Больш як 3 мільёны жыхароў Беларусі прынялі ўдзел у рэспубліканскім суботніку, які сёлета прысвячаўся 70-годдзю Вялікай Перамогі. Сваю лепту ў агульную капілку ўнеслі і працоўныя Драгічыншчыны.
Нават не па-веснавому халоднае надвор’е не здолела астудзіць працоўны парыў супрацоўнікаў аддзелаў і ўпраўленняў раённага выканаўчага камітэта, якія з граблямі, лапатамі, сякерамі сабраліся разам у выхадны, каб прыбраць мінулагодняе лісце ў гарадскім парку, высекчы кустоўе на развілцы дарог, што вядуць з Драгічына ў Бярозу і ў Вульку Сіманавіцкую, навесці парадак на тэрыторыі летняга аздараўленчага лагера “Вінч”.
Спрадвеку на нашай зямлі існуе традыцыя рабіць важную, карысную справу талакой. Вось і на суботніку людзі разных прафесій і ўзростаў імкнуліся разам да агульнай мэты: добраўпарадкаваць населеныя пункты, навесці парадак на мемарыяльных комплексах, ля помнікаў, у месцах баявой і воінскай славы, ля пахаванняў загінуўшых падчас Вялікай Айчыннай вайны, а таксама падрыхтаваць дзіцячыя аздараўленчыя лагеры да летняга сезона.
Усяго ў раёне ў суботніку ўдзельнічалі больш за 15 тысяч чалавек. 195 мільёнаў рублёў з заробленых сродкаў пералічаны на спецрахунак Брэсцкага аблвыканкама. Астатнія грошы плануецца выкарыстаць на прыданне належнага выгляду месцам вечнага спачынку людзей, якія ў ваеннае ліхалецце аддалі свае жыцці дзеля нашага мірнага жыцця, на падрыхтоўку лагера “Вінч” да новага аздараўленчага сезону і на рамонт цэнтральнай раённай бальніцы.
Ніна ТКАЧУК
Фота Івана ЛЯОНЧЫКА