Закончыўся трэці квартал 2014 года. Паўсюдна падводзяцца вынікі работы за гэты перыяд. Што тычыцца галіны жывёлагадоўлі, то пахваліцца тут няма чым. У раёне па-ранейшаму дапушчаны спад вытворчасці прадуктаў ферм. Аналізуючы шматлікія лічбы, прыходзіш да высновы, што ў некаторых гаспадарках змірыліся з адставаннем і ніякіх канкрэтных мер і захадаў для паляпшэння сітуацыі не прымаюць.
Каб не быць галаслоўнымі, прывядзем некаторыя лічбы і факты. За 9 месяцаў бягучага года жывёлаводы Драгічыншчыны рэалізавалі на 100 гектараў сельгасугоддзяў 601 цэнтнер малака і 80 цэнтнераў мяса. Гэта адпаведна 99 і 98 працэнтаў да аналагічнага мінулагодняга перыяду. А надой малака ад кожнай каровы знізіўся на 77 і склаў 3258 кілаграмаў.
Асабліва крытычнае становішча з вытворчасцю малака ў СВК “Аляксеевічы-Агра”, “Радавецкі”, “Ліпніцкі”, племзаво-дзе “Заказельскі”, дзе ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 100 гектараў сельгасугоддзяў рэалізавалі толькі 73–89 працэнтаў прадукта. Пэўную колькасць сырадою недаатрымалі і ў такіх сельгасарганізацыях, як СВК “Агра-Дзеткавічы”, “Асіпавічы”, “Пенякова” і райаграсэрвіс.
Што тычыцца надояў малака ад кожнай каровы, то яны знізіліся ў 10 гаспадарках. Так, у Закозелі ад буронкі ў параўнанні з леташнім недабралі 617 кілаграмаў прадукцыі, у Аляксеевічах – 435, у Ліпніках – 351 і ў райаграсэрвісе – 245 кілаграмаў.
З-за зніжэння вытворчасці малака раён не змог выканаць 9-месячнае заданне па пастаўках яго на прамысловую перапрацоўку. У выніку з пачатку года мы недадалі дзяржаве 3699 тон каштоўнай харчовай прадукцыі. Інакш і не магло быць, бо заданні рэалізавалі толькі 3 гаспадаркі: СВК “Асавецкі”, “Брашэвічы” і СВФ “Прыазёрны” камбікормавага завода.
І ўсё ж ёсць у нас гаспадаркі, якія ў галіне жывёлагадоўлі працуюць стабільна. У першую чаргу гэта СВК “Асавецкі” і “Імянінскі”. Так, напрыклад, у Осаўцах на 100 гектараў сельгасугоддзяў з пачатку года рэалізавалі 1697 цэнтнераў малака, а надой яго ад кожнай каровы давялі да 5613 кілаграмаў. З пэўнай прыбаўкай працуюць і імянінскія жывёлаводы.
Хочацца адзначыць станоўчую работу СВК “Брашэвічы” і СВФ “Прыазёрны” камбікормавага завода. У гэтых гаспадарках таксама ўзрасла вытворчасць малака. Рэалізацыя яго на 100 гектараў сельгасугоддзяў у параўнанні з леташнім павялічылася адпаведна на 12 і 16 працэнтаў, а надоі ад кожнай каровы павысіліся на 205 і 274 кілаграмы.
Дарэчы, не менш 80 працэнтаў сырадою нашы гаспадаркі павінны пастаўляць на нарыхтоўчыя пункты класам “экстра” і вышэйшым гатункам. Аднак складваецца ўражанне, што гэта непа-сільная задача для сельгасарганізацый. Аб гэтым сведчаць наступныя факты. За 9 месяцаў бягучага года з раёна на прамысловую перапрацоўку было дастаўлена 61,4 працэнта прадукцыі найвышэйшай якасцю – на 11,1 працэнта менш, чым у аналагічны мінулагодні перыяд.
У 10 гаспадарках сёлета знізілася якасць малака, а найбольш – у СВК “Бездзеж-Агра”, КСУП “Гутава”, СВК “Радавецкі” і “Брашэвічы”. З Гутава, напрыклад, з пачатку года на прамысловую пера-працоўку паставілі толькі 17,5 працэнта сырадою класам ”экстра” і вышэйшым гатункам – на 43,2 працэнта менш, чым у аналагічны мінулагодні перыяд.
Ніводнага літра малака класам ”экстра” не надаілі сёлета ў СВК “Бездзеж-Агра”, “Брашэвічы”, “Ліпніцкі”, “Радавецкі”, КСУП “Гутава” і племзаводзе “Заказельскі”. У гэтых гаспадарках, а таксама і ў СВФ “Прыазёрны” камбікормавага завода менш атрымалі і сырадою вышэйшым гатункам.
І толькі 3 нашы сельгаспрадпрыемствы (СВК “Асавецкі”, “Радастаўскі” і райаграсэрвіс) па выніках трох кварталаў вырашылі пастаўленую задачу: прадалі дзяржаве адпаведна 87,9, 87,2 і 81,4 працэнта малака найвышэйшай якасцю.
Як вядома, грошы ў касы гаспадарак паступаюць не за атрыманую, а за прададзеную якасную прадукцыю. Даво-дзіцца толькі шкадаваць, што ў большасці сельгасарганізацый не толькі не павялічылі вытворчасць малака, але і не палепшылі яго якасць. У выніку – мільярдныя страты рублёў, якія так неабходны для выплаты зарплаты, набыцця гаруча-змазачных матэрыялаў, правядзення розных работ, словам, для далейшага развіцця сельгасвытворчасці.
А цяпер спынімся на вытворчасці мяса. За 9 месяцаў яна ў параўнанні з леташнім склала 95 працэнтаў. Не выканана і заданне па рэалізацыі прадукцыі дзяржаве – нашы працаўнікі ферм недапаставілі на прамысловую перапрацоўку 604 тоны ялавічыны і свініны. І ў гэтым найперш віна такіх гаспадарак, як СВК “Аляксеевічы-Агра”, “Радавецкі”, “Ліпніцкі” і КСУП “Гутава”.
Сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе буйной рагатай жывёлы на адкорме ў цэлым па раёне склалі 554 грамы – на 7 грамаў менш, чым за 9 месяцаў мінулага года. Дарэчы, гэты паказчык знізіўся ў 10 гаспадарках, асабліва ў племзаводзе “Заказельскі”, СВК “Радавецкі”, “Аляксеевічы-Агра” і “Ліпніцкі”.
Скажыце, аб якіх інтэнсіўных тэхналогіях адкорму жывёлы можна гаварыць, калі сярэднясутачныя прыбаўленні бычкоў у СВК “Радастаўскі” склалі толькі 404 грамы, “Радавецкі” – 438, КСУП “Гутава” – 457 грамаў. У дбайных гаспадароў хутчэй свінні растуць.
Неўзабаве пачнецца самы адказны перыяд у жывёлагадоўлі – стойлавае ўтрыманне статка. І яго неабходна правесці на самым высокім узроўні, каб не дапусціць далейшага спаду вытворчасці прадуктаў ферм. Далей, як кажуць, ужо адступаць няма куды.
Практыка і вопыт перадавых гаспадарак сведчаць аб тым, што поспехі ў жывёлагадоўлі найперш залежаць ад трывалай кармавой базы. У нашых жа гаспадарках яна далёка не ўсюды ствараецца. І гэта асноўная прычына недабору прадукцыі.
Вельмі важна ў стойлавы перыяд выкарыстоўваць усе наяўныя рэзервы. Для гэтага кожны гурт жывёлы неабходна забяспечыць дастатковай колькасцю высокапажыўных кармоў. У абавязковым парадку рацыёны трэба абагачаць мікраэлементамі і рознымі іншымі дабаўкамі. І, вядома, нельга забываць пра людзей, для іх належыць стварыць самыя спрыяльныя ўмовы як для працы, так і для адпачынку.
У заключэнне хочацца адзначыць, што праблем у грамадскай жывёлагадоўлі раёна больш чым дастаткова. І іх у абавязковым парадку трэба вырашаць. На жаль, пакуль не дапамагаюць і розныя вытворчыя семінары, на якіх найперш прапагандуецца перадавы вопыт, а таксама інтэнсіўныя тэхналогіі гаспадарання. Між тым, у рэканструкцыі розных жывёлагадоўчых памяшканняў, будаўніцтва новых сучасных малочнатаварных комплексаў, як кажуць, укладзены баснаслоўныя сумы дзяржаўных сродкаў, а належнай аддачы няма. Відаць, настаў час рабіць сур’ёзныя вывады?
Аляксей ФЁДАРАЎ