І хаця прысутнасці матухны Зімы сёлета ў нашых мясцінах амаль не адчувалася, драгічынцы вырашылі не парушаць традыцыю і ў нядзелю ўсё ж спалілі яе чучала на цэнтральным гарадскім рынку.
Шкварчэлі на патэльнях падобныя на сонейка блінцы. Повары районнага спажывецкага таварыства ў белых халатах і прыгожых белых каўпаках прапаноўвалі іх пакупнікам з любымі начынкамі. У празрыстым ранішнім паветры расплываўся прыемны водар шашлыкоў. З розных куточкаў раёна з’ехаліся ў Драгічын на свята Масленіцы самадзейныя артысты. Музыка і песні ў выкананні салістаў і творчых калектываў луналі над рынкам.
Калі ж падышла пара запаліць чучала Зімы, за рукі ўзяліся дзетвара і дарослыя, акружылі яго дружным карагодам. Прырода нібы адчула намаганні людзей і падпарадкавалася іх жаданню. Разышліся на небе хмары, і яркім блінцом заззяла сонейка.
Бывай, Зіма! Прывітанне, Вясна-прыгажуня!
Ніна ТКАЧУК
Фота Івана ЛЯОНЧЫКА