Мінула звыш 40 гадоў з таго чаму, як першыя экскаватары і магутныя бульдозеры абудзілі векавыя балоты вакол вёскі Малінаўка. Тут, непадалёку ад яе галоўнай вуліцы, у прывезеных вагончыках размяшчаўся меліярацыйны ўчастак № 4 ПМК-3. Першым прарабам на ўчастку быў малады інжынер-гідратэхнік П.І.Бярнадскі.
І вось 23 мая бягучага года ў мясцовым клубе сустрэліся ветэраны-кіраўнікі тых далёкіх, незабыўных гадоў, ветэраны працы, настаўнікі, моладзь. На сустрэчу прыехалі былы начальнік ПМК-3 Д.П.Данілаў, спецыялісты былога калгаса “Савецкая Беларусь” А.А.Грышкевіч, А.А.Крывецкі, В.Д.Шэдзька, а таксама былы галоўны заатэхнік гаспадаркі А.І.Сухарэвіч, які цяпер жыве і працуе ў Маларыцкім раёне.
На жаль, не змог прыехаць у Малінаўку першы прараб меліярацыйнага ўчастка П.І.Бярнадскі. Праўда, ён прыслаў тэлеграму наступнага зместу: “Паважаныя калегі і таварышы. Вельмі шкадую, што няма магчымасці сустрэцца і абняць кожнага з вас на малінаўскай зямлі. Шчыра віншую вас з надыходзячым святам – Днём меліяратара, добрага ўсім здароўя, поспехаў у жыцці”.
Удзельнікі сустрэчы абмяняліся думкамі аб мінулым і сучасным, аб тым, як склаўся лёс кожнага пасля працы ў Малінаўцы. Даволі цікавым і змястоўным было выступленне Д.П.Данілава, які падрабязна расказаў аб справах меліяратараў у тыя далёкія гады, аб тым, як яны выконвалі планавыя заданні.
У канцы сустрэчы ўсе наведалі помнік загінуўшым партызанам на мясцовых могілках, былую базавую школу, ФАП.
Пётр ПАДЛУЖНЫ,
наш няштатны карэспандэнт.