spot_img

Больш за 60 выпускнікоў і настаўнікаў школы сабраліся ў Малінаўцы

Дата:

Шумна і весела было 25 ліпеня ў двары былой Малінаўскай базавай школы. Тут сабраліся вучні і настаўнікі, якія вучыліся альбо працавалі ў школе да пачатку 2004 года.

Адразу ж адзначу, што выпускнікі 70-х гадоў мінулага стагоддзя мелі традыцыю сустракацца штогод. Але ж сёлета Іван Рыгоравіч Сухарэвіч, які заканчваў Малінаўскую школу ў 1971-м годзе, і яго школьныя сябры вырашылі сабраць выпускнікоў розных пакаленняў, запрасіць настаўнікаў. Звычайна так адбываецца, калі навучальная ўстанова святкуе юбілей. Але ж школка ў Малінаўцы даўно зачынена. І ўсё ж яна жыве ў сэрцах удзячных вучняў, настаўнікаў, якія так шчыра, так старанна вучылі, выхоўвалі мясцовую дзетвару. Больш за 60 чалавек з’ехалася на сустрэчу з розных куточкаў Брэстчыны. Паглядзець на іх прыйшлі вяскоўцы. Многія знаёміліся наноў, хаця і ведалі ў дзяцінстве адзін аднаго.

Пад абед усе дружна накіраваліся на вясковыя могілкі, дзе ўжо спачываюць многія былыя вучні і настаўнікі. Пагост уразіў сваёй дагледжанасцю і чысцінёй, дыхтоўнай, пафарбаванай жалезабетоннай агароджай. Дарэчы, устаноўлена яна была дзякуючы намаганням ураджэнца Малінаўкі, былога старшыні СЭЗ “Брэст” Мікалая Анатольевіча Крывецкага.

Малінаўскія могілкі можна лічыць месцам гістарычным. Тут, ва ўрочышчы Дідно, у першыя дні вайны ў жорсткі бой з фашыстамі ўступілі 11 савецкіх воінаў-дэсантнікаў. Усе яны, акрамя радысткі Ані, загінулі.  У 1965-м годзе па ініцыятыве мясцовых удзельнікаў вайны і пры падтрымцы кіраўніцтва калгаса “Савецкая Беларусь” (старшыня А.Ц. Балоцька), Асавецкага сельвыканкама (старшыня А.А. Ігнацюк) у гонар дэсантнікаў быў збудаваны Памятны знак. Удзельнікі школьнай сустрэчы выказалі сваю павагу загінуўшым абаронцам роднай зямлі.

…З могілак усе вярнуліся на падворак Малінаўскай школы. Здавалася, канца не будзе ўспамінам вучняў і настаўнікаў! Ролю вядучага на сябе ўзяў Іван Рыгоравіч Сухарэвіч. Першай сваімі ўспамінамі падзялілася былая настаўніца школы, якая пазней 25 гадоў узначальвала Папінскі сельвыканкам, Марыя Уладзіміраўна Карпук. Яна адзначыла дабрыню малінаўцаў, з якой яны сустрэлі калісьці яе, зусім маладую настаўніцу, шчыра падзякавала гаспадарам хаты, у якой кватэравала. Слова бралі і іншыя вясковыя педагогі, якія працавалі ў даўнія часы: Галіна Васільеўна Кобак, Валянціна Міхайлаўна Вашчанка. Асабліва кранула душу выступленне першай настаўніцы з Малінаўкі Марыі Сямёнаўны Зінчук (Міхаевіч). Яна падрабязна распавядала пра ўсе цяжкасці работы ў школе, размешчанай за Дняпроўска-Бугскім каналам. У класах было цесна і холадна. Праблемай было здабыць сшыткі і падручнікі, адзенне і абутак. Амаль палову вучняў складалі хутарскія дзеці, якім прыходзілася дабірацца ў школу праз лес і балота, за многія кіламетры. Навучаліся ж тады ў Малінаўскай школцы 162 хлопчыкі і дзяўчынкі!

Усе настаўнікі з цеплынёй успаміналі былых завуча В.В.Кандзярэшка і дырэктара А.І.Падароўскага, які кіраваў школай з 1963-га па 2000-ы год. Пры Аляксандры Іванавічы школа была рэканструявана і дабудавана трыма пакоямі.

Знайшлося што сказаць і былой загадчыцы Малінаўскага сельскага клуба Марыі Фёдараўне Нічыпорчык. Родам яна з Іванаўскага раёна, але ж Малінаўку шчыра палюбіла, а тутэйшых людзей лічыць блізкімі і роднымі. Марыю Фёдараўну ведаюць многія выпускнікі школы, бо яны ж хадзілі ў клуб на танцы. Ды і загадчыца культ-установы дапамагала ладзіць у школе розныя мерапрыемствы. Запомніліся вясковыя дзеці Марыі Фёдараўне сваімі добрымі паводзінамі ў вольны час, на танцах.

Ад малодшага пакалення настаўнікаў, якія працавалі перад закрыццём школы, на сустрэчы выступіла Наталля Мікалаеўна Зіновіч. Яна шчыра падзякавала старэйшым педагогам за тую добрую спадчыну, якую яны пакінулі пасля сябе.

Галоўнага бухгалтара СВК “Асавецкі” Любоў Антонаўну Кацярыніч у Малінаўцы памятаюць пад дзявочым прозвішчам Дзядзюк. Яе адукацыя пачыналася ў Малінаўскай школе. З гонарам расказала Любоў Антонаўна землякам пра тое, як ідуць справы ў СВК “Асавецкі”, пра надоі ў 7,5 тонны ад каровкі за год, пра рэнтабельнасць, умовы працы і тэхнічнае забеспячэнне.

А вось былы механізатар ПМК-3 Анатоль Васільевіч Патэрман працягнуў своеасаблівы мост праз дзесяцігоддзі, што аддзяляюць Малінаўку сучасную ад той, калі вакол вёскі праводзілася меліярацыя. Анатоль Васільевіч уласна прымаў удзел ў асушэнні мясцовых земляў. У 70-я гады калгасу “Савецкая Беларусь” у сельгаскарыстанне меліяратарамі было перададзена звыш 1,5 тысячы гектараў. Якія зашумелі травы! Якія радзілі авёс, кукуруза і морква! Калгаснікі замест балотнай асакі атрымалі дзялкі добрага сена. “А што цяпер сталася з тымі землямі? Суцэльныя зараснікі лазы і асакі. Каб не пабачыў уласнымі вачамі – не паверыў бы, – уздыхнуў Анатоль Васільевіч.

Кранаючымі былі выступленні былых выпускнікоў школы братоў Громікаў, інжынера Пружанскай ПМК А.В. Маргунца, А.Н. Крывецкай з г. Брэста. Нагаварыўшыся, госці паселі за сталы ў двары Таццяны Георгіеўны Падароўскай, каб паласавацца салодкасцямі і чаем. Пачастунак падрыхтавалі дзеці сялянкі – Саша, Іна, Ала. А.В. Маргунец узяў у рукі гітару і загучалі, па-ліліся музыка і спевы. Спявалі хорам і паасобку. Асабліва развесяліла землякоў сваімі прыпеўкамі Зоя Пятроўна Крыштаповіч.

Да васьмі гадзін вечара доўжылася тое шчырае, крыху сумнае, але ж больш – вяселае, мерапрыемства, арганізаванае самімі людзьмі. Развітваючыся, настаўнікі і вучні дамовіліся сустракацца кожны год у апошнюю суботу ліпеня…

Дарэчы, у той жа дзень былыя вучні Малінаўскай школы В.В. Малышыц, З.А. Кандзярэшка і З.П. Крыштаповіч наведалі 90-гадовага ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Уладзіміра Якаўлевіча Нічыпорчыка. Ён адзіны ветэран на тэрыторыі былога калгаса “Савецкая Беларусь”.

Сустрэча

Сустрэча

Пётр ПАДЛУЖНЫ,

жыхар в. Белін, наш няштатны карэспандэнт

Фота Івана ЛЯОНЧЫКА

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Яркое открытие елки в Дрогичине: праздник для всей семьи

В Дрогичине прошло торжественное открытие главной новогодней елки, которое...

Кедми: “Орешник” делает немыслимыми любые угрозы безопасности Беларуси

"Орешник" делает немыслимыми любые угрозы безопасности Беларуси. Такое мнение...

Пожар в Дрогичине: работники МЧС спасли хозяина квартиры

Вчера вечером спасателям сообщили о пожаре в квартире на...

Дрогичинским РОВД проводится комплекс профилактических мероприятий

Дрогичинский РОВД информирует о начале комплекса профилактических мероприятий, направленных...