spot_img

Праца на зямлі для Сяргея Каласея – гэта жыццё

Дата:

Сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Бездзеж-Агра” на мінулым тыдні адным з першых у раёне распачаў сяўбу цукровых буракоў. Як і летась, салодкія карэнні зоймуць у гаспадарцы 150 гектараў: 42 гектары – у ваколіцы вёскі Крамно, астатнія – паблізу Бездзежа, на першым вытворчым участку.

Уначы з аўторка на сераду прайшоў дождж. Віктар Янушчык і Андрэй Вакульчык радаваліся гэтай абставіне, хацелася, каб жыватворныя кроплі як мага глыбей прабілі зямлю. Раніцай механізатарам прадстаяла зноўку адправіцца ва ўрочышча “За садам” сеяць цукровыя буракі. Працаваць на такім вялізным полі – адно задавальненне: гонка пачынаецца ад сада, а заканчваецца ажно праз паўтара кіламетры, ля Заточча. Мясцовасць тут хвалістая, глянеш з аднаго краю, а трактара на другім канцы поля не відаць. Але ж вось бяда: напярэдадні над зямлёй кружыла сапраўдная пясчаная бура, свету белага не было відаць. Мала таго, што працаваць у такіх умовах няпроста, дык яшчэ і душа баліць, каб не павыдзьмуў вецер, не “пахаваў” на глыбіню насенне…

– На сяўбе цукровых буракоў хлопцы ў нас заняты добрыя. Андрэй Вакульчык на агрэгаце АКШ рыхтуе глебу, а Віктар Янушчык упраўляецца з сеялкай “Мега-4”. Дарэчы, літаральна летась Віктару Іванавічу далі новы трактар “МТЗ-82”, сеялка таксама яшчэ новая, усяго трэці сезон працуе. За гэтымі механізатарамі прыглядаць не трэба, ім толькі насенне своечасова дастаўляй, – гаворыць начальнік першага вытворчага ўчастка СВК “Бездзеж-Агра” Сяргей Каласей.

Ён і сам 22 гады адпрацаваў на трактары. А першыя свае грошы ў калгасе, які тады называўся “Новы шлях”, зарабіў менавіта ў гэтым самым садзе, побач з якім і знаходзіцца бураковае поле. Пасля дзевятага класа разам з іншымі вясковымі падлеткамі Сяргей Мікалаевіч уручную касіў, тады яшчэ паміж невялікіх дрэў, зернебабовую сумесь для калгаснай жывёлы. Канём школьнікі адвозілі кармы на ферму. А цяпер, лічы, што сада ўжо і няма. Дрэвы спілаваны, засталося павыцягваць з зямлі карэнне. Але ж, напэўна, яшчэ доўга бездзежцы звыкла будуць называць гэтае ўрочышча “За садам”.

За абмеркаваннем вытворчых спраў механізатары Андрэй Мікалаевіч Вакульчык і Віктар Іванавіч Янушчык
За абмеркаваннем вытворчых спраў механізатары Андрэй Мікалаевіч Вакульчык і Віктар Іванавіч Янушчык

Сівізна шчодра разлілася па густых валасах Сяргея Мікалаевіча. У студзені яму пайшоў 62-гі год. Але ж пра заслужаны адпачынак пакуль нават не думаецца. Праца ў гаспадарцы для Сяргея Мікалаевіча – гэта пастаянны рух, бясконцыя клопаты, гэта – жыццё. Цяжка нават уявіць сабе, што будзе, калі спыніцца. Вядома ж, калі кіраўніцтва гаспадаркі палічыць, што на яго месцы павінен працаваць іншы чалавек, а яму прыйшла пара адпачываць, спрачацца не бу-дзе. Пакуль жа, наадварот, пасля ўнутрыгаспадарчай рэарганізацыі прызначылі Сяргея Мікалаевіча начальнікам вытворчага ўчастка №1. Да гэтага яго пасада называлася прасцей: загадчык паляводчай брыгады, ці як прынята ў вёсцы казаць, – брыгадзір. Але ж новы старшыня, Віктар Мікалаевіч Састраўчук, скасаваў брыгады і ўтварыў вытворчыя ўчасткі, надаўшы іх начальнікам значна больш абавязкаў. Участак №1 – гэта ўвесь былы калгас “Новы шлях”, і адказвае Сяргей Каласей цяпер і за раслінаводства, і за жывёлагадоўлю на даверанай тэрыторыі. Па-гаспадарску распавядае:

– У мяне пасеяна ўжо 116 гектараў ячменю, 30 – аўсу, 12 – яравой пшаніцы, каля 300 гектараў – зернебабовых. Па другому разу падкармілі ўжо азімыя культуры: рапс, пшаніцу, трыцікале.

Спадзяюся, што дні за тры– тры з паловаю закончым на гэтым полі сяўбу цукровых буракоў і перагонім тэхніку да сусе-дзяў, у Крамно, на другі вытворчы ўчастак. Пасля буракоў бу-дзем кукурузу сеяць. А там, глядзіш, – пара выганяць дойны статак на пашу. Пяць гуртоў з ферм “Бездзеж”, “Бездзеж-2”, “Закляценне” і “Застаўе” будуць сёлета пасвіцца…

Што самае цікавае, не мае Сяргей Мікалаевіч ні агранамічнай, ні заатэхнічнай, ні інжынернай адукацыі. Адразу ж пасля заканчэння Бездзежскай сярэдняй школы ўладкаваўся трактарыстам у родны калгас. Два гады тэрміновай службы ў арміі – і ён зноўку ў кабіне трактара. Некаторыя вясковыя хлопцы з’ехалі ў абласны цэнтр, клікалі з сабой і Сяргея Мікалаевіча. Але ж ён меў сілу волі ўстаяць перад спакусай. Можа таму, што само прозвішча Каласей пайшло ад слова колас, а можа таму, што, лічы, усе мужчыны з яго радні працавалі ў калгасе. Былі Каласеі і механізатарамі, і вадзіцелямі, а хросны бацька Сяргея Мікалаевіча – нават эканамістам. Роднага брата – Паўла Мікалаевіча і дзядзьку Сцяпана Аляксандравіча ўзнагародзілі ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Сяргей Мікалаевіч стараўся не падвесці радню. І яго праца ў 80-я гады была высока адзначана: медалём “За доблесную працу” і Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР. Механізаванае камсамольска-маладзёжнае звяно калгаса “Новы шлях”, у склад якога ўваходзіў і Сяргей Каласей, аднойчы заняло трэцяе месца ў рэспубліканскім спаборніцтве па вырошчванні бульбы. На плошчы 60 гектараў хлопцы накапалі 1 300 тон другога хлеба. Прычым яны самастойна і саджалі тое поле, і даглядалі. У якасці ўзнагароды гаспадарка атрымала новы трактар. Праз некалькі гадоў, дзякуючы стараннай працы камсамольцаў, у “Новым шляху” паявіўся і яшчэ адзін навюткі трактар.

Прапанова старшыні Ула-дзіміра Хілько ўзначаліць паляводчую брыгаду ў Застаўі прымусіла механізатара ўсур’ёз пахвалявацца. Бацька настой-ліва адгаворваў: “Не згаджайся! Працаваць з людзьмі вельмі няпроста, павер мне, сын. Я смак брыгадзірскага хлеба добра ведаю…” Але ж Сяргей Мікалаевіч зрабіў па-свойму. З той пары прайшло ўжо 19 гадоў.

– Гэта цяпер буракі вырошчваюцца механізавана, прапольваюцца ад пустазелля ядамі, – гаворыць Сяргей Каласей, акідаючы ўважлівым позіркам бязмежнае поле. – А раней у застаўскай брыгадзе іх сеялі 30 гектараў, і ўсю плошчу жанчыны павінны былі прапалоць уручную. Спачатку гаспадарка абыходзілася сваімі сіламі, але ж надыйшоў момант, калі і на буракі, і на пераборку бульбы давялося наймаць людзей з Украіны. І сапраўды, да кожнага чалавека брыгадзір павінен быў знайсці ўласны падыход. Брыгада ўзбуйнілася: да Застаўя далучылі маю родную вёску Закляценне…

Аднойчы здарылася так, што Сяргею Мікалаевічу давялося прыняць на сябе і абавязкі галоўнага агранома. Праўда, гэтая старонка ў яго працоўнай біяграфіі была непрацяглай.

– У вёсцы ўсё навідавоку. Людзі бачаць, наколькі ў цябе атрымліваецца спраўляцца з ускладзенымі абавязкамі. Калі ўжо застаўся ў вёсцы, вырашыў працаваць тут – дык трэба любіць зямлю, тады і справа будзе ладзіцца. Сучасная моладзь адразу заяўляе: “Мы прыйшлі ў калгас на адпрацоўку.” Праца на зямлі з такім падыходам – марная трата часу, – перакананы Сяргей Мікалаевіч.

Шмат у яго розных грамат. Кожнай селянін ганарыцца. Вось і на ўрачыстым сходзе з нагоды прафесійнага свята летась старшыня райвыканкама Юрый Дзядзюк уручыў Каласею яшчэ адну, раённую. На справаздачным сходзе ў лютым старшыня СВК “Бездзеж-Агра” Віктар Састраўчук, паціскаючы руку Сяргею Мікалаевічу, пажадаў, каб усе ў гаспадарцы бралі з яго прыклад.

– Атрымліваць узнагароды, вядома ж, прыемна, – згаджаецца селянін. – Але ж куды больш важна, каб ураджайнасць была добрая. Памятаю, як у нашай застаўскай брыгадзе збожжавыя зарадзілі ў сярэднім па 48,7 цэнтнера з гектара. Вось гэта радасць: назіраць, як з бункера камбайна залатым струменем сыплецца зерне ў кузаў машыны, альбо як адзін за адным  ад’язджаюць з поля гружоныя салодкімі карэннямі аўтамабілі…

У цэнтры ўвагі – цукровыя буракі

У аўторак на базе СВК “Асіпавічы” старшыня райвыканкама Юрый Дзядзюк і начальнік райсельгасхарчу Сяргей Пачко правялі  з кіраўнікамі, галоўнымі аграномамі і галоўнымі інжынерамі сельгасарганізацый нараду па пытаннях сяўбы цукровых буракоў.

Сёлета салодкія карэнні зоймуць у гаспадарках раёна 1 900 гектараў. Менавіта СВК “Асіпавічы” плануе засеяць самую вялікую плошчу – 350 гектараў. На момант правядзення нарады сеялкі вывелі на палі ўсе гаспадаркі, за выключэннем КСУП “Гутава” і СВК “Імянінскі”.  А СВК “Асавецкі” паспеў ужо і закончыць работу: пры плане 140 гектараў на яго землях цукровыя буракі былі пасеяны на 153 гектарах. Першасную ролю ў такой аператыўнай сяўбе адыграла забяспечанасць гаспадаркі пад поўную патрэбнасць сродкамі хімабароны, якія ўносяцца ў глебу. На жаль, у іншых гаспадарках з-за фінансавых праблем сітуацыя складваецца не так проста.

Удзел у семінары прынялі рэгіянальны прадстаўнік фірмы КВС Міхаіл Паўловіч і спецыяліст па аграсэрвісу гэтай жа фірмы Мікалай Лук’янюк. Кіраўнікам гаспадарак і галоўным спецыялістам былі прадэманстраваны настройка агрэгатаў для перадпасяўной апрацоўкі глебы, настройка і рэгуліроўка бураковай сеялкі. Увага аграрыяў была звернута на асаблівасці апрацоўкі глебы перад сяўбой цукровых буракоў менавіта ва ўмовах сёлетняй вясны, ранняй, але сухой.

Па разліках сельгасвытворцаў, пасеяць цукровыя буракі ўдасца ў аптымальныя тэрміны.

Ніна ТКАЧУК

Фота Івана ЛЯОНЧЫКА

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Яркое открытие елки в Дрогичине: праздник для всей семьи

В Дрогичине прошло торжественное открытие главной новогодней елки, которое...

Кедми: “Орешник” делает немыслимыми любые угрозы безопасности Беларуси

"Орешник" делает немыслимыми любые угрозы безопасности Беларуси. Такое мнение...

Пожар в Дрогичине: работники МЧС спасли хозяина квартиры

Вчера вечером спасателям сообщили о пожаре в квартире на...

Дрогичинским РОВД проводится комплекс профилактических мероприятий

Дрогичинский РОВД информирует о начале комплекса профилактических мероприятий, направленных...