сотні чалавек.
Ксёндз Павел Кручэк пераехаў у Беларусь дзевяць гадоў таму. Ён нарадзіўся ў 1971 годзе ў польскім горадзе Тамашове Мазавецкім. 8 чэрвеня 1996 года стаў ксёндзам і служыў у Польшчы. Ён ніколі не быў у Беларусі і нічога не ведаў пра нашу краіну. Лёсавызначальным для ксяндза Паўла, па яго ўласнаму прызнанню, стаў дзень 16 мая, калі каталіцкая царква ўшаноўвае памяць Святога Андрэя Баболі. Менавіта ў гэты дзень у 2006 годзе Павел Кручэк даведаўся аб смерці ксёндза-паляка, які служыў у беларускім горадзе Чэрвені. Падчас пахавання біскуп звярнуўся да ксяндзоў з прапановай паехаць у Чэрвень, дзе на тую пару ішло будаўніцтва касцёла.
Ксёндз Павел адгукнуўся на гэтую прапанову і з 23 жніўня пачаў служыць у парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Чэрвені. На Брэстчыну ён пераехаў у кастрычніку 2012 года. Адметна, што пад яго апекай аказаўся санктуарый Святога Андрэя Баболі ў Іванаве. Бо менавіта ў дзень ушанавання гэтага манаха ксёндз Павел і прыняў рашэнне пераехаць з Польшчы ў Беларусь.
8 снежня ў каталіцкім касцёле распачаўся юбілейны год, які папам Францішкам, абвешчаны Годам Міласэрнасці. Ён будзе доўжыцца да 20 лістапада. У сувязі з гэтым у Пінскай дыяцэзіі вызначаны сем касцёлаў, дзе будзе адбывацца духоўнае ўзбагачэнне вернікаў: Катэдральны касцёл у Пінску, касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гомелі, касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце, касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах, касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Бярозе, санктуарый Маці Божай Каралевы Палесся ў Лагішыне і санктуарый Святога Андрэя Баболі ў Іванаве. Менавіта сёння, у суботу, у касцёле суседняга райцэнтра і адбываецца адкрыццё дзвярэй Божай Міласэрнасці.
Святкаванне Божага Нараджэння і Новага года – той час, калі ксяндзы наведваюць сем’і вернікаў, прыходзяць у іх дамы з Божым блаславеннем, малітвай і цікавяцца ўмовамі пражывання, патрэбамі.
– Я шчыра віншую ўсіх каталіцкіх вернікаў, якія пражываюць на Драгічыншчыне, са святам Божага Нараджэння і Новым 2016 годам! – далучаецца ксёндз Павел да віншавання біскупа Пінскага Антоні Дзям’янкі. – Нараджэнне Божага Сына – свята Божай міласэрнасці. Бог аказаў нам сваю міласэрнасць, паслаўшы свайго Сына, каб той адкупіў нас ад нашых правінаў, вызваліў нас з цемры. Ноч Божага Нараджэння самая доўгая. Сам Езус Хрыстус прабівае цемру, дае надзею, умацоўвае нашу веру. І мы радуемся таму, што ён прыйшоў, каб адкупіць нас ад грахоў і даць надзею на вечнае жыццё. Няхай Новы 2016 год прынясе вам і вашым сем’ям толькі самыя добрыя навіны. Хай Божае Дзіця выпраменьвае святло, якое ўкажа сапраўдны шлях да праўды, любові і спакою.

Ніна ТКАЧУК
Фота Івана Ляончыка і аўтара

Предыдущая статья
Следующая статья

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Лукашенко поручил разработать в Беларуси формулу справедливого ценообразования

Правительство разрабатывает формулу справедливого ценообразования. Об этом Президент Беларуси...

На сайте ЦИК Беларуси начал работать сервис по поиску участка для голосования

Сегодня на сайте ЦИК Беларуси начал работать сервис по...